Сустрэча з Янкам Запруднікам — 28 чэрвеня ў Мінску

Сустрэча з адным з самых вядомых дзеячаў беларускай дыяспары, доктарам Янкам Запруднікам, адбудзецца ў аўторак, 28 чэрвеня, у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна (вул. Гікалы, 4).

vokladka_Janka Zaprudnik

Нагода для сустрэчы — прыезд сп. Янкі на Радзіму напярэдадні яго 90-годдзя і прэзентацыя кнігі «Кантакты», што нядаўна ўбачыла свет у серыі «Бібліятэка «Бацькаўшчыны». Выданне заснаванае на лістах, што пісалі беларусы з метраполіі Янку Запрудніку, і з’яўляецца своеасаблівым працягам выдадзенай у мінулым годзе кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Лісты 1952-1959 гг.».

Вядомыя даследчыкі эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, якія займаліся ўкладаннем «Кантактаў», працавалі з тым самым архівам, толькі з іншага ракурсу: іх мэтай было паказаць, як і дзеля чаго беларусы з метраполіі наладжвалі кантакты з беларусамі замежжа.

Апроч галоўнага героя кнігі — доктара Янкі Запрудніка — выступяць:
Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва;
Радзім Гарэцкі, акадэмік НАН Беларусі;
Адам Мальдзіс, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук;
Лідзія Савік, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук;
Уладзімір Арлоў, гісторык, пісьменнік.
Валеры Герасімаў, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі, намеснік старшыні Рады «Бацькаўшчыны»
Мадэратар сустрэчы — Наталля Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук.

Падчас імпрэзы адбудзецца ўрачыстае ўганараванне пераможцаў конкурсу працаў пра беларускае замежжа, які ладзіўся Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» да свайго 25-гадовага юбілею.
Пачатак імпрэзы 28 чэрвеня ў 18:00.
Уваход на мерапрыемства вольны.
Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology