Выйшаў новы 1000-старонкавы раман Альгерда Бахарэвіча

У выдавецтве «Логвінаў» выйшаў новы 1000-старонкавы раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы».

«Сабакі Еўропы» — гэта некалькі гісторый, сплеценых у адзін мудрагелісты вузел, разблытаць які ня дасць рады ніхто. Прынамсі, на гэта спадзяецца аўтар. На тысячы старонках кнігі ўступаюць у складаныя алхімічныя рэакцыі гарады, сюжэты, людзі, алюзіі, словы. Што злучае вёску Белыя Росы-13, якая знаходзіцца на тэрыторыі Расейскага Райху, і constructed language, таемную мову бальбута? Нашто беларуская шаптуха выпраўляецца на далёкую трапічную выспу, дзе будуецца ідэальная краіна Крыўя? Што за пасланне закапалі ў лесе вучні звычайнай сярэдняй школы, і чый труп знаходзяць у 2049 годзе ў танным берлінскім гатэлі?

Гэта раман-выклік: чытачам, крытыкам, перакладчыкам, а найперш самому сабе. «Час пісаць антыбестсэлер», — упэўнены аўтар «Сабакаў Еўропы. „Сабакі Еўропы“ — гэта шэсць паралельных сусветаў Беларусі ў новых фантастычных апавяданнях, — кажа Сяргей Шупа, рэдактар рамана. — Так у нас не пісаў яшчэ ніхто. Нават Бахарэвіч».

Урывак з рамана можна прачытаць тут.

Аўтограф-сесія Альгерда Бахарэвіча адбудзецца 15 лютага з 18 да 21 гадзніы ў кнігарні Логвінаў (Незалежнасці 37а).

Фотапартрэт Альгерда Бахарэвіча – Юлія Цімафеева


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology