Адкрыццё выставы Настассі Колас «Натуральныя прычыны»

12.11.2015 — 06.12.2015
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37 А)

Настасся Колас. Натуральныя прычыны

У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца выстава Настассі Колас «Натуральныя прычыны». Як у сваіх працах наогул, так і ў стварэнні гэтай канкрэтнай экспазіцыі мастачка ўжывае сучасныя медыі і прынцып калажу.

Print

 

Гэта сінтэтычны праект, які ўключае ў сябе інсталяцыі і відэа-творы. Яго адпраўным пунктам паслужыў сямейны архіў, пашкоджаныя дакументальныя стужкі Настассінай бабулі, кінарэжысёра Алены Колас — своеасаблівыя мнеманічныя сямейныя рэчы, якія Настасся выкарыстоўвае як рэдзі-мэйд. У сваёй працы яна разважае над зніклівасцю ўсяго матэрыяльнага, над часовай сутнасцю любога архіву.

Сярод галоўных пытанняў праекту «Натуральных прычын»: Як з дапамогаю тэхналогіяў ці інтэрпрэтацыі гісторыя можа быць змененая, перапісаная, дапоўненая? Як можна знайсці раўнавагу паміж катэгорыямі самасці, памяці, цяперашняга, будучага, інавацыяў і прадуктыўна ўзаемадзейнічаць з гісторыяй?

Настасся Колас нарадзілася ў 1980 годзе ў Мінску, жыве ў Нью Йорку.

Мастачка інтэрдысцыплінарнага кірунку, працуе ў жанры відэа- і аўдыаінсталяцыі.

Скончыўшы Беларускі рэспубліканскі каледж мастацтваў і Універсітэт Раерсана ў Таронта, Анастасія распачала кар’еру ў модзе. Некалькі гадоў працавала ў Парыжы і Лондане, а ў 2008 пераехала ў Нью-Йорк, дзе і засяродзілася на працы ў сферы мастацтва і новых медыяў. Анастасія з’яўляецца кандыдатам на магістарскую ступень у Bard College Milton Avery School of The Arts. Выстаўлялася на Loop Video Art Festival у Барселоне, Forest Fringe у Эдынбургу, Anthology Film Archives і NEWD Art Show у Нью-Йорку.

«Натуральныя прычыны» яе першая персанальная выстава.

Адкрыццё: 12 лістапада а 19.00.

14 лістапада — сустрэча з мастачкай і экскурсія па выставе

20 лістапада — праца з архівамі: прэзентацыя і лекцыя.

Сачыце за праграмай мерапрыемстваў на нашай старонцы

Галерэя і мастачка ўдзячныя за падтрымку Канадскаму Савету па справах мастацтваў, які ў мінулым годзе інвеставаў 153 мільёны даляраў на распаўсюд мастацтва канадцаў лакальна і інтэрнацыянальна.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology