«ТАК АТРЫМАЛАСЯ, ШТО Я САМ УСЁ АРГАНІЗАВАЎ»

Падставай для размовы с Сяргеем Календай — літаратара, рэдактара былога часопіса «Макулатура» — стала падрыхтоўка другога нумара літаратурнага часопіса «Мінкульт». Цяпер у падтрымку часопіса праходзіць краўдфандынгавая кампанія. У вынiку — паўнавартасны культурны прадукт, у якiм будуць прадстаўлены добрыя тэксты пра свае час і эпоху. Не надта проста. Але яно таго вартае!

Сяргей Календа. Фота Таццяны Ткачовай

— Твой першы часопіс «Макулатура» быў дастаткова вядомым культурным прадуктам. Чаму ты вырашыў зрабіць не проста рэбрэндынг, а новы часопіс?

— Так атрымалася, што «Макулатурай» я займаўся разам з мастакамі. У нас быў супольны літаратурна-мастацкі праект, які нягледзячы ні на што пражыў дзевяць выданняў, і потым ужо згубіўся імпэт, не было сіл. Часопіс «Макулатура» быў для мяне першымі крокамі ў даследаванні складанай рэдактарска-выдавецкай справы, і проста надышоў час мяняцца.

— У які момант ты зразумеў, што праект трэба змяняць?

— Складана сказаць, у які менавіта момант. Шмат абмяркоўвалася наконт выхаду «Макулатуры» нумар 10, мастакі працавалі над тэкстамі. Тэксты былі адабраныя, быў створаны новы фармат для выгляду часопіса, але потым, калі дайшла справа да размеркавання дзейнасць, я ўбачыў, што гэта немагчыма зрабiць без краўдфандынгу альбо інвестара. А потым стала ўвогуле цяжка думаць аб тым, каб сабрацца самому, сабраць астатніх і пачаць працу.

— Які негатыўны вопыт ты з усяго гэтага атрымаў?

— Шчыра кажучы, «Макулатура» дала мне шмат карыснага вопыту, ніякага негатыву, усё было цікава, важна і своечасова.

— Чаму менавіта «Мінкульт»?

— «Мінкульт» – таму што, калі пэўныя ўстановы збіраюць каэты, якія вырашаюць, што ёсць мастацтва, у нас павінен быць свой Мінкульт, які таксама будзе вырашаць.

— Ці з’яўляецца гэта супрацьпастаўленнем «афіцыйнай» беларускай літаратуры?

— Так, гэта з’яўляецца супрацьпастаўленнем, бо ўсе аўтары «Мінкульта» ў першую чаргу пісьменнікі, якія збольшага не датычныя да пэўных суполак і трапілі ў часопіс не паводле сяброўства. І ўвогуле ў «Мінкульце» тэксты ад вельмі розных пісьменнікаў. Для мяне галоўная задача часопіса ў тым, каб паказаць найбольш цікавых і розных аўтараў.

«Мінкульт» ствараецца на працягу года, і яго можна назваць анталогіяй, а не часопісам, таму мо і задачы ў мяне крыху іншыя.

— Якія крытэрыі якасці асабіста ў цябе?

— Асабіста я люблю, калі тэкст, апавяданне, гісторыя, п’еса, артыкул прымушаюць думаць і разважаць над ім не адзін дзень. Мне прыемна праводзіць час у думках пра тое, што я прачытаў, гэта для мяне ўзровень якасці.

Так у другім нумары я шмат думаў над эсэ Паўла Абрамовіча, у галаве засталіся цікавыя выявы, як быццам успаміны ад апавяданняў Тані Скарынкінай і Веры Філенка. І я быў доўгі час у захапленні ад п’есы Жэні Клёцкіна… Я магу кожны тэкст «Мінкульта-2» назваць, узгадаць падрабязнасці, пагутарыць пра яго, бо літаратура для мяне — вялікая частка жыцця.

— У тваіх нумарах ідзе творчае сутыкненне. Напрыклад, наяўнасць у нумары такіх пісьменнікаў, як Віктар Шніп і Дзмітрый Калейчык, кажа пра тое, што будуць супрацьлегласці. Як табе ўдаецца канцэптуальна ўсё гэта змяшчаць у гармоніі?

— О, я вельмі люблю, калі на старонках часопіса знаходзяцца такія розныя аўтары, гэта добра паказвае, наколькі разнастайная бывае літаратура, як па-іншаму можна пісаць. І як цікава гэта бывае. Насамрэч усё пачалося яшчэ ў часопісе «Макулатура», калі ў адным нумары былі надрукаваныя аўтары, амаль што ворагі адзін аднаму, але гэта іх нават памірыла.

— Увогуле як можна, на твой погляд, падзяліць сучасную беларускую літаратуру? Якія моцныя фрагменты ў ёй есць?

— У беларускай літаратуры ёсць свой асабісты моцны голас, які кепска чуваць праз тое, што адсутнічае дзяржаўная падтрымка. Тут існуюць свае разгалінаванні і па стылях, і па кантэксце, і ўвогуле багата што можна чытаць.

— Напрыклад?

— Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Горват, Віктар Марціновіч… Усе пералічаныя пісьменнікі розныя, адметныя і маюць сваіх уласных чытачоў.

— Як удаецца эклектычна ўсё гэта аб’яднаць?

— Аўтараў аб’ядноўвае канцэпцыя часопіса. Тое, што яны розныя, дае магчымасць пашырыць чытацкую аўдыторыю, бо кожны знойдзе сабе тэкст на свой густ.

— Якія тэксты з двух нумароў — твае любімыя?

— Усе!

— Як ты ўвогуле бачыш развіццё папяровай кнігі ў Беларусі?

— Папяровая кніга заўжды будзе актуальнай, проста змяніўся наклад выданняў, але што тычыцца кніг для дзяцей і падлеткаў – то чытанне толькі на паперы як з бацькамі, так і асобна. Што тычыцца дарослай літаратуры, я асабіста трымаю каля ложка велізарныя тамы раманаў, якія вельмі прыемна па некалькі старонак чытаць перад сном, ніякая чыталка і побач не стаяла, але ў падарожжах, вядома, я бяру з сабой свой «Кіндл», бо гэта зручна.

— Ці ёсць у цябе падтрымка або гэты праект — цалкам твая ідэя?

— Апроч краўдфандынгу, у мяне няма ніякай падтрымкі, так атрымліваецца, што я сам усё арганізаваў і спрабую сваімі сіламі стварыць праект «Мінкульт». Некаторыя арганізацыя і асабіста людзі, мае сябры, мяне падтрымліваюць інфарматыўна, але насамрэч самае галоўнае ў справе працы з краўдфандынгам — гэта распаўсюд інфармацыі: чым болей людзей даведаюцца, тым болей будзе ахвотных замовіць сабе новы нумар «Мінкульта» на сайце «Вулля». Бо практыка паказвае, што ў сярэднім на пяцьдзясят праглядаў старонкі знаходзіцца адзін альбо два зацікаўленыя спонсары.

Плакат мінулай краундкампаніі. За першы Мінкульт п’е Чарльз Букоўскі

— Што будзеш рабіць, калі вырашыш, што «Мінкульт» сваю місію выканаў?

— У мяне запланавана пяць нумароў «Мінкульта»: фантастычны, вясёлкавы і калядны, і я вельмі моцна жадаю поспеху «Мінкульту-2», каб ён змог даць жыццё наступным нумарам. Шчыра кажучы, не ведаю, што буду рабіць, калі скончыцца «Мінкульт», і нават страшна падумаць, што ён можа закончыцца на нумары 2 замест 5.

— Ты згадаў, што «Макулатура» была саюзам мастакоў і пісьменнікаў. Хто можа стаць саюзнікам наступнага нумара «Мінкульта»?

— Наступныя нумары могуць стаць саюзнікамі для пісьменнікаў-фантастаў, драматургаў, крытыкаў і эсэістаў, філосафаў і дызайнераў.

— Ці ёсць сёння ў Беларусі альтэрнатыва краўдфандынгу для культурных праектаў?

— Альтэрнатывы я не бачу. Выдаўцы занятыя сваімі выданнямі, перакладамі, сваімі аўтарамі, ніхто не жадае ўвогуле рабіць штосьці асобна, напрыклад, для таго ж «Мінкульта». Я спрабаваў знайсці калісьці фундатараў, але ўмовы там былі не вельмі добрыя.

— Калі ты адчуваеш, што праект сябе зжыў?

— Калісьці гэта было з «Макулатурай». Проста знік інтарэс не толькі звонку, але і знутры.

— І апошняе пытанне: ці робіць сам краўдфандынг цябе больш свабодным?

— Краўдфандынг робіць мяне на тры месяцы ў год залежным ад сасцетак, рассылкі мэйлаў, інтэрв’ю, і я ад гэтага пакутую. Але калі з’яўляецца свежанадрукаваны «Мінкульт», гэта здымае ўсе пакуты.

Падтрымаць праект можна ТУТ. 

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology