ПАРТРЭТ ШМАТКРОТНЫ: ЯШЧЭ РАЗ ПРА ВІТКЕВІЧА

«Шкарлупіна майго цела не можа вытрымаць агню майго духу», — напісаў Станіслаў Ігнацы Віткевіч незадоўга да сваёй смерці. У апошнія гады жыцця ён цяжка перажываў сваё хуткае старэнне. У любімца жанчын і душы кампаніі з’явіўся жывот, парадзелі зубы, валасы, пачаў страчвацца слых і зрок. Хоць яму і было крыху за 50. Прынята лічыць, што Віткацы не змог перажыць уварванне Саветаў у Польшчу, але сотні ягоных аўтапартрэтаў і вобразаў — сведчанні іншых прычын, якія паўплывалі на прынятае ў Валынскім лесе рашэнне.

Выстава з немудрагеліста-энцыклапедычнай назвай «Фотаздымкі Станіслава Ігната Віткевіча „Віткацы“ (1885—1939)», у якую ўвайшло 28 прац майстра, стала сапраўдны каштоўным упрыгожваннем «Месяца фатаграфіі ў Менску».

DSC00967

Экспазіцыя выставы ў Менску

Праўда, на жаль, гэта нельга назваць рэтраспектывай — арганізатарамі быў абраны даволі сціплы фармат: у малюсенькай залі Музея сучаснага мастацтва даволі проста і няхітра віселі геніяльным фатаграфіі. Хоць Віткевіч — адзін з нямногіх мастакоў, чые працы складана сапсаваць адсутнасцю выставачнай канцэпцыі, экспазіцыйных рашэнняў альбо фігуры куратара. Дзясяткі пляцовак штогод дэманструюць здымкі Віткевіча, ягоныя фатаграфіі становяцца самымі дарагімі лотамі аўкцыёнаў, і нягледзячы на тое, што творца больш вядомы як драматург, пісьменнік і філосаф, пан Станіслаў быў геніяльным інаватарам у тым ліку і ў гэтай зусім новай галіне мастацтва.

Станіслаў Ігнацы Віткевіч, поўны цёзка свайго бацькі, з-пад уплыву якога спрабаваў збегчы ўсё жыццё, нарадзіўся ў Варшаве на зыходзе ХІХ стагоддзя. Існуе пэўная колькасць кніг, артыкулаў і версій ягонай біяграфіі: Віткевіч з тых мастакоў, што зрабілі драматычны твор са свайго ўласнага жыцця, а ягоныя фатаграфіі сталі выдатнымі ілюстрацыямі да кожнага ягонага перыяду.

Ён стаў фатографам па іншы бок аб’ектыва, прапанаваў гледачу тое, на што яшчэ ніхто не наважваўся — прэпараваць асабістае жыццё, капацца ў ягонай інтымнасці, сачыць за падзеннямі.

Думаю, каб Станіславу Ігнацыю была даступная відэакамера, ён стварыў бы першае і лепшае рэаліці-шоу. Няцяжка ўявіць і колькасць падпісчыкаў «Інстаграма» такога аматара сэлфі. Віткевіч ужо ў пачатку стагоддзя выкарыстаў фатаграфію адно як медыум, не ішоў у яе на прывязі, не падпарадкаваў сябе ёй, а фотакамеру — сабе.

1

Станіслаў Віткевіч у Татрах, 1930, фотаздымак верагодна зроблены Edward Strążyński, з калекцыі Ewa Franczak і Stefan Okołowicza.

На выставе ў Музеі сучаснага мастацтва паміж аўтапартрэтамі Віткевіча знятыя ім сябры: Браніслаў Маліноўскі, Тадэвуш Лангер, нявеста Ядвіга, далёкая сваячка па мячы. Некалькі фатаграфій пры ўдзеле Станіслава паказваюць бесклапотнае жыццё багемы: там і Бруна Шульц, і прыгажуня, якой Віткацы жартаўліва робіць ін’екцыю парасонам. Цяжка паверыць, што ягоная смерць будзе трагічнай, а жыццё, нягледзячы на гэтыя здымкі, яшчэ трагічней.

Ён запачаткаваў тэндэнцыю, нават не мяркуючы, што праз сотню гадоў мы ўсе будзем старацца захоўваць і паказваць у сацсетках сваё бліскучае шчаслівае жыццё, перажываючы пры гэтым сіндром скрыўленай рэальнасці імя Марка Цукерберга.

У цэнтры экспазіцыі — партрэт шматкротны, іканаграфічная праца ў гісторыі польскай фатаграфіі. Партрэт, зроблены Віткевічам падчас службы ў Санкт-Пецярбургу — гэта шматразовая праекцыя сябе ў люстэрках. Цікава, што ў падборку работ да выставы ўвайшла ранняя «Калапс пры лямпе». Тэарэтык і гісторык фатаграфіі Уршуля Чартарыйская піша: «Святло ён выкарыстаў, каб экспрэсіўна падкрэсліць дэталі ў фатаграфіі, на якой твар зусім блізка да газавай лямпы і як бы рассякае яе бляскам. Фота гэтае перадае стан засяроджаны і нібы хваравіты». Крытык Адам Мазур у нарысе пра гэты фотаздымак піша: «Пра гэтыя засяроджанне і боль здагадаўся і бацька мастака, які, убачыўшы адпраўленыя яму для ацэнкі здымкі, вылучыў менавіта гэты з усёй серыі. А ў лісце ад 1 жніўня 1913 года назваў „калапсам пры лямпе“». Назва «калапс» адносіцца, верагодна, да душэўнага стану Станіслава, захопленага няшчасным раманам з Ірынай Сольскай. Дарэчы, у той жа час Віткацы стварае свой першы раман «622 падзення Бунга, або Дэманічная жанчына».

witkacy_kolaps_przy_lampie_autoportret_zakopane_1913

Станіслаў Віткевіч. «Калапс пры лямпе», 1913, Muzeum Tatrzańskiego w Zakopanem

Яшчэ крытыкі пішуць, што Віткевіч ніколі не паказвае сваёй рэальнага асобы, што ён заўсёды апранаецца ў кагосьці, падбірае грымасы: так лёгка мы можам прапусціць сапраўдны твар мастака. Можа быць, на фатаграфіі, дзе ён сціскае ў роспачы скроні двума рукамі, — гэта ён сапраўдны? А можа, ён сапраўдны, калі зусім юны побач з бацькам, здаецца, строга выпраўляе позіркам сваю будучыню? А мо ў недарэчным капелюшы амерыканскага мільянера альбо ў акулярах пілота? Віткацы прымярае на сябе не толькі адзенне, грымасы, абліччы асоб, але і сам лёс; ён спрабуе сам сабе давесці — а што будзе, калі так? Калі я ўцяку за акіян, у сытую Амерыку, ці пачну гаспадарыць на вёсцы? А як вы знаходзіце маю прафесію лётчыка альбо святара? Ён эпатуе публіку адно на першы погляд, а пры іншым — у люстэрках адбіваецца ўсё той жа Віткевіч, у адным целе чалавека, выдзеленым роўна на столькі, колькі хопіць на адно жыццё.

Многія версіі зводзяцца да таго, што Віткацы пакончыў з сабой, калі даведаўся пра пачатак Другой сусветнай вайны ды зразумеў, што ад Саветаў не ўцячы і што Польшчу будуць дзяліць. Гісторыкі і даследчыкі ўпісалі ягоную асобу ў кантэкст сусветнай гісторыі, забыўшыся, што такія асобы самі ствараюць гісторыю. Не, Віткацы разрэзаў сабе вены ў Валынскім лесе, поруч з ачмурэлай ад парашку палюбоўніцай не таму. Ён вырашыў так з той жа прычыны, з якой рабіў дзясяткі сваіх партрэтаў і настойваў на здымках яго з сябрамі:

Віткацы баяўся стаць старым, самотным, непатрэбным, хворым і няздольным маляваць і пісаць. Баяўся знікнуць.

 

Экспазіцыя выставы ў Менску

Экспазіцыя выставы ў Менску

«Месяц фатаграфіі ў Менску», Польскі інстытут і Музей сучаснага мастацтва, адкрываючы гэтую выставу, паспрабавалі зрабіць так, каб для беларускага гледача тое не здарылася.

Арына Радзівонава

Фатаграфіі: А. Радзівонава

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology