Відэа-інсталяцыя Аляксандра Камарова ў Мінску

10 студзеня — 10 лютага 2019
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» прадстаўляе відэа-інсталяцыя Аляксандра Камарова «Ім рэзалі плаўнікі, каб пачалі расці ногі…»

У новым 2019 годзе галерэя сучаснага мастацтва «Ў» распачынае сваю працу відэа-інсталяцыяй Аляксандра Камарова. Мастак задумаў яе для прасторы галерэі, сыходзячы з хвалюючага, нестабільнага моманту любых пачынанняў і сучасных навуковых тэорый пра тое, што ўвогуле варта лічыць за прастору. Прастора можа быць уяўнай, яе можна «пражываць», калі яна напаўняецца штодзённым досведам выкарыстання, а таксама сацыяльнай, паўсталай падчас узаемадзеяння аднадумцаў. Адносіны паміж гэтымі рознымі кампанентамі не з’яўляюцца аднойчы і назаўжды зададзенымі і стабільнымі. Наадварот, яны рухомыя і перажываюць змены.

Тое, што з’яўляецца характэрным для галерэі «Ў», як рухомага арганізма без канчатковай прывязкі да пэўнай матэрыяльнай абалонкі, у дэталях паказвае Аляксандр Камароў ва ўласнай інсталяцыі. Ён распрацаваў варыянт прэзентацыі, які пагружае гледача ва ўяўную прастору рухомай выявы. Гатовыя відэа-фільмы ён перамяжоўвае з матэрыялам, што быў зняты падчас працы над імі. Сярод плыні выяў і фрагментаў гісторый глядач/ка стварае ўласныя асацыяцыі. Твор мастака ён/яна запомніць такім, як успрыняў/ла і сканструяваў/ла яго сам/а падчас індывідуальнага прагляду ў зале галерэі. Відэа-інсталяцыя нагадвае кіназалу, толькі ў ёй няма тых правілаў і нормаў, якія прысутнічаюць у звычайным кінатэатры. Тут глядач/ка рухомы/ая і становіцца сам/а як бы удзельнікам/цай гэтай інсталяцыі.

Аляксандр Камароў нарадзіўся і вырас у Беларусі, жыве і працуе ў Берліне, Германія. Вучыўся ў Глебаўскім мастацкім ліцэі ў Мінску, Беларусь, ва Універсітэце выяўленчых мастацтваў у Познані, Польшча, а таксама Rijksakademie, Нідэрланды. Яго фільмы выстаўляліся на Маскоўскай біенале (2015), у галерэі «Арсенал», Польшча (2014), Музеі сучаснага мастацтва, Чыкага (2013). Камароў з’яўляецца сузаснавальнікам PXFLUX — анлайн-платформы для прэзентацыі, прасоўвання, пашырэння і збору лічбавага мастацтва www.pxflux.net, а таксама сузаснавальнікам ABA (Аir Berlin Alexanderplatz) e.V. (Асацыяцыя мастакоў-даследчыкаў у Берліне/Аляксандарплац): www.airberlinalexanderplatz.de

Адкрыццё выставы адбудзецца 10 студзеня а 19:00, уваход вольны
Кошт квіткоў на выставу: 5 руб. (поўны); 3 руб. (ільготны)
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
Мінск, вул. Кастрычніцкая, 19
Час працы: штодня з 12:00 да 20:00
+37529 3667516
www.ygallery.by


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology