5 верасня — Паэтычны велашпацыр «Рэйк’явік-Уэлінгтан»

Так далёка беларуская літаратура яшчэ не заязджала! 5 верасня ў кнігарні «логвінаЎ» і адбудзецца прэзентацыя кнігі вершаў новазеландскай паэткі Хінемааны Бэйкер «Выкапні» і ісландскага барда Адальстэйна Аўсберга «Апошні колер лета». З удзелам перакладчыц Марыі Мартысевіч і Марыі Пушкінай.

Пачатак прэзентацыі а 20-00. У 20-30 — паэтычныя чытанні на ганку кнігарні для ўдзельнікаў велаэкскурсіі «Мінскія кнігарні». Кнігарня «Логвінаў» (Незалежнасці 37а). Уваход (і заезд) — вольны.

5
«Выкапні» — зборнік вершаў, замяшаны на сакавітых вобразах і метафарах, якія можа спарадзіць адно Палінэзія, апавядае пра пошукі каранёў, пошукі сябе, пошукі ідэнтычнасці. Аўтарка кнігі Хінэмаана Бэйкер — паэтка, музыка, прадусарка з Новай Зэляндыі. Нарадзілася ў горадзе Крайстчэрч, жыла ў гарадах Факатанэ і Нэльсан. Дыплямаваная мовазнаўца (мова маоры), выпускніца жаночых студыяў ва Ўнівэрсытэце каралевы Вікторыі ў Ўэлінгтане. У 2002 годзе атрымала тамсама ступень магістра творчага пісьма. Аўтарка трох кніг паэзіі. Два ейныя вершы былі прызнаныя вершамі году ў Новай Зэляндыі (2004 і 2006).Выступае на радзіме як музыка ў складзе поп-фолк-трыё «Taniwha». Піша па-ангельску і на маоры.

Адальстэйн Аўсберг нарадзіўся ў 1955 годзе ў горадзе Хусавік на поўначы Ісландыі. Скончыў Камерцыйны каледж ў Рэйк’явіку, дзе вывучаў ісландскую мову, музыку і акцёрскае майстэрства. Дэбютаваў у 1977 годзе паэтычным зборнікам «Неруш» («Ósánar lendur»), з таго часу апублікаваў цэлы шэраг кніг паэзіі, перакладаў, адзін раман і больш за тузін дзіцячых кніг. У 2014 годзе быў у Мінску, чытаў свае вершы на Стральцоўскім фестывалі, фотаграфаваў стары будынак Цэха, бо настроем будынак супадае з настроем яго паэзіі. Сам Азальстэйн Аўсберг таксама займаецца музыкай. а яшчэ ён аўтар словаў да песні «Eitt lag enn» («Яшчэ адна песня»), з якой Ісландыя заняла 4-ае месца на Еўрабачанні-1990 (і на той момант гэта быў найлепшы вынік Ісландыі), а гурт «Stjórnin» урэшце стаў папулярны.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology