МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ — 2018

МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ — гэта 18 выставаў фатографаў ды фотакалектываў з 10 краінаў на 7 сталічных пляцоўках і аўдыторыя больш за 500 000 чалавек, прапанова паразважаць пра фатаграфію як феномен, інструмент і нагоду для дыялогаў, дыскусіяў і абмену досведам.

Адкрыццё Месяца фатаграфіі ў Мінску адбудзецца 6 верасня ў 19-00 ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

РАМАН ТРАЦЮК.. Супрэматычнае вяселле

Вось ужо пяты год каманда фестывалю трымае беларускую публіку ў інтэлектуальным тонусе — нечаканымі канцэпцыямі, праектамі з самых розных куткоў зямлі і знакамітымі гасцямі.

З 2016 года МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ выбудоўваецца вакол прапанаванай камандаю тэмы: у 2017-м ёю стаў панятак «калектывізацыя», у 2016-м — апазіцыя «цэнтр — перыферыя». Тэма гэтага года, мы спадзяемся, таксама шмат каго здзівіць. Збольшага з намерам нагадаць публіцы першапачатковае, памятнае, прызначэнне фатаграфіі, але і каб адзначыць уласную першую пяцігодку, у 2018-м МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ заяўляе ў якасці сэнсавага ядра юбілей.

ТАМА САВЭН. Пакуль смерць не разлучыць нас

Да інтэрпрэтацыі юбілею ўдзельнікі і ўдзельніцы асноўнай фестывальнай экспазіцыі на Кастрычніцкай, у новай прасторы легендарнай «Галерэі Ў», падыдуць па-рознаму. Пра яго будуць разважаць як пра адну з вех, што адлюстроўвае асноўныя этапы чалавечага жыцця, як пра свята лакальнага, сямейнага, маштабу і як пра элемент нацыянальных культураў розных краінаў і кантынентаў: пачынаючы з вясельных традыцыяў Кітаю 1985–2005 (Тама Савэн), каталогу інтэр’ераў літоўскіх загсаў (Вілма Самулёніце) і архіву тыповых сямейных святаў у Польшчы (Пшэмыслаў Пакрыцкі) і заканчваючы выставаю, прымеркаванай да гадавіны трагічнага сыходу Стэнлі Грына. У межах фестывалю ў Мінску будзе паказаны самы знакавы праект амерыканскага фотажурналіста — «Чорны пашпарт», унікальны досвед сведкі і ўдзельніка найважнейшых падзеяў на тэрыторыі былога СССР, ва Усходняй Еўропе, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы і Блізкім Усходзе трох апошніх дзесяцігоддзяў.

У цэнтральную экспазіцыю таксама ўвойдуць праект «Страчаныя тэрыторыі» польскага фотакалектыву Sputnik, які ў 2017 годзе адзначыў свой 10-гадовы юбілей, маштабная серыя фатографа Эдўарда Кэртыса — калекцыянера партрэтаў індзейцаў і здымкаў Дзікага Захаду, у якім налічваецца некалькі тысяч выяваў, а таксама выстава даўняга госця фестывалю Матыяса Гардэра, які вывучае тэму кветак у сучаснай фатаграфіі. Упершыню ў фестывалі возьме ўдзел фатограф з Кітаю Чжан Кэ Чунь, аўтар нашумелага праекту і фотакнігі «Жоўтая рака», якія адлюстравалі тры гады ягоных падарожжаў на складным ровары ўздоўж легендарнай Хуанхэ.

SPUTNIK PHOTOS. Страчаныя тэрыторыі: Новы канец

Юбілей як фатаграфічную тэму, якая цікавіць аўтараў з Беларусі і Расіі, у экспазіцыі рэпрэзентуюць архіўныя выставы «59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі» (куратаркі — Антаніна Сцебур і Ганна Самарская), «Дзявочы вечар» (калектыў VEHA) і фотакніжная выстава «Год свабоды» (куратарка Ала Міроўская з калектыву Russian Independent Self-published). Такім чынам, на адной пляцоўцы будуць суседзіць здымкі, якія адлюстроўваюць перыяд аматарскага, клубнага, руху Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя, архіўныя вясельныя здымкі з сямейных альбомаў беларусаў і беларусак, а таксама 13 фотакніг, якія інтэрпрэтуюць юбілей як «асаблівы час для вольных разваг пра важнае».

Упершыню ў гісторыі МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ асноўная экспазіцыя будзе даступная і невідушчым людзям. Куратарка і актывістка Наталля Кавалевіч, якая сама не бачыць, адмыслова арганізуе інклюзіўны маршрут: кіруючыся ім, здымкі можна будзе «прачытаць» з дапамогаю гукаў і пахаў.

На шлюбных традыцыях беларусаў засяродзіцца праект «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» (куратаркі — Дзіна Даніловіч і Настасся Даніловіч) у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Фотагалерэю з калекцыі кабінету традыцыйных музычных культураў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі будзе суправаджаць гукавы шэраг — «галасы» выяўленых на здымках вяселляў. Таксама ў межах выставы дэманструецца фільм «Радзілавіцкае вяселле» (аператар А. Глушко, фота — А. Мікус, відэамантаж — Д. Касцюкевіч). Яшчэ адзін праект, які закранае тэму вяселля, будзе паказаны ў Брэсце, у прасторы «КХ». Даследуючы феномен утылітарнай фатаграфіі ў інтэрнэце, Раман Трацюк сутыкае традыцыйныя вясельныя здымкі, зробленыя на гэтым свяце, з элементамі супрэматызму.

Пяты МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ працягвае традыцыі, закладзеныя на фестывалях мінулых гадоў. Серыю альбомаў «Бібліятэка МФМ» дапоўніць новая публікацыя: каталог з працамі класіка беларускай фатаграфіі, аднаго з заснавальнікаў фестываляў «Фотаграфіка», педагога і публіцыста Юрыя Васільева. Гледачам будзе прапанаваная і шырокая адукацыйная праграма: лекцыі, прэзентацыі і аўтарскія экскурсіі ад Андрэ Пэрльштэйна, Пшэмыслава Пакрыцкага, Антаніны Сцебур і Ганны Самарскай, Алы Міроўскай і Лены Холкінай. Для ахвотных лепей разабрацца ў сваіх сямейных архівах і пераўтварыць іх у фотакнігі ў межах МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ пройдзе аднадзённы майстар-клас ад удзельніц калектыву Russian Independent Self-published.

Інфармацыйная падтрымка — беларускі партал TUT.BY, радыё Unistar і гарадскі онлайн часопіс Citydog.by.

Пры падтрыманні амбасады Францыі ў Беларусі, Польскага інстытуту ў Мінску, Інстытуту імя Гётэ ў Мінску, ды галерэі сучаснага мастацтва «Ў» .


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology