Іррацыянальныя гульні «Срэбнага вясельля»

Сьвятлана Залеская-Бень, «Срэбнае вясельле»

«Срэбнае вясельле»

Сьвятлана Залеская-Бень, «Срэбнае вясельле»

«Срэбнае вясельле»

Сьвятлана Залеская-Бень, «Срэбнае вясельле»

Сьвятлана Залеская-Бень, «Срэбнае вясельле»

Сьвятлана Бень-Залеская, «Срэбнае вясельле»

Сьвятлана Залеская-Бень, «Срэбнае вясельле»

«Срэбнае вясельле»

Архіў! © pARTisan #11’2010.

Напярэдадні двух канцэртаў, што ладзіць у сьнежні гурт «Срэбнае вясельле», публікуем архіўнае «партызанскае» інтэрвію зь Сьвятланай Залескай-Бень.

Калі гаворка заходзіць пра кабарэ, у галаве часьцей за ўсё ўзьнікае немудрагелістая мазаіка з канкану, бурлеску й чароўных жаночых ножак, што вытанцоўваюць у парыскіх кафэ-шантанах эпохі, насычанай водарам абсэнту й дымам цыгараў. Але карціна была б недакладнай без жывапіснай вастрыні Анры дэ Тулюз-Лятрэка й абразьлівых воклічаў Арыстыда Бруана, без тутэйшых заўсёднікаў: вядомых пісьменьнікаў, мастакоў і актораў, жабракоў і куртызанак, махляроў і скандалістаў, — без усяго, што рабіла кабарэ мастацтвам тонкім, элітарным, а не выключна забаўляльным. Шалёная весялосьць і душашчыпальныя гісторыі, спляценьне нізкага й высокага. Здавалася, кабарэ ўзьнікла як нешта само сабою зразумелае, увабраўшы ў сябе перадусім чароўнасьць месца, часу й дзеяньня. Тая ж чароўнасьць, шарм, а яшчэ ўласьцівая Сьвятлане Залескай-Бень здольнасьць рабіць з штодзённасьці нестандартнае — вызначальныя рысы кабарэ-бэнду «Срэбнае вясельле».

Што хаваецца за гэтай назвай «Срэбнае вясельле»?

— Гэта іррацыянальная назва, і ня варта вышукваць тут нейкі падтэкст. Гэта словазлучэньне, якое выклікае мноства асацыяцыяў і ідзе ўразрэз з тым, што адбываецца на сцэне. У той жа час гэта нэўтральная назва, якая стварае прастору для гульні. Па сутнасьці, усё нарадзілася з розыгрышу й жарту. Няісны гурт, які сабраўся за дзень да свайго першага выступу, зайграў на дні народзінаў выдатнага чалавека й лідэра гурту «Нагуаль» Лёні Паўлянка. Адбылося гэта ў кастрычніку 2005 году. Захацелася працягнуць. Вось мы й працягнулі. Жанр, у якім мы граем і жывем, — гэта адметнае кабарэ, прасякнутае духам кніг Льюіса Кэрала, дзіцячых вершаў Хармса й рамантыкай гарадзкога фальклору. Нам цікавы сьвет, які адпачатку абсурдны й пазбаўлены лёгікі. Атрымаўшы па карку й апынуўшыся ззаду, у канчатковым выніку ты можаш апярэдзіць усіх. Усё непрадказальна.

Музыка апынулася таксама ў катэгорыі непрадказальнага?

— Хутчэй, наадварот. Я сьпявала й сачыняла з самага раньняга ўзросту. Гэта быў мой прыродны стан. Лічу, што песьні, якія я прыдумала ў тры гады, значна цікавейшыя за цяперашнія. Яны былі непасрэдныя, вар’яцкія, цудоўныя. Тое, што я раблю зараз, — гэта спроба вярнуцца да таго, што я ўмела ў раньнім дзяцінстве. Я да гэтага іду і, мажліва, прыйду… гадоў у 80. Зараз музыка мой асноўны занятак. Папрацаваўшы тры гады ў тэатры лялек у якасьці рэжысэра, я прыйшла да высновы, што лепш не распыляцца й не спрабаваць уседзець на двух крэслах, калі хочаш рабіць штосьці сур’ёзна, удумліва й глыбока. Я бязьмежна люблю тэатар лялек. Тэатар быў маёй мараю зь дзяцінства. Усяго мною пастаўлена сем спэктакляў. Некаторымі зь іх я ганаруся, некаторых не саромеюся. Але ў выніку давялося зрабіць вельмі складаны выбар і сыйсьці з тэатру.

Вы абралі прафэсію, зьвязаную зь дзецьмі. Ці азначае гэта, што Вам уласьцівая пэўная наіўнасьць?

— Тэма дзяцінства вельмі балючая для мяне. Гэта маё прафэсійнае пытаньне. І адказаць на яго адназначна нельга. Мой улюбёны рэжысэр Цім Бартан сказаў: «Дзеці — гэта маленькія дзікуны». У самім панятку «дзікун» ёсьць шмат як добрага, так і вусьцішнага. Мяркую, дзеці — разумныя й цынічныя істоты пры ўсіх сваіх цудоўных якасьцях, а не наіўныя эфэмэрныя стварэньні, якімі часта іх лічаць дарослыя (асабліва тыя, што не зьяўляюцца бацькамі). Але менавіта таму дзеці гэтак цікавыя для мяне. Сапраўдную дзіцячасьць немагчыма падрабіць. А захаваць яе ў сабе ўдаецца надзвычай малой колькасьці людзей. У той жа час многія спрабуюць перацягнуць у дарослае жыцьцё ня лепшыя дзіцячыя якасьці: безадказнасьць, жорсткасьць, эгаізм, пошук абароны не ў сабе, а ў навакольных людзях. Я хацела б пазьбегнуць гэтага. Хутчэй на пенсію, быць бабкай Шапакляк, мудрым, моцным чалавекам! Мне не ўласьцівая наіўнасьць і зусім не падабаюцца інфантылізм і саладжавасьць. Хутчэй, я чалавек чорнага гумару, чымся белага. Ды й падабаюцца мне ўсё больш заганныя людзі. Ёсьць верагоднасьць, што за ўяўнымі заганамі хаваецца нешта добрае. У такіх людзей менш шанцаў расчараваць потым.

Зыходзячы з гэтых словаў, можна зрабіць выснову, што найвялікшая загана дабрадзейнасьць?..

— (Сьмяецца.) Паказная дабрадзейнасьць.

Гётэ сказаў, што кожнаму мастаку неабходная сьмеласьць, безь якой талент немагчымы. Без чаго, на Вашую думку, немагчымы талент?

— На маю думку, акрамя сьмеласьці кожны мастак павінен мець таксама здольнасьць да містыфікацыі. Усё ў сьвеце прасякнута гульнёю. Калі страціць смак да гульні, то кожная творчая асоба заканчваецца. Гульня зь дзіцячых гадоў спалучаецца з пэўнай доляй сьмеласьці, жаданьнем спазнаць новае, невядомае, з экспэрымэнтам над сабою, выкананьнем разнастайных роляў, фантазаваньнем і ўцягваньнем у яе навакольных людзей, якія ні пра што не падазраюць.

А чым гэтак прывабіла зборышча няўдачнікаў з «Cirque DOmelette»? Адну з сваіх праграм Вы прысьвяцілі менавіта гэтаму цырку.

— Мы знайшлі артыкул пра «Cirque D’Omelette» у цыркавой энцыкляпэдыі. Удалося даведацца пра некалькіх ягоных пэрсанажаў. Яны нас зачаравалі, і мы паспрабавалі распавесьці пра іх, уключыўшы маленькія гісторыі ў сваю праграму, якая складаецца зь песень і нумароў, зробленых у цыркавой стылістыцы. Мне ўвогуле імпануюць няўдачнікі. У іх заўжды ёсьць шанец. Чалавек, які дасягнуў посьпеху, знаходзіцца ў сытуацыі псыхалягічна больш складанай, бо баіцца страціць тое, чаго дамогся. А няўдачніку губляць няма чаго. Да таго ж чужая няўдача выклікае ў людзях пачуцьцё большага суперажываньня й саўдзелу, чым чужы посьпех. Чарлі Чаплін стварыў вобраз цудоўнага няўдачніка, які трапляе ў розныя пэрыпэтыі.

Пры ўсім гэтым у жыцьці ён быў пасьпяховым чалавекам…

— Ён націснуў на патрэбную «кнопку». Ягоны кінагерой маленькі, нічым не выбітны чалавек, зь якім кожны можа сябе асацыяваць. Не прыгажун, не атлет, не багач, ён бесьперапынна трапляе ў сытуацыі, зь якіх выходзіць хай не зь перамогай, але затое з пачуцьцём уласнай годнасьці й вялікай самаіроніяй. Для мяне гэта самы прывабны архетып.

Як Вам падаецца, чаго нестае сучаснаму кабарэ? Што варта альбо ня варта было б запазычыць зь мінулага?

— Мне здаецца, цяпер не існуе праблемы нястачы чаго б ні было. Дзякуючы пашырэньню інфармацыйнай прасторы чалавек можа даведацца пра ўсё на сьвеце й пабываць у любой кропцы на зямлі. Іншы раз даводзіцца адхрышчвацца ад той інфармацыі, якая лезе з усіх шчылінаў. Часам хочацца проста цішыні. На маю думку, сёньня няма рэчаў, якія б не рабіў хтосьці яшчэ, пустой, нікім не занятай нішы. Ні ў кога не застаецца іншага выйсьця, акрамя як шчыра распавядаць рэчы, якія цябе хвалююць, альбо спрабаваць пралічваць усё, як у шахматнай партыі. Што датычыцца кабарэ, то тут ёсьць два шляхі: забаўляльнае кабарэ як спроба рэстаўраваць чароўную стракатую эпоху «Мулен Руж» з задзіраньнем спадніцаў, фокусамі, цудамі, зьзяньнем, агнямі, пераапрананьнямі, бліскучай распуснасьцю. Можна пайсьці гэткім шляхам. Але тое, што робім мы й падобныя да нас гурты ўва ўсім сьвеце, — гэта аўтарскае кабарэ, камэрцыйна мала пасьпяховае, лякальнае, створанае для пэўнага кола прыхільнікаў. Мы — не праект, адпачатку прадуманы й пралічаны, а гурт складаных і шмат у чым непрадказальных людзей, таму мы не спрабуем спрагназаваць што-небудзь. Зараз мне вельмі цікавы цырк, і мы ўключаем цыркавыя элемэнты ў праграму. Магчыма, пачнецца этап, калі прыйдуць кардынальна новыя ідэі й узьнікне жаданьне іх увасобіць. Калі якойсьці частцы публікі гэта будзе нецікава, значыцца, яна проста пакіне нас. Але на нашае імкненьне рабіць толькі тое, што нам падабаецца, гэта не паўплывае.

Як здарылася, што Вы патрапілі на Сусьветны Кангрэс Дурняў?

— На адкрыцьці ў Піцеры клюбу «А2» Сьвятланы Сурганавай мы пазнаёміліся з мастаком Лізай Тытанян. Яна парэкамэндавала нас Палуніну як цікавы калектыў. Ліза напісала: «Я паказвала вас Палуніну. Ён усё баяўся, што вы недастаткова дурацкія. А потым паглядзеў вас на відэа й сказаў, што ўсё ў парадку, вы дастаткова дурацкія». Неўзабаве Палунін запрасіў нас удзельнічаць у Сусьветным Кангрэсе Дурняў у Маскве. Гэта быў найвесялейшы фэерычны канцэрт, цудоўнае вар’яцтва. Затым мы гралі на другім Кангрэсе. Выступ быў задуменны й лірычны. Стомленыя клоўны са сьлядамі грыму на тварах сядзелі за столікамі, мэлянхалічна расьпіваючы гарбату й марціні пад прыгожыя францускія мэлёдыі, і гутарылі. А навагоднія вакацыі мы праводзілі ў Крэсі Ля Шапэль пад Парыжам, дзе знаходзіцца дом, у якім Палунін зь сям’ёю бавіць час па-за гастрольным жыцьцём. Мы пражылі там адзінаццаць чароўных дзён, улучна з Новым годам і Калядамі.

Якія ўражаньні засталіся ад сустрэчы з Палуніным?

— Усе, хто калі-небудзь бачыў Палуніна на сцэне, мае ўяўленьне пра яго як пра чалавека з цудоўным густам і пачуцьцём гумару, і самае галоўнае — як пра чалавека добрага, кранальнага й жывога. Мне пашчасьціла пазнаёміцца з асобаю неверагоднай творчай, душэўнай і інтэлектуальнай велічы гэтак блізка й прабавіць багата часу побач у быце, за абедзенным сталом, у сяброўскай гутарцы, на ранішнім шпацыры. Але самым надзвычайным адкрыцьцём было тое, што ў паўсядзённым жыцьці Палунін гэткі самы, як на сцэне, і, можа, яшчэ больш цудоўны. Гэта чалавек, заўсёды зацікаўлены ў суразмоўцы, уважлівы да ўсіх людзей. Ён знаходзіцца ў баявой гатоўнасьці, здольны тут жа далучыцца да любой гульні, любой справы. Мае пры гэтым вельмі ясны, дакладны розум.

Назіраючы яго аднойчы пасьля «Snow show», заўважыла, што вочы ў галоўнага клоўна сумныя

— Ён лірык і філёзаф, умее бачыць сьмешнае ў сумным і сумнае — у сьмешным. Прынцып, які чытаецца ўва ўсім, да чаго ён дакранаецца: «Як мы прыдумаем, як вырашым, такім і будзе гэты сьвет». Калі прыдумаць чароўны казачны сьвет вакол, то ён абавязкова будзе такім. Чалавек увесь час павінен быць залучаны ў гульню, гатовы да розыгрышу, да прыгоды, авантуры. Толькі тады жыцьцё праходзіць паўнавартасна, і кожная сэкунда адчуваецца як адзіная й самая важная. Ня ў будучыні, не ў мінуўшчыне — усё тут і зараз. Усё магчыма. Усё рэальна. Увесь сьвет — тэатар. І гэта напраўду так.

Фатаграфіі © узяты з пэрсанальнай старонкі гурта на ФБ.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Увага!

16 сьнежня ў кавярні «Loft» у Менску «Срэбнае вясельле» абвяшчае гадзіну адкрытых дзьвярэй у дзяцінства.

21 сьнежня ў клюбе «Re: Public» у Менску «Срэбнае вясельле» з новай праграмай «Laterna Magica». Падрабязьней на сайце bo-promo.com


  1. Вика:

    Очень странно читать Беньку на белорусском. Простите, конечно

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology