Прыхільнікі сабралі грошы на новы альбом Re1ikt за тыдзень

Усяго сем дзён спатрэбілася мінскаму гурту Re1ikt, для таго каб атрымаць фінансы, патрэбныя на выданне новага дыска.

Кампанія збору сродкаў на альбом «Kufar» стартавала на краўдфандзінгавай платформе Talaka.by 27 верасня. Планавалася, што яна працягнецца тры тыдні, але прыхільнікі каманды ўфундавалі будучы рэліз раней азначанага тэрміну. «Мы вельмі ўсцешаныя такой неверагоднай падтрымкай ад нашых слухачоў. Грошы на альбом пералічвалі не толькі беларусы, але і замежнікі — з Польшчы, Сербіі і нават ЗША, — дзеліцца ўражаннямі лідар гурта бубнач Алесь Дземідзенка. — Таму мы прыкладзем усе намаганні, каб выпусціць „Kufar“ як мага хутчэй і пачаць працаваць над наступным альбомам, ідэй для якога багата».

re1ikt-talaka

Нягледзячы на такі поспех, музыкі вырашылі не спыняць кампанію, бо засталося шмат цікавых падарункаў па прывабным кошце: напрыклад, два квіткі на прэзентацыю альбома «Kufar», якая адбудзецца 10 снежня ў сталічным клубе «Бруге», і кампакт-дыск з яго запісам можна атрымаць, ахвяраваўшы ўсяго 25 рублёў. Разам з тым, варта адзначыць, што самы дарагі лот — гадавы абанемент на ўсе выступы Re1ikt — набылі адным з першых.

Альбом «Kufar» запісваўся ў Польшчы паралельна з ухваленым крытыкамі ды слухачамі дыскам «Лекавыя травы» (лепшы беларускі рок-альбом мінулага года) і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. У яго ўвойдуць і шматлікія бонус-трэкі «незвычайнага» Re1ikt, які заўсёды эксперыментуе. «Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой», — распавядае пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дземідзенка.

Re1ikt — гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі. Наступны выступ Re1ikt адбудзецца ў Мінску ў клубе Re:Public у рамках фестывалю «Рок за жыццё» 8 кастрычніка.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology