Жадан пераспяваў Вольскага для праекту «Global Reload»

Сумесны праект «Global Reload», задуманы кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і парталам Tuzin.fm, папоўніўся новай песняй. Рок-зорка ўкраінскай паэзіі Сяргей Жадан і харкаўскі ска-панк гурт «Собаки в космосі» пераасэнсавалі па-ўкраінску песню гурта «Мроя».

zhadan13

Музыкі выбралі знакамітую песню «Рок-музыкант» аўтарства Лявона Вольскага і Ўладзіміра Давыдоўскага. «Я папрасіў калегаў па гурце выбраць штосці, што ім спадабаецца з творчасці “Мроі”. Бо “Мрою”, N.R.M. ды іншыя праекты Вольскага я слухаю і люблю даўно. Не хацеў нічога навязваць, а хлопцы выбралі вось такую песню, якую захацелі зрабіць па-свойму», – распавядае Сяргей Жадан, які перакладаў вершы Лявона Вольскага для анталогіі беларуска-украінскай паэзіі, а ў 2000 годзе нават зладзіў канцэрт беларускага музыкі ў Харкаве.

Песня «Рок-музыкант» ужо гучыць на выступах гурта «Собаки в космосі» і вельмі добра ўспрымаецца публікаю. Жадан прадстаўляе яе, як «песню мужчын, якія ведаюць, што яны хочуць рабіць і маюць, што адказаць на любыя закіды датычна сваёй жыццёвай пазіцыі». Яна ўвайшла ў праграму «10 праведників», з якой гурт канцэртуе сёлета па Еўропе.

zag

Жадан і «Собаки» працягнулі праект «Global Reload». Яго сэнс у тым, каб музыкі з розных краінаў свету выканалі песні на словы беларускіх паэтаў на сваёй мове. Амерыканец Карл Фрыерсан, вакаліст нямецкай групы De Phazz, заспяваў па-ангельску песню на словы Анатоля Сыса, у выкананні гурта Karpatt з Парыжу ўпершыню па-француску загучаў Уладзімер Караткевіч. А вось лідар «Машины времени» Андрэй Макарэвіч вырашыў заспяваць сваю песьню «Сьнег» па-беларуску.

Спасылка на песню – https://soundcloud.com/tuzinhitou/zhadan

Інтэрв’ю Сяргея Жадана з нагоды прэм’еры – http://budzma.by/budzma/zhadan-pyeraspyavaw-volskaha-premyera.html


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology