Выстава дзіцячых твораў «Малюнкі на шпалерах»

1-14 чэрвеня 2015 года
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
(пр. Незалежнасці 37А)

1 чэрвеня а 18-й у галерэі «Ў» пад чароўныя мелодыі з кружэлак адбудзецца адкрыццё выставы дзіцячых твораў «Малюнкі на шпалерах», якая ёсць вынікам аўтарскага курса Сафіі Садоўскай «Баухаус».

unnamed

Цягам трох месяцаў дзеткі дазнаваліся пра мастацтва з кароткіх лекцыяў і ладзілі свой уласны дыялог з працамі вядомых мастакоў, беручы ўдзел у тэматычных майстар-класах. Тая частка экспазіцыі, якую вы ўбачыце, хлопчыкі і дзяўчынкі стварылі ўласнаруч пад кіраўніцтвам прафесійнай куратаркі Аксаны Жгіроўскай. Працоўная група праекта (Сафія Садоўская, Ірына Лукашэнка, Вольга Мжэльская, Паліна Сей) падрыхтавала шэраг майстар-класаў для дзетак 7-12 гадоў, дзе б яны змаглі ў даступнай форме даведацца аб гісторыі сучаснага мастацтва, а таксама навучыцца выражаць свае ідэі, выкарыстоўваючы разнастайныя матэрыялы і тэхнікі прыкладной творчасці.

У якасці базавай адукацыйнай асновы працоўная група абрала педагагічныя ідэі вядомай школы дызайна і архітэктуры «Баухаус».

Школьныя праграмы па выяўленчым мастацтве ўціскваюць дзетак у рамкі, якія не надта адпавядаюць патрэбам узросту. У дадатак педагогі вымушаныя ацэньваць працы, малюнкі, якія немагчыма і няможна ацэньваць. Часта ацэньванне і адзнакі хутчэй адбіваюць усякае жаданне браць пэндзаль у рукі. У гэтым узросце важнае не столькі ўмельства выбудаваць кампазіцыю, ці абраць колеры або рэалістычна выявіць аб’ект. Каштоўнасць працы не ў канчатковым выніку, а ў самім працэсе стварэння.

Што маляваў малы Пікаса на шпалерах? Ці ляпіў пясочныя кулічыкі Радэн? Калі Клее ўпершыню ўзяў у рукі аловак? Гэтыя гісторыі не захаваліся ў архівах, але паўтараюцца ў жыцці кожнага без вынятку чалавека. Маляваць для дзетак гэтаксама натуральна як пачаць хадзіць, размаўляць і лазаць па дрэвах — гэта форма пазнання свету.

«Баухаус» быў абраны тэмай курсу дзякуючы адметным адукацыйным напрацоўкам некаторых педагогаў гэтай школы. У прыватнасці, практыкаванні Ёганэса Ітэна, якія спрыяюць не толькі развіццю навыка візуальнага ўспрымання але і развазе аб яго сутнасці, якая не заўжды бачная воку. Як казаў Паўль Клее: «Мастацтва не выяўляе бачнае, але робіць бачным». На працягу года мы вучыліся глядзець і бачыць карціны розных матсакоў, шукалі сэнсы і крыніцы натхнення. Дзеці даследвалі розныя тэхнікі і тэмы. У нашыя задачы як педагогаў уваходзіла не навучыць дзетак маляваць, а абудзіць у іх жаданне ствараць і быць адчувальнымі да твораў вялікіх мастакоў і сваіх прац.

У межах выставы 6 і 7 чэрвеня пройдзе дзіцячы экалагічны фэст «Зялёны weekend», зладжаны таварыствам «Зялёная сетка». Цягам двух дзён у галерэі адбудуцца разнастайныя тэматычныя лекцыі, паказы мультфільмаў і кінастужак, багата захапляльных творчых майстар-класаў.

Падпісвайцеся на старонку Дзіцячых Творчых Майстэрняў Галерэі «Ў», каб заўсёды атрымліваць свежую інфармацыю пра майстар-класы, дзіцячыя святы і не толькі.

Галерэя «Ў» выказвае ўдзячнасць Кнігарні ЛогвінаЎ за дапамогу ў падрыхтоўцы тэкста да выставы.

unnamed-2


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology