Re1ikt зняў сонечны кліп у ангары пад Менскам

Беларускі фолк-рок-гурт Re1ikt выпусціў музычнае відэа да кампазіцыі «Зрушаны свет» з альбома «Лекавыя травы».

re1ikt_clip_1

«Людзі, якія паглядзелі кліп, параўноўваюць яго з «Smells Like Teen Spirit» гурта Nirvana – тая ж замкнёная прастора і музыкі, якія выяўляюць свае эмоцыі. Аднак пасыл гэтага роліка вельмі просты: унутраная добрая энергетыка здольная асвятліць нават такое месца, дзе няма сонца», – тлумачыць лідар Re1ikt, бубнач Аляксандр Дземідзенка. Дзея роліка разгортваецца ў ангары, дзе ў цемры, сілкуючыся сілай музыкі, адраджаецца жыццё і прарастаюць дрэвы.

«У той жа час «Зрушаны свет» дапамагае убачыць гурт такім, які ён цяпер, бо, на жаль, не кожны наш слухач (напрыклад, калі ён з далёкай краіны) можа патрапіць на канцэрт Re1ikt і апынуцца ў нашай атмасферы», – дадае Аляксандр. Здымкі кліпа прайшлі на складзе пад Мінскам. Рэжысёрам роліка выступіў Аляксандр Дземідзенка, аператарам – Віталь Наркевіч, які таксама рабіў мантаж і займаўся постпрадакшанам роліка.

Раней музыкі абяцалі выпусціць тры кліпы на падтрымку альбома «Лекавыя травы», рэліз якога адбыўся на лэйбле «Вігма» 21 кастрычніка. Вялікая канцэртная прэзентацыя «Лекавых траў» пройдзе ў сталічным клубе Re:Public 7 снежня.

Re1ikt – беларускі гурт, які працуе ў напрамках progressive rock, post-rock і alternative rock. Каманда спалучае іх з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, які творча пераасэнсоўвае і робіць актуальным для сучаснага слухача. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology