Абсурд, бачны нават дальтоніку: постфетыш выстава Улада Бубена стартуе 8 ліпеня

Выстава Улада Бубена «Шкарпэтка, дальтанізм і тэорыя змовы» адкрыецца ў музеі Азгура 8-га ліпеня.

Персанальная экспазіцыя мастака і музыкі складаецца з карцін з серый Socksism і The Hand Of, а таксама відэаінсталяцый аўтара. У святочным адкрыцці возьмуць удзeл музыкі Філіп Палмер (Philip Palmer, Вялікабрытанія/Польшча) і Леанід Нарушэвіч («Князь Мышкін») а таксама паэты Вольга Гапеева, Алесь Baisan Плотка ды іншыя.

Buben. The hand of...

У сённяшняй рэаліі рэчы сталі нават болей, чым фетышам, а сапраўдным аб’ектам рэлігійнага пакланення. Сучасны утылітарны свет, пазбаўлены маральных каштоўнасцяў, абсурдны настолькі, што нават чалавек з дальтанізмам можа бачыць гэта. Менавіта так простымі словамі можна апісаць ролю мастака-дальтоніка, які трансфармуе вопратку ў карціны, у раскрыцці ідэй постфетышысцкага мастацтва. Карціны і інсталяцыі Улада Бубена выкананыя ў змешанай тэхніцы бралі ўдзел у шматлікіх выставах і акцыях у Мінску і Берліне ў 2007–2012 гг.

Дваццатае стагоддзе дало свету вялікую колькасць «ізмаў»: камунізм, фемінізм, сэксізм — з’явы пад гэтымі шыльдамі аказалі вялічэзны ўплыў на фармаванне грамадства. «Саксізм» Бубена парадаксальны: пакласці шкарпэтку — банальны аб’ект — у цэнтры карціны?

Так, для таго, каб справакаваць вас, прымусіць вас думаць, паставіць пад пытанне тое, што сталася звыклым. Серыя карцін «Саксізм» Уладзіслава Бубена — характэрны прыклад беларускага андэграўднага мастацтва.

Socksism (ад англійскага sock — шкарпэтка) — серыя карцін, зробленых у арыгінальнай творчай манеры. У цэнтры кожнай размешчаная шкарпэтка, якая ўпісваецца ў сімвалічна выяўленае наваколле. Шкарпэтка — неабходны элемент любога касцюма і, як і ніжняя бялізна ці ўпрыгожванні, таксама можа стаць аб’ектам фетышызму. Серыя карцін Socksism ўвасабляе постфетышыскую тэорыю, калі інтымны аб’ект не толькі выкарыстоўваецца для сваіх першасных мэтаў, але і з пэўным падтэкстам дэманструецца на публіцы.

The Hand of… («Рука…») — серыя-пераасэнсаванне тэорый змовы. Кожная карціна — рука Масквы, Амстэрдама, Пекіна і Брусэля — дэманструе бачанне мастаком сённяшняй геапалітычнай сітуацыі. Свет падзелены, і ў ім існуюць нябачныя сілы якія кіруюць «маленькімі людзьмі» — палітычныя, фінансавыя, ідэалагічныя.

Ці мы сапраўды хочам, каб так было? Ці дапускаем мы, што можа быць інакш? Бубен не дае адказу, пакідаючы пытанне адкрытым для гасцей выставы.

Выстава экспануецца да 6 жніўня. Падчас выставы пройдзе шэраг музычных івэнтаў. Адрас — г. Мінск, вул. З. Азгура, 8.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2018. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус