Фіналістка «Заспявай 2.0» Валерыя Дэле выступіць разам з ili-ili

28 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 выступіць Валерыя Дэле, а госцем будзе гурт ili-ili, у склад якога ўваходзяць акторы Купалаўскага тэатру Міхась Зуй, Зміцер Ясеневіч і Павел Яскевіч.

dele1

Валерыя Дэле

20-гадовая Валерыя Дэле нарадзілася і вырасла ў Беларусі, а прозвішча ёй дасталося ад бацькі, які паходзіць з Эфіопіі. Пасля сканчэння школы яна зацікавілася сучаснай беларускай музыкай. Прызнаецца, што яе першая любоў – песня «Канюшня» у выкананні :B:N:. Пасля таго, як Валерыя патрапіла на «Спеўны сход», які ладзіць Сяржук Доўгушаў з гурта Vuraj, яна адкрыла для сябе багацце беларускага фольку. Асабліва зачаравалася песняй «Усе лугі», якую пачула ў выкананні гурта Kriwi. «Гэтую песню я марыла заспяваць ужо даўно, таму пачуўшы пра «Заспявай 2.0», адразу вырашыла, што буду прымаць удзел. Я папрасіла маіх сяброў-капаэйрыстаў мне дапамагчы і ў выніку у нас атрымаўся нейкі беларуска-бразільска-ўсходне-афрыканскі мікс. Запіс, вядома не ідэальны, але ён стаў увасабленнем маёй мары зрабіць гэтую песню». У выніку з сваёй версіяй песьні «Усе лугі» Валерыя патрапіла ў фінал «Заспявай 2.0» у намінацыі «Кавер».

У фінальнай серыі канцэртаў «Заспявай 2.0» Валерыю Дэле падтрымае сваім выступам гурт ili-ili. Трыё актораў Купалаўскага тэатру ўзяла ў падмацоўку жывую рытм-секцыю, каб стварыць адзін з самых магутных і рамантычных альбомаў апошніх год у беларускай музыцы пад назвай «list», куды ўвайшлі такія песні як «Танчыць», «Сэрцы», «Будзе як будзе». Гурт сыграе ў гэты вечар свае галоўныя хіты і пакажа зусім новыя творы.

ili

ili-ili

Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Заспявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртанне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 еўра.

Набыць квіткі на канцэрт Валерыі Дэле і ili-ili – http://www.kvitki.by/ru/event/27653

28.08. 20.00. Тэраса кавярні Chill-Out (плошча Свабоды, 4). Валерыя Дэле і гурт ili-ili. Квіткі – у касах Kvitki.by і он-лайн. Кошт 60 000 – 80 000 (папярэдне), 100 000 (у дзень, пры наяўнасьці). Інфалінія: +375296768195.

dele


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology