pARTisan #29: даць голас «адсутным»!

Мы радыя прэзентаваць новы нумар альманаха «pARTisan», прысвечаны розным ідэям і стратэгіям інтэлектуальнага і мастацкага супраціву ва ўмовах выклікаў сучаснасці.

cover_29

На вокладцы: са спектаклю «У нас усё добра», рэж. Гж. Яжына. Тэатр «ТР-Варшава» (Польшча)

Адкрывае нумар прамова швейцарскага пісьменніка Лукаса Бэрфуса (у перакладзе Ірыны Герасімовіч), які факусуе ўвагу на тым, што сёння найгалоўнейшай задачай мастака ў шырокім сэнсе ёсць даваць голас тым, хто яго не мае, рабіць бачнымі «адсутных», такім чынам утвараючы шматгалоссе, з якога і складаецца наш свет.

Тэму працягвае Ганна Мядзведзева, нашая госця з Украіны, якая распавядае пра ўнікальную дзейнасць Фонду «Ізаляцыя. Платформа культурных ініцыятываў»: «Мы сапраўды знаходзіліся ў „ізаляцыі“ — культурнай і сацыяльнай — і вырашылі, што ўжо нават праз нашую назву мы будзем супраціўляцца». Ганна Мядзведзева таксама прыняла ўдзел у дыскусіі «Інтэлектуальны супраціў: новыя стратэгіі», якая адбылася ў Менску ў верасні і ў якой удзельнічалі Андрэй Лянкевіч, Ірына Герасімовіч, Аляксандр Сарна. Тэкст дыскусіі шукайце ў нумары: «У гэтым сэнсе стратэгія малых справаў і праца з лакальным кантэкстам мне здаюцца першаснымі, проста таму што мы дзейнічаем менавіта тут і цяпер» (А. Лянкевіч).

Снимок экрана 2015-11-29 в 14.46.20

Альміра Усманава прапануе больш шырокую перспектыву і аналіз падзеяў і зменаў, якія адбываюцца ў свеце, выказваючы шмат правакатыўных ідэй і думак:

«Праблему нашай датычнасці да глабальнага можна „тэставаць“ даволі проста — задаўшыся пытаннем: што з таго, чым мы займаемся ці пра што гаворым тут і цяпер, з’яўляецца таксама актуальным для іншых прастораў?»

Валянцін Акудовіч, Сяргей Дубавец і Адам Глобус прапануюць свае візіі нацыянальнага і ягоны патэнцыял для сённяшняй Беларусі. А вядомая харвацкая пісьменніца Славенка Дракуліч у артыкуле «Як жанчыны перажылі посткамунізм (і не смяяліся)» дае гістарычную перспектыву феміністычнай хвалі ў посткамуністычных краінах.

Сваю серыю гутарак з мастакамі Міхаіл Гулін распачаў з літоўскім творцам Ёзасам Лайвісам, які вырашыў увогуле збегчы ад цывілізацыі і формай свайго «супраціву» абраў жыццё Гагена. У працяг тэмы нацыянальнага фатографка Вольга Савіч распавядае пра ўласны праект «Gene.By», што знаходзіцца на скрыжаванні традыцыйнага і актуальнага, Вольга Гапеева дзеліцца гісторыямі свайго дзяцінства, Адам Глобус працягвае даваць партрэты «сУчаснікам», завяршае тэму пераклад Віталя Воранава п’есы Сэмюэля Бэкета «Апошняя стужка».

Снимок экрана 2015-10-14 в 06.27.10

У гэтым жа нумары мы прэзентуем спецпраект, прысвечаны Году Тэатра ў Польшчы, што звязана з 250-тай гадавінай Нацыянальнага тэатра ў Варшаве. Юбілейным 2015-ты з’яўляецца і для Тадэвуша Кантара. У гэтым адмысловым выпуску мы паспрабавалі, наколькі тое магчыма, падаць гістарычную перспектыву польскага тэатра: пачынаючы з феномену Нацыянальнага тэатра ў Варшаве (Дарыюш Касінскі «Публічны тэатр — прытулак пад напружаннем») і важнасці публічных дыскусіяў наконт ягонай грамадскай місіі (Андрэй Масквін «Спрэчкі і дыскусіі вакол Нацыянальнага тэатра: 1990—1996») і заканчваючы тэндэнцыямі сучаснага польскага тэатра (Ганна Круліца «Тадэвуш Кантар і Піна Баўш: апантаныя мінулым», Крысціна Смольская «Нататкі пра польскі тэатр») і перфарматыўнымі практыкамі на прыкладзе праекта «Wielikopolska: Revolucija» (Агата Сівяк «Палітыка ўдзелу»). Спадзяемся, што такая панарама будзе здольная паказаць тую дынаміку, у якой знаходзіцца польскі тэатр сёння.

Снимок экрана 2015-11-22 в 09.39.34

Шукайце ў краме «Ў» і кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці, 37а, Менск)!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology