Ктулху ў Беларусі: старт продажу зборніка Лаўкрафта

2 траўня ў 17.00 у кнігарні «Акадэмкніга» пачнецца продаж зборніка апавяданняў Г. Ф. Лаўкрафта «Кліч Ктулхту» па-беларуску.

З 17-й да 20-й у кнігарні можна будзе набыць кнігу са зніжкай, узяць аўтографы ў перакладчыкаў Уладзіславы Гурыновіч і Алеся Кудраўцава і абмеркаваць з імі творчасць аўтара «міфаў Ктулху». Адрас кнігарні: пр. Незалежнасці, 72.

Говард Філіпс Лаўкрафт — амерыканскі пісьменнік, аўтар твораў у жанрах жахаў, містыкі і фэнтэзі, якія пасля яго смерці зрабіліся культавымі і істотна паўплывалі на сучасную літаратуру жахаў. Творчасць Лаўкрафта настолькі ўнікальная, што даследчыкі выдзяляюць асобны паджанр — лаўкрафтаўскія жахі. Лаўкрафт стварыў міфы Ктулху, у якіх вусціш нязведанага суседнічае з фантасмагарычнымі апісаннямі выдуманых старажытных гарадоў, багоў і артэфактаў.

Перакладчыкі апавяданняў — Уладзіслава Гурыновіч, Павел Донаў і Алесь Кудраўцаў. Мастачка — Кацярына Дубовік.

Кніга «Кліч Ктулху» — першае выданне твораў Лаўкрафта па-беларуску і дванаццатае выданне з серыі інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum». Раней у серыі выходзілі два зборнікі апавяданняў Дойла пра Шэрлака Холмса, «Знахар» Далэнгі-Мастовіча, «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» Бюргера і Распэ, «Саламея» Ўайлда, «Казкі» Гаўфа і іншыя кнігі.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology