СТВАРАЦЬ НОВУЮ — НЕВЯДОМУЮ — БЕЛАРУСЬ

pARTisan #29’2015. Тарашкевіца

Калі мы разам з Алесем Анціпенкам на пачатку «нулявых» укладалі «Анталёгію сучаснага беларускага мысьленьня» [1], мы зусім ня мелі на мэце гэтай справай мацаваць падмуркі нацыянальнай ідэі як такой. Нашай дамінацыяй было ўвідавочніць паўставаньне дыскурсу беларускага мысьленьня ў самых розных праявах і канцэптах. Разам з тым можна гаварыць пра тое, што ўсё, што тады намі ініцыявалася — нават мэтафізыка, — было невідочна зьнітаванае з нацыянальнай ідэяй. Нязьмерная прага рэалізацыі беларускага праекту тут і цяпер паглынала нас цалкам. Такі быў час — і ён быў цудоўны!

05_STABILITY_NEVER_HAPPENED_Siarhiej Babareka_fragment

Сяргей Бабарэка. НІКОЛІ СТАБІЛЬНАСЬЦІ НЯ БУДЗЕ? 2011. Кош, Прамысловы кшталт, © Wanzl Model EL75 2010

Натуральна, гэта быў рамантычны праект, і ніякім іншым ён тады ня мог быць. Залішне зьнянацку ўсё старое абурылася ў друз. З усіх бакоў сьцюдзёныя скразьнякі — і ніякага часу на роздум. Трэба было тэрмінова хоць нечым атульваць узьніклую пустэчу. Што праўда, нейкая агульная праектная візія ўсё ж мелася. Тое, што на месца спарахнелай камуністычнай ідэі мусіла заступіць нацыянальная, прымалася быццам бы па азначэньні. Ужо хаця б таму, што так рабілася ўва ўсіх краінах былога Савецкага Саюзу. Але вось тое, што мы сьпехам за прыбалтамі й украінцамі ў аснову ўласнага нацыянальнага праекту паклалі ідэю Адраджэньня, было, як пакажа час, канцэптуальнай памылкай.

Нам трэба было не адраджаць (ад былога засталіся хіба адно цьмяныя прывіды), а ствараць новую, пакуль невядомую й нам самім, Беларусь. На жаль, яшчэ й сёньня той адраджэнскі фантом беспрытульна блукае ў сутарэньнях многіх галоваў і ніяк ня можа выблукаць на «ясную яву».

Асабіста я ўжо, пэўна, гадоў дваццаць спрабую давесьці паспалітаму людзтву, што ў аснову нашага нацыянальнага праекту можа быць пакладзеная толькі Беларуская дзяржава, паўсталая з модусу ўласнай краіны. Але ні ў якім разе гэты праект ня мусіць трымацца на этнічным грунце — і мове найперш. Мову саму трэба ратаваць (і ці яшчэ атрымаецца?), а мы прыдумалі, што яна выратуе беларускую нацыю як беларускую.

Зрэшты, словазлучэньне «можа быць пакладзена» я ўжыў неабачліва, паводле недарэчнай завядзёнкі інвалідаў Адраджэньня, якія ўсё спадзяюцца на больш спрыяльныя для іхнай ідэалёгіі часы… Ужо болей як 20 гадоў, ні ў кога не пытаючыся, Беларуская дзяржава штодня фармуе беларускую нацыю. Фармуе сваёй зьнешняй і ўнутранай палітыкай, сваімі дзяржаўнымі інстытутамі й грамадзкімі арганізацыямі, сваімі грашыма, турмамі, межамі й мытнямі, сваімі тэлеканаламі, стадыёнамі, парадамі й салютамі… Урэшце, сваім нефарматным Прэзыдэнтам і Міколам Статкевічам, якога гэты нефармат з уласнай сваволі колькі год трымаў у турме.

НАВЫПЕРАДКІ З СУЧАСНАСЬЦЮ БЕГАЦЬ БЕССЭНСОЎНА

Завітаўшы ў хоць якую царкву, вы ўмомант патрапіце ў жывую рэальнасьць амаль дзьвюхтысячагадовай даўніны. І, пэўна, будзеце захопленыя духовай раскошай мінуўшчыны. Але й бяз гэтай «машыны часу» няцяжка згадаць, што для некалькіх мільярдаў людзей па ўсёй зямной кулі й сёньня «царкоўная архаіка» ў пэрспэктыве экзыстэнцыйнага бытнаваньня куды больш актуальная за хоць якую супэрсучаснасьць. Дый увогуле, навыперадкі з сучаснасьцю бегаць бессэнсоўна, бо ніколі невядома, куды яна кіруе.

Калі насамрэч і варта сур’ёзна пра нешта турбавацца, дык гэта пра актуальнае, перадусім для цябе самога. І калі для мяне пранізьліва актуальныя Беларусь, яе нацыя, мова, літаратура, філязофія, то я гэтым і жыву, аніяк не пераймаючыся цывілізацыйным лідэрствам кагосьці ў другім канцы зямлі. А для чалавека сусьвету мае мітрэнгі зусім не актуальныя, і ён у сваім глябальным дыскурсе жыве нечым іншым. Што таксама цалкам нармальна. Дарэчы, габрэяў па ўсім сьвеце месьціцца ў колькі разоў болей, чым у Ізраілі, аднак апошнія з гэтага ніколькі ня меней заангажаваныя ў сваю бацькаўшчыну, чым хто яшчэ. Безумоўна, татальная глябалізацыя бязьмерна павялічыла ня толькі магчымасьці зьмены месца жыхарства, але й колькасьць людзей-намадаў, якія, што тыя качэўнікі, бяз стомы сноўдаюцца па ўсім сьвеце, зьмяніўшы бацькавую сялібу на бясконцае чаргаваньне гатэляў.

08_TVT(TV-Today)_Siarhiej Babareka

Сяргей Бабарэка. TV-Today (TVT) 2012. Мадальная скульптура, прыватны збор.

Аднак колькі б гэткіх анталягічных валацугаў ні прадукавала Беларусь нават у аддаленай пэрспэктыве, амаль напэўна заўсёды будзе хапаць і тых, каму найлепей будзе тут. Гэта значыць — тых, для каго Беларусь будзе той нябачнай царквой, сутва якой застанецца найбольш актуальнай — як іх экзыстэнцыйнаму бытнаваньню, так і (потым) анталягічнаму нябыту.

КРЫВАВЫ ПЭРЫЯД НАЦЫЯНАЛІЗМУ ЗБОЛЬШАГА ЗАВЕРШЫЎСЯ

Балканскія падзеі страшныя, аднак ці параўнаць іх з той бядой, якую нарабіў турэцкі нацыяналізм, зладаваўшы генацыд армянаў? Можна й яшчэ згадваць ды згадваць… Толькі навошта? Усе мы добра ўсьведамляем усю тую жудасьць, якую хавае цёмны бок нацыяналізму. Але пры ўсім пры гэтым дазвольце запытацца: а ці да зьяўленьня нацыяналізму народы былі больш міралюбнымі?

Горы з галоў, адсечаных потнымі хлопцамі Тамэрлана. Крыжовыя паходы дэбільных рыцараў на вытанчаны сьвет Блізкага Ўсходу. Прага хіжых іспанцаў, якія дзеля золата парэзалі, як скаціну, сотні тысяч ацтэкаў і тым самым паставілі крывавы крыж на гэтай унікальнай цывілізацыі. А Барталямэеўская ноч, а інквізыцыя, а… Ды што там даўным-даўно прамінулае. Яшчэ недалёка ад нас у бінарнай апазыцыі нямецкаму нацызму быў пралетарскі сталінізм, які людзям — калі лічыць на мільёны, — нарабіў бяды, горшай за нацызм… Карацей, калі мы злачыннасьць таясамім толькі з той ці іншай сацыяльна-палітычнай ідэалёгіяй альбо рэлігіяй, дык проста вызваляем сябе ад мужнасьці памысьліць зло як неад’емны чыньнік усіх цывілізацыйных рушэньняў.

04_FORBBIDEN FRUIT_Siarhiej Babareka

Сяргей Бабарэка. ЗАБАРОННЫ ПЛОД, 2012. Прыватны збор

На гісторыю чалавецтва нельга глядзець, ня сьціснуўшы зубы. Відаць, зло, як і будучыня, наканаванае нам да скону сьвету. Ісламскі фундамэнталізм, які сёньня ператварыў нашую цывілізацыю ў замінаванае поле, — яшчэ адно таму сьведчаньне.

Але калі зноў вярнуцца непасрэдна да нацыяналізму, дык, як на мой розум, ягоны пасіянарны (а значыць, і крывавы) пэрыяд ужо збольшага завершыўся, прынамсі на эўрапейскім кантынэнце. У прыклад згадаю хаця б цяперашняе цывілізаванае змаганьне за незалежнасьць каталёнцаў і шатляндцаў. Да таго ж досыць верагодна, што клясычны тып нацыяналізму пакрысе пачынае сябе вычэрпваць. Як я казаў раней і трохі зь іншай нагоды, у яго яшчэ доўгі век, але ўжо кароткая пэрспэктыва. Таму якраз дарэчы пачаць згадваць пра сьветлы бок нацыяналізму (нацыянальнай ідэі), які ў Новы час даў магутны імпульс для радыкальнага абнаўленьня спачатку эўрапейскіх народаў, а затым і народаў усёй зямной кулі.

Якая гэта велічная карціна — паўставаньне мноства нацыяў па ўсіх кантынэнтах! Калі пазначыць гэты рух у колерах і гуках, дык я параўнаў бы яго зь сьвяточным фаервэркам усясьветнага маштабу даўжынёй у два стагодзьдзі.

Гэтай патаснай рыторыкай, бадай, і слушна было б завершыць гэтыя кароткія нататкі. Але засталася непрагаворанай перасьцярога адносна небясьпечнай напружанасьці, якую можа справакаваць беларускі нацыяналізм. Хаця пакуль гэтая небясьпека, здаецца, ніяк не выяўлялася, калі не лічыць сьмешных закідаў дурнаватых падлеткаў стасоўна тых ці іншых нашых суседзяў. Аднак жа будучыня доўгая, і ўсялякае можа быць. Падзеі ва Ўкраіне наноў засьцерагаюць нас ад залішняга аптымізму. Але нават калі нешта нядобрае зь Беларусьсю й здарыцца, дык наўрад ці непасрэдна нацыяналізм будзе таму падставай — хутчэй, толькі шырмай.

У кожным разе думаць, што зло можна абмінуць празь нейкія ідэалягічныя засьцярогі, — гэта банальна падманваць сябе. Лепей паглядзіце ў неба — фаервэрк працягваецца.

Валянцін Акудовіч — беларускі філёзаф, паэт, літаратурны крытык. Аўтар кніг «Мяне няма. Роздум на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялёгі з Богам» (2006), «Код адсутнасьці» (2007), «Кніга пра Нішто» (2014) ды інш.

[1] Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. СПб., 2003. Збор тэкстаў, напісаных інтэлектуаламі ў Беларусі й па-за ейнымі межамі ў 1990-я й на пачатку 2000-х. Укладальнікі: В. Акудовіч і А. Анціпенка. У анталёгію ўвайшлі артыкулы В. Акудовіча, А. Анціпенкі, І. Бабкова, А. Бембеля, І. Бурдзялёвай, П. Васючэнкі, С. Дубаўца, А. Клінава, А. Разанаў, С. Санькі, А. Чобата, М. Шчура ды інш.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Андрэй:

    Завітаўшы ў хоць якую царву…
    Царкву

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology