БЕЛАРУСКАМУ МУЗЫКАНТУ ЛЕПШ СПЯВАЦЬ НА РОДНАЙ МОВЕ

Не так даўно гурт «Крама» адзначыў сваё 25-годдзе, але, не гледзячы на ўзрост, папулярнасць калектыву нарастае. У гурта папаўняецца армія прыхільнікаў, сярод якіх і аматары традыцыйнага рок-н-ролу, і знатакі беларускай мовы, ды і проста тыя, то прывык слухаць якасную музыку.

Напярэдадні «Вялікага вясновага канцэрту» мы сустрэліся з лідэрам «Крамы» Ігарам Варашкевічам і пагутарылі на агульнафіласоўскія тэмы – пра беларускую музыку, сучасную моладзь і пра шкоду і карысць інтэрнэту.

krama_ultramusiccom_04

Фота Кацярыны Лісіцы, http://ultra-music.com

ПЛЮСЫ І МІНУСЫ ІНТЭРНЭТУ

Інтэрнэт ужо даўно трывала ўвайшоў у жыццё кожнага чалавека, безумоўна, палегчыўшы яго жыццё. Аднак у адкрытым доступе практычна да ўсяго ёсць не толькі плюсы. Так, напрыклад, моладзь амаль увесь свой вольны час праводзіць у сацсетках, менш часу надае кнігам або нават паходаў у кіно. Лідэр «Крамы» ставіцца да гэтага лагодна.

«Заўжды ў нейкіх прагрэсіўных рэчах, безумоўна, ёсць выдаткі і кожнае пакаленне, у тым ліку і я, напрыклад, наракае на тое, што, маўляў, вось мы былі такія, а моладзь вось яна не такая. Але так не бывае, што раней жылі добрыя людзі, а потым сталі жыць дрэнныя. Людзі ў прынцыпе не мяняюцца асабліва, як выгляд, які існуе на Зямлі, з усімі сваімі станоўчымі і адмоўнымі бакамі», — лічыць Варашкевіч.

Калі мне нешта не падабаецца, я сам сабе кажу: «Ігар, Уладзіміравіч, узгадайце, колькі вам гадоў і, калі ласка, памятайце, што вы былі такім жа ў іх узросце».

Галоўны мінус інтэрнэту музыка бачыць у тым, што ён замяніў людзям простыя чалавечыя стасункі, нават званкі па тэлефоне. «Таму што тут не трэба плаціць грошы, а проста —тык-тык-тык — увечары ты каму-небудзь паставіў лайк, каму-небудзь нешта напісаў, усміхнуўся ну і ўсё».

«Нават у маёй кампаніі бывае такое, што людзі сядзяць, размаўляюць, а потым глядзіш — і ўсе ўжо з тэлефонамі ў руках. Пасядзелі-пасядзелі, надакучыла — і ўжо кожны там калупаецца Я кажу, маўляў, пачакайце, давайце па-нармальнаму пагутарым!».

АСНОЎНАЯ РЫСА БЕЛАРУСКІХ МУЗЫКАЎ – ЗАНУДСТВА

З лідэрам «Крамы» закранулі і пытанне аб стане беларускага року на сапраўдны момант. Варашкевіч лічыць, што беларуская музыка… адрозніваецца занудствам, і ў 80% выпадкаў ужо па першых акордах па радыё, можна вызначыць, што гэта менавіта беларуская каманда.

«Маркоцце чуваць і па гуку, і па тэматыцы тэкстаў. Я ж не магу параіць ці папрасіць, маўляў, хлопцы, хацелася б, каб вы больш рамантычныя песні спявалі. Гэта альбо ёсць, альбо яго няма. На вялікі жаль», – канстатуе лідэр «Крамы».

Варашкевіч распавёў, як аднойчы вырашыў праслухаць новы альбом сімпатычнай яму каманды, але так і не здолеў зрабіць гэтага да канца, бо слухаць надакучыла ўжо недзе на шостай песне. «Я ехаў у машыне з таварышам, і мы нават праехалі наш паварот. Я потым сказаў, што гэта адбылося, таму што мы слухалі гэты гурт – ён нас усыпіў».

«Я разумею, што ў параўнанні, напрыклад, з Beatles, наша музыка таксама, напэўна, занудная. Але у песнях «Крамы» хаця бы ёсць і жыццё, і смерць, і каханне, і п’янства».

Музыка патлумачыў, што тэрмін «занудства» ўжывае адносна і тэкстаў, і музыкі. У плане музыкі – гэта прага беларускіх музыкаў да адных і тых жа ладоў і акордаў, пад якія пішуцца тэксты як пра каханне, так і пра смерць. «Але не будзеш жа спяваць пра смерць у мажоры. Вядома, можна пасмяяцца… Але ўсё ж такі… Песня пра смерць павінна некалькі адрознівацца ад песні пра каханне або пра здраду».

«Адна і тая ж пастаянная «далбежка» – як слоўная, так і музычная. Гэта тычыцца і вельмі вядомых нашых музыкаў. Я часам сам хачу паслухаць чый-небудзь новы альбом, але да канца гэта зрабіць не заўжды атрымліваецца», – распавёў ігар Варашкевіч.

Лідэр «Крамы» адзначыў, што галоўнае для музыканта – гэта пастаянна займацца. І думаць больш пра творчасць, чым пра папулярнасць або грошы. «Вядома, грашовае пытанне таксама важнае, але ёсць такія музыкі, якія ўсё пралічваюць. У іх нават нешта і атрымліваецца, але гэта выглядае не натуральна. Я ж люблю, каб у творчасці была жыццё, а не папярэдне разлічаная схема. У музыцы па схеме не будзе сапраўднай энергіі», – лічыць музыка.

АСАБЛІВАСЦІ RE1IKT І TONQIXOD І ТРЫУМФ NAVIBAND

Але не ўсё так дрэнна з беларускай музыкай, як здаецца на першы погляд. Варашкевіч лічыць, што ў нас у Беларусі ёсць вельмі годныя каманды еўрапейскага ўзроўню. У прыватнасці, музыка адзначае творчасць Re1ikt і Tonqixod.

«Ёсць як мінімум дзве групы, якія мне вельмі падабаюцца. Гэта Re1ikt і Tonqixod. Хто з іх больш – не важна. Яны вельмі розныя. Калі Re1ikt мне проста падабаюцца, то Tonqixod, толькі пабачыўшы выступ адной песні з тэтра на youtube, я быў шакаваны. Гэта тое, што называецца «Ваў!» – распавёў Варашкевіч.

І дадаў, што, не гледзячы на тое, што ў Tonqixod музыка досыць складаная для ўспрымання, тым не менш, гэта адзін з тых гуртоў, чый альбом ён змог даслухаць да канца. Музыка адзначыў і поспехі гурта NAVIband ў сувязі з паездкай на «Еўрабачанне», пажадаў ім добрага выступу і падкрэсліў, што ўсякага роду агідныя каментары ў сацсетках з нагоды іх перамогі ў нацыянальным адборы абсалютна недарэчныя.

«Я ніколі не цікавіўся гэтым конкурсам, таму што граю зусім іншую музыку, але ў дадзеным выпадку я, магчыма, нават пагляджу «Еўрабачанне» і буду хварэць за нашых. Вельмі спадзяюся, што калі яны не перамогуць, то, ва ўсякім выпадку, годна выступяць».

Музыка адзначыў, што яму вельмі не хацелася б у выпадку няўдалага ўдзелу ў конкурсе на NaviBand паліліся цэбары бруду, як гэта неаднаразова здаралася з папярэднімі ўдзельнікамі гэтага конкурсу. «Яны вельмі пазітыўныя, я спадзяюся, што яны як раз гэтым і возьмуць. Яны закаханы ў жыццё, на іх прыемна глядзець, іх прыемна слухаць. Гэта вельмі важна».

ЗАКЛЮЧЭННЕ, ЦІ ПРА МОВУ І РОК-Н-РОЛ

Варашкевіч лічыць, што ў музыцы павінна прысутнічаць ідэя, павінна быць нешта сваё, вядомае і не падробленае, а не ярка выяўленая арыентацыя на даўно вядомыя гурты і ўжо тым больш не відавочнае іх капіраванне.

 «Беларускаму музыканту лепш спяваць на сваёй роднай мове. Але я не магу даваць ніякіх саветаў. Раз тут дэмакратыя, то хай кожны выбірае тое, што ён хоча. Хочаш – па-ангельску, хочаш – па-руску, па-беларуску альбо на некалькіх мовах».

Але тут жа дадае, што для таго, каб спяваць на англійскай мове, трэба умець на ёй думаць. Бо песні выконваюцца на сцэне толькі свядома, інакш артыст проста не зможа перадаць настрой, а калі і зможа, то яму мала хто паверыць, ва ўсялякім выпадку, гэта павінна выглядаць.

Музыка са шкадаваннем адзначае, што эпоха рок-н-ролу сыходзіць. Жыццё мяняецца, а разам з ім змяняецца і музыка. «У 80-х Грабеншчыкоў казаў, што «рок-н-рол мёртвы, а я яшчэ не», і паспяшаўся. Не магу сказаць, што ён памёр менавіта цяпер, проста кудысьці трансфармаваўся. У нашай краіне гэта адбываецца па-свойму, а ў Амерыцы кантры-музыка, разам з r&b і іншай «папсой», працягвае збіраць мільённую аўдыторыю, ну а ў Еўропе ідзе большы ўхіл на рамантызм, можа таму мы падаемся ім такімі брутальнымі».

Аўтар Юлія Хвошч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology