Персанальны праект «Цюльпаны» Эндру Мікшыса ў Галерэі «Ў»

9 — 26 траўня 2017
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

Эндру Мікшыс
Персанальны праект «Цюльпаны»

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» прадстаўляе персанальны праект Эндру Мікшыса «Цюльпаны». Амерыканска-літоўскі фатограф упершыню наведаў Беларусь у 2009 годзе падчас святкавання Дня Перамогі. Адметна аздобленая сталіца і афіцыйныя святкаванні з дэманстрацыяй вайсковай тэхнікі, трактароў і парадам нагадалі мастаку іканаграфію маштабных відовішчаў савецкіх часоў.

Наколькі скінуць вокам усюду красавалі чырвоныя цюльпаны. Іх колер і сімволіка хутка сталі тэмай для яго праекта. Фатограф зноў і зноў вяртаўся на Беларусь, папаўняючы сваю калекцыю здымкамі іншых дзяржаўных святаў. На ўскраінах афіцыйнай культуры ён шукаў асабістыя, прыватныя гісторыі, якія існуюць нібыта па-за ідэялогіяй. Менавіта таму пісьменнік Лайманас Брыедзіс (Laimonas Briedis) слушна заўважыў: «Фатаграфіі Мікшыса — гэта не столькі рэпартаж пра Беларусь у колеры ці архіў афіцыёзных забаваў. Гэта дыярама адзіноты свята».

Для першай выставы ў Беларусі Эндру Мікшыс створыць інсталяцыю фатаграфій і відэа, зробленыя па выніках сваіх вандровак на працягу пяці гадоў.

Неад’емнай, але і самастойнай часткай праекта, з’яўляецца кніга мастака пад такой жа назвай — «Цюльпаны», якая адлюстроўвае працэс паглыблення ў новы кантэкст, спробу яго разумення, а таксама візуалізацыі сваёй метадалогіі працы. У 2016 годзе «Цюльпаны» былі вылучаны куратарам фатаграфіі TATE Modern у Лондане Сайманам Бэйкерам сярод дзесяці найлепшых фотаальбомаў года.

Эндру Мікшыс нарадзіўся і вырас у Амерыцы. Яго бацька і дзядуля імігравалі з Літвы ў ЗША пасля другой сусветнай, а маці — амерыканка з украінскімі ды італьянскімі каранямі. Фатаграфіі Мікшыса дэманстраваліся на міжнародных выставах у Seattle Art Museum, Vilnius Contemporary Art Centre, Kaunas Gallery і De Apple Contemporary Arts Centre. Эндру Мікшыс атрымоўваў гранты ад Фонду Гугенхайма, Фулбрайт і фонда Aaron Siskind. Зараз Эндру Мікшыс жыве на два гарады, у Сіетле і Вільні. У Вільні мае сваё ўласнае выдавецтва ARÖK Books.

Адкрыццё выставы 9 траўня ў 19:00.

Воркшоп Эндру Мікшыса пра саматужнае выданне фотакніг:
«Навошта рабіць фотакнігу?»
10 траўня, 19:00, галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

Свет фота рэзка змяніўся ў апошнія гады у сувязі з выбухам саматужных кніг і стварэннем малых выдавецтваў. Некаторыя крытыкі гавораць нават пра «залаты век» фотакніг. Гэты зрух у кніжнай прадукцыі фотакніг сілкуецца этыкай «зрабі сам», якая ўмагчыміла з’яўленне вялікай разнастайнасці кніг, зінаў ды іншых друкаваных матэрыялаў. Усё часцей фатографы абыходзяць бокам сістэму выдавецтваў, музеяў і галерэяў ды шукаюць альтэрнатыўныя спосабы распаўсюду сваёй працы і наўпроставых зносін з аўдыторыяй. Фотакнігі перамясціліся ў цэнтр сучаснай фатаграфіі, часта пераўзыходзячы выставы і вытворчасць тонкіх адбіткаў мастацтва. У выніку, для фатографаў становіцца ўсё больш важнай кваліфікацыя рэдакцыйнай працы, адбору, дызайну і нават збору сродкаў на самастойнае выданне сваіх кніг. Калі ўсе працоўныя працэсы канцэнтруюцца ў адных руках, гэта дае пачуццё свабоды, але таксама стварае новыя выклікі і неабходнасць атрымання ведаў у самых розных галінах.

Можа і ў вас ёсць ідэя апублікаваць сваю кнігу фатаграфіі або мастацтва? Пачатак можа быць пакладзены тут, на гэтым інтэнсіўным уступным семінары-воркшопе па публікацыі фотакніг. Асноўная ўвага будзе надавацца паляпшэнню ведаў удзельнікаў у сучаснай вытворчасці фотакніг і асновах рэдакцыйнай працы, дызайна, друку, фінансавання, маркетынгу і выбару матэрыялаў для сваёй фотакнігі. Эндру Мікшыс правядзе гэты семінар на прыкладах сваіх уласных фотакніг ды альбомаў іншых сучасных фатографаў.

Удзел у воркшопе платны. Кошт: 25 руб, студэнты — 15 руб.

Асабістая падзяка за дапамогу ў арганізацыі выставы Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі у Рэспубліцы Беларусь


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology