Міжнародны літаратурны open-air форум у арт-вёсцы Каптаруны

28-29 ліпеня 2018 года аграсядзіба «Арт-вёска Каптаруны» і Літаратурны дом «Логвінаў» запрашаюць на ІІІ Міжнародны open-air форум «Міжмор’е літаратур», культурны Форум, які аб’ядноўвае літаратараў з Беларусі і замежжа.

У форуме гэтага года, які адбудзецца ў трэці раз, возьмуць удзел літаратары з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы, Германіі і Ірана. Тэма Форума гэтага года — нябачныя межы.

Разважаючы пра межы, мы звычайна маем на ўвазе палітычныя межы, якія падзяляюць краіны. Гэтыя межы ўстойлівыя альбо, пад уплывам палітычных працэсаў, рухомыя. Але існуюць і нябачныя межы паміж культурамі — такія, як стэрэатыпы і звязаныя з імі страхі, што часам яшчэ больш жорстка раз’ядноўваюць нават суседнія краіны з агульнай гістарычнай і культурнай спадчынай.

Вельмі шмат гаворыцца пра тое, што культура можа быць прасторай, дзе пераадольванне гэтых нябачных межаў робіцца магчымым. Але сёння можна ўпэўнена канстатаваць: за апошнія дзесяцігоддзі Беларусь для суседніх краін — Літвы, Польшчы, Украіны — стала, хутчэй, яшчэ больш «незнаёмай» і «далёкай». Тое самае можна сказаць і пра зацікаўленасць беларусаў у іншых культурах, якая збольшага грунтуецца на стэрэатыпах і спажывецтве.

З гэтай перспектывы літаратура можа быць адной са стратэгій для таго, каб рабіць нашы культуры больш бачнымі і адкрытымі адна да адной.

Пра гэта шмат гаварылі падчас дыскусій на нашых мінулых фестывалях, калі стала зразумела, што мы дрэнна ведаем адно аднаго нават унутры літаратурнай і інтэлектуальнай прасторы. Канцэптуальную ролю ў гэтым сэнсе адыгрывае пераклад — як адзін з асноўных інструментаў пераадолення разрыву паміж рознымі культурамі. Таму сёлета мы вырашылі, акрамя ўласна літаратараў, запрасіць выдаўцоў і перакладчыкаў з розных краін, каб стварыць агульную літаратурную прастору, дзе магчымая рэалізацыя адной з утопій — прасторы без межаў.

Ідэя і рэалізацыя: Таня Арцімовіч, Артур Клінаў

Куратарская група: Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Ірына Герасімовіч

Госці фестывалю:

Юлія Фядорчук (Польшча), Марыюс Бурокас, Юргіта Йяспанітэ (Літва), Мэхдзі Марадпур (Берлін), Махмуд Хасэйні Сад (Іран), Святаслаў Памяранцаў (Meridian Czernowitz), Астап Слывынскі (Украіна), Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Ірына Герасімовіч, Артур Клінаў, Ігар Логвінаў, Павал Касцюкевіч, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута (Беларусь)

Госці адмысловай праграмы: Пафнуцій Казюкян (Грёзы Пафнутия), Антаніна Слабодчыкава і Юра Дзівакоў-Душэўскі.

Будзем радыя бачыць вас сярод гледачоў! Уваход вольны. Даезд самастойны, побач будзе разбіты лагер для намётаў. За асобную аплату можна будзе замовіць гарачае харчаванне. Для больш камфортнага вашага ўладкавання і нашай адказнасці абавязкова рэгіструйцеся па спасылцы: https://goo.gl/forms/8yFsNGciXEQLUpOh2.

Увага! Арт-вёска Каптаруны знаходзіцца ў памежнай зоне, наведаць якую грамадзяне замежных краінаў могуць толькі — папярэдне аформіўшы адмысловую квітанцыю. Таму загадзя патурбуйцеся, калі ласка.

Падрабязная праграма па спасылцы: http://kaptaruny.com/iii-mizhnarodny-open-air-forum-mizhmor-e-litaratur/.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology