Ангела Эспіноза, беларускамоўная іспанка, прэзентуе сваю кнігу 21 лістапада

Анхела Эспіноса Руіз, іспанка, якая размаўляе па-беларуску, прэзентуе сваю кнігу вершаў «Раяль ля мора» у Мінску 21 лістапада.

Angela_presentation_book

Прэзентацыя адбудзецца ў межах праекту «Саўндчэк» у прасторы «Арт Сядзібы». Адрас: пр. Незалежнасці, 58, гандлёвы цэнтар «Маскоўска-Венскі», 4-ты паверх (у правым пад’ездзе ёсць ліфт), пакой 430. Уваход бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная, запісацца на сустрэчу варта ў адмысловай суполцы Ўкантакце.

Студэнтка Ангела Эспіноза з Малагі ніколі не была ў Беларусі, вывучыла мову па падручніках з інтэрнэту і выдала кнігу беларускіх вершаў «Раяль ля мора». А ва ўнівэрсітэце Гранады яна арганізавала курсы «Мова Нанова» для трох іспанскіх студэнтак. Ангела вядзе блог пад назвай «Іншаземка, якая піша па-беларуску». Аўтарка так вольна і правільна гаворыць па-беларуску, як ня можа большасць выпускнікоў беларускіх школ. Гэтага яна дамаглася ўсяго за два апошнія гады.
У сваім інтэрв’ю для радыё Свабода Ангела так акрэсліла свае стасункі з беларускай мовай, — «Я зразумела адразу, што каб зразумець беларускую культуру, гісторыю Беларусі, зразумець, што адбываецца ў Беларусі, тэрмінова трэба ведаць беларускую мову. Я пачала вучыць, і для мяне гэта было відавочна. Для мяне гэта факт! Трэба дыхаць, таму што памрэш, калі ня дыхаць. Трэба ведаць беларускую мову, калі хочаш жыць у беларускай культуры».

Angela_presentation
Праект «Саўндчэк» (SoundCheck) — гэта сустрэчы за кавай або гарбатай з цікавымі творчымі людзьмі, з якімі карысна паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы. Гасцямі выступаюць культурныя дзеячы, аўтары паспяховых праектаў і проста людзі, якія натхняюць.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology