Праект ПРА___БЕЛ у Польшчы: паміж «тут» і «там»

З 31 жніўня да 30 верасня 2018 у Галерэі Крынкі ў Польшчы будзе працаваць выстава ПРА___БЕЛ. Дадзеная выстава арганізавана адмыслова для XIX Трыялогу ў Крынках (XIX Trialog «Belarasian outside») і з’яўляецца сегментам шматгадовага даследавання Андрэя Дурэйкі прысвечанага беларускаму мастацтву за мяжой.

Пад канец 90-х мінулага стагоддзя на фоне распаду Савецкага Саюза і здабыцця Беларуссю незалежнасці, склалася ўнікальная сітуацыя для беларускай культуры, калі за яе межамі апынулася вялікая колькасць мастакоў, якія, тым не менш, шмат у чым вызначаюць яе сённяшні твар. 

 

Ужо ў назве выставы агучана дваістае становішча такой сітуацыі: з аднаго боку, паўсталая пустэча, інтэрвал, пазначыліся мяжы; з іншага, працягваецца сведчанне за/пра беларускую платформу.

Наш свет раздзіраецца адначасовым глабалісцкім і нацыяналістычным контр-рухам. Мы імкнёмся да волі перасоўвання, адкрытасці меж, і пры гэтым выступаем за захаванне дзяржаўнай незалежнасці
і культурнай самабытнасці.

Тым часам эмігрант паступова робіцца самым тыповым жыхаром планеты. Гэтыя не толькі ўцёкі ад палітычных і эканамічных праблем, але і вечная спроба выйсця за бар’еры: геаграфічныя, прыродныя, філасофскія, эстэтычныя. Такое трагічнае становішча разрыву з зыходнай культурай, імкненне да новага і патрэба самаідэнтыфікацыі, звароту да вытокаў, з’яўляецца адным з матораў пераасэнсавання мастацкай мовы. Уласна, у першую чаргу, гэта выстава пра мову актуальнага мастацтва, з дапамогай якога толькі і магчыма ўяўленне пра пашыраную нацыянальную культуру як агульнасусветную; пра сучаснае мастацтва, як тэрыторыю свабоды, дзе адбываюцца галоўныя бітвы чалавека, якія здымаюць супрацьстаўленні паміж «тут» і «там».

У выставе возьмуць удзел мастакі: Аліна Блюміс, Максім Вакульчык, Ягор Галуза, Жанна Грак, Лена Давідовіч, Андрэй Дурэйка, Аляксей Казанцаў, Андрэй Логінаў, Віка Мітрычэнка, Марына Напрушкіна, Уладзімір Пазняк, Ганна Сакалова, Лена Сулкоўская, Максім Тымінко, Ігар Цішын, Сяргей Шабохін, Яна Шостак, Алег Юшко, працуючыя сёння ў Амерыцы, Бельгіі, Галандыі, Нямеччыне, Польшчы і Расіі. Будзе прадстаўлены шырокі спектр медыяў і плыняў, ад геаметрычнай абстракцыі да палітычнага арт актывізму.

Куратар выставы:
Андрэй Дурэйка (нарадзіўся ў Горадні ў1971) — мастак, куратар, аўтар лекцый пра сучаснае беларускае мастацтва. Вядзе штомесячную хроніку падзей актуальнага беларускага мастацтва за мяжой для альманаха pARTisan. Збірае архіў беларускага сучаснага мастацтва. Удзельнік арт групы Revision. З 2014 года чалец экспертнай рады рэсурсу ZBOR. Вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні ім. А. Глебава, Беларускай акадэміі мастацтваў, скончыў Дзюсельдорфскую акадэмію мастацтваў.
З 1998 года жыве і працуе ў Дзюсельдорфе, Нямеччынa.

Выстава арганізаваная пры падтрымцы Фонду VILLA SOKRATES.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology