У Варшаве пройдзе тыдзень найноўшага беларускага тэатру

26 — 31 траўня 2019 года ў Тэатральным інстытуце ў Варшаве адбудзецца тыдзень беларускага тэатра — «Новы беларускі тэатр. Няма дыму, толькі свечкі на торце». У праграме спектаклі, перформансы, канцэрт, а таксама дыскусіі з запрошанымі артыстамі з Беларусі.

Такая прэзентацыя беларускага тэатра ў Польшчы адбудзецца ўпершыню. Як адзначае адна з куратарак праграмы Таня Арцімовіч, калі сучасная драматургія Беларусі добравядомая ў постсавецкай прасторы і за яго межамі, то беларускі тэатр застаецца ў цені.

«Ва ўрбаністыцы паняткам downtown апісваюць цэнтральную частку горада, дзе месцяцца ключавыя фінансавыя і культурныя аб’екты. Калі перавесці гэты тэрмін літаральна як „ніжні горад“ і прачытаць па-за кантэкстам, парадаксальным чынам гэты downtown адсылае да чагосьці нябачнага і нязначнага — цэнтр становіцца перыферыяй. Здаецца, менавіта так па-за межамі краіны успрымаецца беларускі тэатр, які хутчэй не існуе альбо знаходзіцца па-за увагай».

Куратарка з польскага боку Іяланта Кіліян піша, што яшчэ некалькі год таму вельмі рэдка можна было сустрэць спектаклі на сацыяльныя тэмы, інспіраваныя візуальным мастцтвам ці дакументалістыкай.

«Цяпер іх неспадзявана многа. Новы беларускі тэатр уключаецца ў плынь сусветнай „рэвалюцыі клопату“, звяртаецца да феміністычных тэмаў, дыскутую з неалібералізмам, падважвае партыярхат. Любіць забаву, правакуе гледачоў выйсці з імпрэзы і падумаць, слухае зняважаных, дае голас духам, ахвярам, лёсу і прызначэнню. Памяць і гісторыя ўсё часьцей трапляюць ў кола яго ўвагі, хаця і інакш, чым у класічным дакументальным тэатры».

Сустрэча з беларускім тэатрам з’яўляецца працягам доўгатэрміновага праекта Тэатральнага інстытута ў Варшаве, мэта якога знаёмства польскай публікі з тэатрамі суседніх краін. У мінулым годзе пад назваю «Дэсант UA» адбылася прэзентацыя ўкраінскага тэатра. Беларускі тэатр будуць прадстаўляць спектаклі — «З жыцця казурак» (рэж. С. Бень. Дз. Багаслаўскі), «Родныя людзі?» ад Лабараторыі сацыяльнага тэатра ECLAB (рэж. В. Мароз), «Песня песняў» і «Крыжовыпаходдзяцей» ад Цэнтра візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт Карпарэйшн» (рэж. Ю. Дзівакоў), «Беларусь 4’33 горад сонца кропка нуль» (Т. Арцімовіч і А. Сарокін). Амаль усе гэтыя спектаклі былі заўважаныя беларускімі крытыкамі, а таксама прадстаўляліся ў межах Belarus Open Тэатральнага форума «ТЕАРТ».

Падрабязная праграма па спасылцы: https://www.instytut-teatralny.pl/projekty/nowy-teatr-bialoruski/

Арганізатар: Тэатральны інстытут у Варшаве
Куратаркі праграмы: Таня Арцімовіч і Іяланта Кіліян
Перакладчыца фестываля Святлана Курс
https://www.instytut-teatralny.pl

 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology