Бясплатны фестываль сучаснага беларускага мастацтва адбудзецца ў старажытнай сядзібе

Фестываль сучаснага мастацтва «ДАХ», прысвечаны памяці знакамітага дзеяча Тадэвуша Рэйтана, пройдзе 20 жніўня.

Мерапрыемства адбудзецца на сядзібе роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. 8 жніўня адзначаецца гадавіна смерці Тадэвуша Рэйтана. Менавіта з гэтай нагоды пройдзе 32-гі па ліку Фестываль «ДАХ».

У праграме імпрэзы лекцыі пра Тадэвуша Рэйтана і яго знакамітых сваякоў. Таксама пройдуць тэматычныя мастацкія выставы, сярод якіх «Род Рэйтанаў. Асобы падзеі» Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча, «Рэтраспектыва твораў Уладзіміра Крукоўскага», гульні і майстар-класы па лінагравюры, фехтаванню, кулінарыі. У музычнай частцы фэсту адыграюць розныя выканаўцы, сярод якіх гурт Re1ikt, Віктар Сямашка і Кумпанія, Тодар Кашкурэвіч і іншыя. 

Уваход на фестываль вольны.

Тадэвуш Рэйтан быў дэпутатам Сойма Рэчы Паспалітай ад Новагародскага ваяводства ВКЛ. Належыў да ліцьвінскай галіны абшарнікаў прускага паходжання, асеўшых у ВКЛ у XVII ст. Ён і некалькі шляхцічаў спрабавалі ўсімі магчымымі сродкамі сарваць так званы «Вальны сойм», на якім адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Менавіта яму належыць фраза: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!».

Адметна, што фестываль пройдзе на тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў — помніка сядзібна-паркавай архітэктуры канца XVIII — пачатку XX ст. Па звестках, Тадэвуш Рэйтан пахаваны ў капліцы на тэрыторыі сядзібы.


Фестываль сучаснага мастацтва ДАХ праводзіўся з 2001 года ў Берліне, Мінску і іншых гарадах. У 2013 годзе у нетрах куратарскай группы фэста была створана Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology