АРТ-МІНСК. ІНСТЫТУЦЫЯНАЛЬНАЯ КРЫТЫКА ВА ЎМОВАХ «ПУСТОГА ПОЛЯ»

З 27 красавіка па 20 траўня 2018 года ў Мінску праходзіў Міжнародны фестываль сучаснага мастацтва «Арт-Мінск», заяўлены арганізатарамі як маштабная арт-падзея, якая ўпершыню аб’яднае 18 розных выставачных пляцовак у адну.

Цэнтрам фэсту быў абраны Палац мастацтва, дзе гледачам прадставілі галоўнае «выказванне фестывалю» — праект запрошанага незалежнага арт-крытыка і куратара з Італіі Стэфана Антанэлі.

Арт-Мінск 2018. Фота Сяргея Гудзіліна

Арганізатарамі маштабнай падзеі сталі ААТ «Белгазпрамбанк», ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», Рэспубліканская мастацкая галерэя ГА «Беларускі саюз мастакоў» (Палац мастацтва), Цэнтр выяўленчага і медыямастацтва «Новая культурная ініцыятыва» (утвораная па ініцыятыве і пры падтрымцы Белгазпрамбанка), а таксама Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Склад арганізатараў мінскай публіцы добра вядомы. У першую чаргу па «Восеньскім салоне» — выставе актуальнага, альбо, як фармулююць самі арганізатары, «сучаснага мастацтва», якая штогод ладзіцца банкам у Палацы мастацтва, вядомым як «палац футраў і мёду» — месца, дзе ўвесь час праводзяцца кірмашы мёду і стыхійнага рынкавага гандлю. Абвешчаны арганізатарамі маштабны фестываль мастацтваў «Арт-Мінск» непазбежна асацыяваўся з «Восеньскім салонам» і чаканнем аналагічнага фармату, толькі ў іншай упакоўцы. Аднак інфармацыя пра запрашэнне замежнага куратара дала надзею.

Што праўда, не надоўга.

СІНЬЁР АНТАНЭЛІ, THE STAGE IS YOURS, PREGO [1]!

Паводле слоў старшыні праўлення Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі, «Арт-Мінск» павінен маштабна і грунтоўна прадставіць беларускае мастацтва, без узроставых, гендарных і тэрытарыяльных абмежаванняў. Але, як і любы выставачны праект, фестываль прадугледжвае адбор і класіфікацыю мастацкіх прац, што традыцыйна ажыццяўляецца мясцовым журы, куды ўваходзіць Саюз беларускіх мастакоў альбо прадстаўнікі арганізатараў ці іншай дзяржаўнай мастацкай інстытуцыі. Каб пазбегнуць ангажаванасці журы, вырашана было запрасіць куратара з Італіі.

«…Чаму мы запрасілі незалежнага куратара? Тут ключавое слова „незалежны“. Стэфана Антанэлі ўспрымае беларускае мастацтва, зыходзячы з уласнага меркавання, якое сфармавалася на базе еўрапейскага і італьянскага мастацтва. <…> Сукупнасць меркаванняў членаў журы і погляд запрошанага арт-крытыка Стэфана Антанэлі і сфармавалі асноўную экспазіцыю фестывалю!»

Сапраўды, ключавое слова тут «незалежны». Некалькі слоў пра тое, як з’явілася і што ўяўляе з сябе з’ява independent curator. Фігура незалежнага куратара ўзнікае ў заходнееўрапейскім мастацкім асяроддзі напрыканцы 1960-х гадоў ХХ стагоддзя як своеасаблівая апазіцыя і крытыка буйных мастацкіх інстытуцый (музеяў, Кунстхале, галерэй), якія шмат у чым вызначалі форму і змест мастацкага поля і яго працэсаў. Калі ў 1969 годзе Харальд Зееман сыходзіць з пасады дырэктара Бернскага Кунстахале, каб стварыць уласны, пазаінстытуцыянальны праект — «Калі адносіны становяцца формай», — гэтая падзея становіцца адным з пунктаў адліку гісторыі незалежных куратарскіх праектаў. Пры гэтым «незалежнасць» у дадзеным выпадку, па словах Х. Зеемана,  — гэта форма мастацкай практыкі, якая хутчэй падобная да «духоўнага гастарбайтарства» (пастаянны рух на шляху да новых сэнсаў).

Пад «незалежнасцю» маецца на ўвазе наяўнасць крытычнай пазіцыі да таго ці іншага кантэксту. «Выказванне» куратара не ілюструе, але сцвярджае некаторы новы сэнс (meaning), што адлюстроўвае актуальны стан культурнага і сацыяльнага поля.

Незалежнае куратарства ў сучасным свеце прадстаўляецца даволі неаднароднай з’явай. З аднаго боку, гэта тыповая прэкарная праца суб’ектаў у прасторы эканомікі неаліберальнага тыпу, дзе «гастралюючая» праца таго ці іншага куратара не мае выразных крытэрыяў і формаў ацэнкі і, такім чынам, аплаты. Часта яна звязаная з праектнай працай, у тым ліку на розныя мастацкія інстытуцыі, маштабныя арт-праекты (тыпу біенале або Documenta), а таксама на прыватныя камерцыйныя фонды, якія маюць уласныя калекцыі мастацтва альбо інтарэсы ў арт-полі. Пры гэтым унутры куратарскага поля існуюць прафесійныя крытэры і спосабы маркіравання ступені незалежнасці таго ці іншага куратара. Відавочна, што для любога куратара існаванне ў рэжыме фрыланса і «духоўнага гастарбайтэрства» рана ці позна выклікае пытанне фінансавага ўзнагароджання за працу. Але таксама відавочна, што, падпісваючыся пад тыя ці іншыя праекты, кожны куратар ацэньвае ўзровень ангажаванасці гэтых праектаў з боку дзяржавы, рынку, прыватнага капіталу, здзяйсняючы свой выбар у дачыненні да дапушчальнай ступені страты сваёй незалежнай пазіцыі.

Арт-Мінск 2018. Фота Сяргея Гудзіліна

Быць незалежным куратарам у свеце «неаліберальнай эканомікі івэнтаў» (Ніна Ментман) і карпаратыўнага інстытуцыяналізму азначае адначасовую ўключанасць і прыналежнасць да поля сучаснага арт-рынку (вельмі невялікая колькасць куратараў згаджаецца працаваць бясплатна). Важным таксама з’яўляецца захаванне крытычнай пазіцыі ў адносінах да гэтага поля і прадстаўленых у ім карпаратыўных і дзяржаўных інстытуцый.

Як сцвярджае Барыс Гройс, «мастак працуе на той жа тэрыторыі, што ідэалогія» [2]. Любая ідэалогія разнастайная па сваёй прыродзе, то-бок грунтуецца на пэўным светапоглядзе — светлай будучыні, сусветнай рэвалюцыі ці ўладзе глабальнага рынку. З гэтай прычыны мастацтва аказваецца адной з нямногіх формаў сацыяльнай практыкі, здольнай супрацьстаяць ідэалагічным праектам, гуляючы з імі на адной тэрыторыі — на тэрыторыі вобразаў. У гэтым сэнсе адным з найважнейшых крытэрыяў ацэнкі куратарскіх праектаў з’яўляецца ступень і глыбіня крытычнага погляду куратара да лакальнага кантэксту. Праца з гэтым кантэкстам прадстаўляецца як выяўленне і аналіз мастацкай і інстытуцыйнай структуры: што ўяўляе сабой арт-поле і якім чынам тут размеркаваная ўлада ўнутры яго.

Для беларускага арт-поля такая форма куратарскай практыкі — надзвычай рэдкая з’ява. Асноўная колькасць праектаў, заяўленых як падзеі ў полі сучаснага мастацтва са знакамітымі куратарамі, фармальна і змястоўна аказваюцца вернісажнымі выставамі з вельмі дзіўнай канцэпцыяй і крытэрыямі адбору. Запрашэнне італьянскага незалежнага куратара і арт-крытыка, які спецыялізуецца на «даследаванні ультрасучасных арт-практык» і які з’яўляецца «першапраходцам у галіне гарадскіх куратарскіх практык, калектыўным мастацтве, палітыках глядацтва і стратэгіях сацыяльнай уцягнутасці» — прыклад несупадзення прафесійнага поля самога куратара і мастацкага поля, з якім яму прапанавалі папрацаваць (мадэрнісцкага ў аснове сваёй, з перавагай традыцыйных формаў: жывапісу, скульптуры, графікі).

Арт-Мінск 2018. Фота Сяргея Гудзіліна

У прынцыпе, дэфініцыя «ультрасучаснае мастацтва» выглядае прынамсі камічна, асабліва ў выпадку фестывалю «Арт-Мінск», дзе на пляцоўцы, якую курыруе італьянскі спецыяліст, з «ультрасучаснага» была хіба што скульптура са шкла і тэхналогія лічбавага друку фатаграфій. Акрамя таго, шэраг пытанняў выклікае спіс праектаў з CV запрошанага куратара, якія арганізатары выбралі ў якасці піяр-загалоўкаў для прасоўвання выставачнага праекта. «Сярод заслуг Стэфана Антанэлі варта асабліва падкрэсліць куратарства выставы Banksy ў Рыме ў 2016 годзе». Паводле аўтарытэтнага рэсурса аб сучасным мастацтве artnet.com, выстава выклікала даволі неадназначную рэакцыю з боку сусветнай мастацкай супольнасці з прычыны таго, што была неаўтарызаваная. Гэта значыць, сам мастак (Бэнскі) часткай каманды дадзенага праекта не з’яўляўся і згоды на экспанаванне работ не даваў. Яны былі ўзятыя пераважна з прыватных калекцый.

Значна больш важнай пры аналізе куратарскага праекта спадара Антанэлі, рэалізаванага ў рамках фестывалю «Арт-Мінск», з’яўляецца стратэгія працы з лакальным кантэкстам, якую выбірае для сябе той ці іншы куратар. Першапачатковы адбор прац, дасланых у выніку абвешчанага арганізатарамі open call (іх было каля 800), ажыццяўляўся прадстаўнікамі каманды арганізатараў. Затым з прадстаўленага спіса запрошаны куратар адабраў «парадку 150 твораў 100 беларускіх аўтараў».

Як правіла, незалежныя куратары сфакусаваныя на глыбокім знаёмстве з лакальным кантэкстам. Гэта выяўляецца ў пэўным супрацьстаянні так званай стратэгіі «гастралюючага куратарства», калі прадстаўнікі заходнееўрапейскага або амерыканскага свету прыязджаюць у краіны, якія развіваюцца, на пэўны час, каб хутка зрабіць праект, атрымаць новы радок у CV, ганарар і з’ехаць далей.

Такія кароткатэрміновыя ваяжы часта характарызуюцца як частка каланіяльнай стратэгіі і для лакальнага кантэксту хутчэй негатыўныя, не пакідаюць якіх-кольвек пазітыўных змен. Толькі бізнес, і нічога асабістага.

У гэтым плане даследаванне лакальнага кантэксту прадугледжвае больш працяглую і павольную працу, сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай мастацкай супольнасці, якія займаюць часта маргінальную, выключаную ў адносінах да дамінуючых інстытуцыянальных структур пазіцыю. Усё гэта робіцца для таго, каб разумець асаблівасці таго ці іншага арт-поля, яго сувязі з лакальным сацыяльна-палітычным і эканамічным кантэкстам, каб потым у рамках куратарскага праекта сфармаваць выказванне не агульнага плана «пра мір ва ўсім свеце» або «Беларусь — унікальная краіна», але выказванне з фокусам на канкрэтным лакальным феномене ці праблеме.

Куратарскі праект спадара Антанэлі ў Палацы мастацтва пакінуў уражанне вельмі размытага куратарскага выказвання. Што пацвярджаюць і словы самога аўтара:

«Я думаю, што Беларусь — гэта месца, дзе сустракаюцца культуры. Беларускае мастацтва можа паказаць асаблівасці, традыцыі і станы, уласцівыя толькі вашай краіне. Мы схільныя лічыць мову і іншыя спосабы выказвання праявамі нашай ідэнтычнасці. Гэта насамрэч так. Але выразная ідэнтычнасць таксама стварае межы. Разам з тым ідэнтычнасць — гэта магчымасць пачаць адносіны. Вось чаму гэты праект будзе прысвечаны эстэтыцы адносін беларускага мастацтва. Мастацтва — мова, якая не мае патрэбы ў перакладзе. Гэта будзе добрай нагодай пачаць адносіны з іншымі мастакамі і іншымі краінамі, якія таксама ствараюць мастацтва».

Запрашэнне ў тыя ці іншыя мастацкія праекты міжнародных экспертаў і куратараў з’яўляецца традыцыйнай практыкай, якая дэманструе эфектыўныя для развіцця мясцовага арт-поля вынікі. Асабліва калі стаіць задача пашырэння прафесійнага супрацоўніцтва альбо прасоўвання краіны і яе культуры на глабальнай арт-сцэне. Курыраваць біенале ў Каўнасе нашы суседзі запрашаюць Нікаля Бурыо, мастацкім дырэктарам юбілейнай Балтыйскай трыенале сучаснага мастацтва сёлета стаў Вінцэнт Анарэ (абраны куратарскай камандай, якая складаецца з пяці чалавек, куды ўваходзілі прадстаўнікі Літвы, Латвіі, Англіі, Германіі і ЗША). У Кіеве ў траўні 2018 года праходзілі адкрытыя лекцыі Жака Рансьера і Шанталь Муф. Але ў Беларусі свой, «асаблівы» шлях.

ІНСТЫТУЦЫЯНАЛЬНАЯ КРЫТЫКА ВА ЎМОВАХ «ПУСТОГА ПОЛЯ»

Прычына, з якой ні адзін, нават самы знакаміты запрошаны куратар не зможа калі-небудзь адчувальна паўплываць на стан беларускага мастацкага поля, палягае, на маю думку, у тым, што ў гэтым полі практычна адсутнічаюць развітыя мастацкія інстытуцыі, якія адпавядаюць сучасным рэаліям. Нават калі не браць пад увагу крызісны стан дзяржаўных устаноў адукацыі, дзе часта гісторыя сусветнага мастацтва заканчваецца Маркам Шагалам, а пра фемінісцкае ці квір-мастацтва ўспамінаюць хіба што выпадкова і ў негатыўным ключы. Структура і стан неадукацыйных беларускіх інстытуцый шмат у чым тлумачыць і штогадовы мастацкі кантэнт «Восеньскага салона», і фактычную выключанасць мясцовай мастацкай супольнасці з глабальных падзей (калі мы, вядома, не разглядаем асобныя праекты асобных мастакоў, якія выстаўляюцца ў дзяржаўных музеях і прыватных галерэях Заходняй Еўропы).

Арт-Мінск 2018. Фота Сяргея Гудзіліна

Інстытуцыянальная крытыка як стратэгія аналізу таго ці іншага мастацкага поля за часы свайго існавання (з канца 1960-х) сама перажыла і адмаўленне, і вымовы як непрацоўная ў варунках татальнасці інстытуцый у неаліберальным свеце. Калі сама крытыка па вызначэнні ўжо з’яўляецца часткай інстытуцыйнага кантэксту, які крытыкуюць. Тым не менш беларуская сітуацыя актуалізуе менавіта такога роду даследчую стратэгію, на якой у рамках дадзенага тэксту можна спыніцца толькі сцісла.

У Беларусі адсутнічае развітая і прафесійна аформленая інстытуцыйная прастора, таму мастацкая суполка тут часта гатовая на ўдзел у прафесійна невыразных і сумніўных арт-праектах. Структуру лакальных арт-інстытуцый у Беларусі можна ўмоўна рэдукаваць па наступнай схеме:

— дзяржаўныя інстытуцыі (НЦСМ, музеі, Саюз мастакоў і г.д.), якія маюць слабое фінансаванне (пераважна з боку дзяржавы) і такое ж слабое канцэптуальнае афармленне сучасных мастацкіх практык (якія прадстаўляюцца традыцыйнымі па форме і змесце персанальнымі альбо калектыўнымі выставамі);

— прыватныя інстытуцыі (Арт-Беларусь, Новая культурная ініцыятыва, прыватныя калекцыі беларускіх бізнесменаў, галерэі AV, DK і іншыя прыватныя інстытуцыі), якія вылучаюцца высокім узроўнем і аўтаноміяй фінансавання, аднак у большасці выпадкаў таксама не вельмі дасведчаныя канцэптуальна;

— нарэшце, гарызантальна сфармаваныя мастацкія супольнасці і аб’яднанні, якія прадстаўляюць своеасаблівую альтэрнатыву і супрацьпастаўляюць сваю дзейнасць дзвюм першым катэгорыям інстытуцый. Сюды можна аднесці галерэю сучаснага мастацтва «Ў», «Месяц фатаграфіі ў Мінску» (які не мае, на жаль, уласнага памяшкання), нядаўна закрытую прастору «ЦЭХ», «Сталоўку XYZ», у якой, як стала вядома [3], мясцовыя улады не далі дазвол на выставу мастака Сяргея Шабохіна, створаную адмыслова дзеля гэтай прасторы. Ладзяцца таксама выставы-кватэрнікі, арганізаваныя самімі мастакамі (яскравы прыклад — выставы ў майстэрні Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай). У пачатку 2017 у Менску адкрыўся культ-цэнтр “Корпус”, які стаў пляцоўкай не толькі для мастацкіх, але музычных, тэатральных і адукацыйных ініцыятыў. Для дадзенай катэгорыі «інстытуцый» характэрны высокі ўзровень канцэптуальнасці і практычна адсутнае фінансаванне.

Сітуацыя беларускага інстытуцыйнага поля ў параўнанні з бліжэйшымі суседзямі (Польшчай, Літвой, Украінай), на жаль, амаль катастрафічная. Павярнуць гісторыю назад немагчыма, і ўжо не прадуктыўна шукаць прычыны такой сітуацыі ў тым, што Беларусь засталася адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе Фонд Сораса не паспеў адкрыць Цэнтр сучаснага мастацтва, які традыцыйна выступае для лакальных мастацкіх супольнасцей перш за ўсё як пляцоўка для актуальных практык, эксперыментаў і адукацыі.

Спадзявацца на тое, што дзяржаўныя інстытуцыі раптам павярнуцца тварам да сучаснага, незаангажаванага мастацтва, таксама вельмі ўтапічна.

Дзвюма, як уяўляецца, магчымымі стратэгіямі развіцця мясцовай інстытуцыйнай прасторы могуць быць павышэнне прафесійнага ўзроўню прадстаўнікоў арт-інстытуцый, якія маюць прыватнае фінансаванне, а таксама фінансавая падтрымка мясцовых мастацкіх супольнасцей, якія развіваюць альтэрнатыўныя дзяржаўным мастацкія практыкі.

Арт-Мінск 2018. Фота Сяргея Гудзіліна

У кастрычніку 2018 года ў Вільні на месцы кінатэатра «Литува» адкрые дзверы новы музей сучаснага мастацтва, пабудаваны па праекце вядомага берлінскага архітэктара Даніэля Лебескінда з ініцыятывы літоўскага бізнесоўца і мецэната Віктара Буткуса. Падчас будаўніцтва і нават да зацвярджэння самога праекта ў мясцовай культурнай і інтэлектуальнай супольнасці не сціхалі спрэчкі адносна правамернасці зносу апошняга і самага буйнога савецкага кінатэатра на тэрыторыі Вільнюса. Зямля першапачаткова была набытая іншым інвестарам, у якога яе выкупіў Буткус, каб пакінуць гораду сваю калекцыю літоўскага і сусветнага мастацтва, што складаецца больш чым з 5 000 арт-аб’ектаў. Новы музей разам з Цэнтрам сучаснага мастацтва і Нацыянальнай карціннай галерэяй абяцае стаць пляцоўкай, якая прымае найбольш яркія і актуальныя мастацкія праекты, адкрывае маладым мастакам з усяго свету дзверы сваёй рэзідэнцыі ды праводзіць канферэнцыі з удзелам вядучых арт-крытыкаў, даследчыкаў і куратараў з усяго свету.

Нават калі выказаць здагадку, што наступным куратарам чарговага «Арт-Мінска», Восеньскага салона або выставы мёду стане сам Ханс-Ульрых Обрыст ці Окві Энвезар, інстытуцыйную сітуацыю ў лакальным полі гэта ніяк не зменіць. Пакуль прафесійнага запалу мясцовых інстытуцый, на жаль, хапае на правядзенне, мабыць, толькі забаўляльнай «Ночы музеяў».

Анна Карпенка

Фатаграфіі Сяргея Гудзіліна

[1] Так прадставіў спадара Антанэлі Аляксандр Зіменка падчас лекцыі італьянскага куратара у межах паралельнай праграмы фестывалю «Арт Мінск»

[2] Гройс Б. Палітыка паэтыкі. – М.: Адмаргінем Прэс, 2013. с. 15.

[3] Паводле паведамлення на асабістай старонцы у facebook самаго мастака https://www.facebook.com/photo.php?fbid=10213673935137472&set=a.10200128900960083.1073741826.1077409462&type=3&theater

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology