Альбом «1937»: расстраляная паэзія загучала пад электроніку

Трыа Buben Naruszewicz Baisan выпусціла альбом «1937». Праграма на вершы паэтаў трыццатых была запісаная на студыі дзяржаўнага радыё, яе прэзентацыя адбылася ў праграме «Тэрыторыя гуку» на Першым канале.

Пад акампанемент гітары Нарушэвіча і электроніку Бубена на ўсю краіну загучалі вершы Юлія Таўбіна, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Алеся Дудара, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Тодара Кляшторнага. Цяпер альбом даступны для праслухоўвання ў інтэрнэце.

Слухаць альбом на SoundCloud

Каментуюць стваральнікі, — «Мы цешымся, што афіцыйная прэзентацыя адбылася на цэнтральным радыёканале, бо менавіта там мусяць гучаць нацыянальныя героі. Канцэпцыя альбома вельмі простая і сумная: па кожнаму з паэтаў прайшоўся 37-ы год. Іх лёсы не пакідаюць нас абыякавымі, як і лёсы нашых сямей: расстраляны продак Улада Бубена, Іван Мезін, быў апошнім старастам Чырвонага касцёла, пераследаваліся і два прадзеда Алеся Плоткі.

Сёння мы імкнемся вярнуць паэзію 30-х у сучасны кантэкст, калі ўжо не кожны счытае сэнс вокладкі з фарамі машыны пад домам».

Трыа Buben Naruszewicz Baisan утварылася на глебе супрацы паэта Алеся Плоткі (Baisan) з культавым электронным музыкам Уладам Бубенам. Разам з гітарыстам Леанідам Нарушэвічам (гурт «Князь Мышкін») яны выдалі шэраг альбомаў. Сярод іх вылучаюцца альбом Bulbahuana, які ўвайшоў у топ-3 лепшых электронных альбомаў Беларусі 2017 і «Папяросы» — пераклад кнігі Юрко Іздрыка.

У планах трыа — рэліз альбома «З нажом на Сонца» (часткі паэмы «Калі асядае муць» Тодара Кляшторнага) і выступ у Ракаве 30 чэрвеня.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology