«МОВАЛАНД»
Выстава мастацкага калектыву Slavs and Tatars
22 лютага — 21 красавіка 2019
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

З 22 лютага да 21 красавіка 2019 знакаміты берлінскі мастацкі калектыў Slavs and Tatars («Славяне і татары») упершыню прадставіць у мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» сваю выставу. У цэнтры ўвагі мастакоў — рытуалы, мовы і ідэнтычнасці постсацылістычнага рэгіёна.

Экспанаты для мінскай выставы адбіраліся і дапасоўваліся пры ўдзеле беларускіх мастакоў, што працавалі ў майстэрні Slavs and Tatars у Берліне ўвосень 2018 пры падтрымцы Гётэ-Інстытута.

Усе экспанаты выставы — вынікі грунтоўных навуковых даследаванняў і палявога збору інфармацыі. Месцам сустрэч і баўлення часу на выставе стане інсталяцыя PrayWay, якая абыгрывае адначасова традыцыйную раскладную падстаўку для чытання свяшчэнных тэкстаў у мусульманаў і тахту – распаўсюджаны тып мэблі для чайханы. Гукавая інсталяцыя «Лектар», пабудаваная на старажытным тэксце павучання будучых уладароў, адначасова нагадвае пра прыняты ў познім сацыялізме спосаб агучкі серыялаў — закадравы голас. Накладанне некалькіх моваў замінае слухаць, але ўздымае пытанне шматмоўя і аўтэнтычнасці. Творы Slavs and Tatars падкупаюць гумарам, моўнымі жартамі і пачуццёвым дызайнам, які пераносіць наведвальнікаў у часе і прасторы.

Адкрыццё выставы адбудзецца 21 лютага а 19-й гадзіне ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (вул. Кастрычніцкая, 19) з удзелам Паяма Шарыфі, удзельніка групы. Уваход вольны.

20 лютага ў галерэі TUT.BY з лекцыяй

«Transliterative Tease» («Транслітэрацыя, якая дражніць») выступіць Паям Шарыфі, удзельнік групы. Апрача таго, адбудуцца экскурсіі па татарскім Мінску, урокі пляцення саламяных павукоў і іншыя імпрэзы, анонс якіх можна знайсці на старонках галерэі «Ў», Гётэ-Інстытута і ў сацыяльных сетках.

Slavs and Tatars – мастацкая біяграфія

Мастацкі калектыў стварыўся з чытацкага гуртка ў 2006 годзе. Сёння гэта знакаміты калектыў з міжнародным іменем. Апрача ўдзелу ў шматлікіх групавых выставах і біенале, такіх, як Маніфеста (2014), Венецыянская біенале (2014) або »Un Nouveau Festival« у Цэнтры Пампіду ў Парыжы (2013), Slavs and Tatars  з 2008 года паказвалі свае творы на персанальных выставах у Музеі сучаснага мастацтва Salt Galata ў Стамбуле (2017), цэнтры сучаснага мастцтва ў палацы Уяздоўскіх ў Варшаве (2016), Blaffer Art Museum у Х’юстане (2016), Asia Art Archive у Ганконгу (2015), Музеі сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку (2012) і ў Венскім Сецэсіоне (2012).

Дадатковая інфармацыя:
Ганна Карпенка, Tel.: +375 29 697 07 39
Hanna.karpenko@gmail.com
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
Мінск, вул. Кастрычніцкая, 19
Час працы: штодня з 12:00 да 20:00
Уваход на выставу па квітках (5 BYN/3 BYN)
+37529 3667516
www.ygallery.by


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology