ВОГНЕННАЯ ПЕЧ

Пераклад з нямецкай Ірыны Герасімовіч

Адзінай прафесійнай адукацыяй, якую мне давялося зведаць у жыцці, сталі некалькі месяцаў у дзяржаўнай педагагічнай вучэльні ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Мяне ўзялі вольным слухачом, і нават гэты ўмоўны допуск быў ледзь не цудам. За шмат гадоў я быў адзіным выпускніком прымарнай школы, якому гэта ўдалося, але як я ўмудрыўся трапіць у тую вучэльню, дакладна сказаць не магу. Вінаватае ў тым, бадай, спрыяльнае пасведчанне ад майго старога настаўніка, бо абсалютна неверагодна, каб я здаў экзамен у агульным парадку. У той дзень я сядзеў у актавай зале вучэльні і глядзеў на экзаменацыйныя аркушы, не маючы нават аддаленага ўяўлення, як выканаць хоць бы адно заданне па матэматыцы або французскай мове. Мне банальна бракавала ведаў.

Лукас Бэрфус. Copyright Claudia Herzog

За плячыма я меў толькі дзевяць гадоў прымарнай школы, калі не лічыць вылазкі ў секундарную ў пятым класе, адкуль мяне адлічылі пасля першага ж паўгоддзя. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але ўзровень у прымарнай школе быў настолькі нізкім, што наш клас так і не прасунуўся далей за спражэнне дзеясловаў avoir ды être. Ангельскай у мяне ніколі не было, фізікі з хіміяй — толькі пачаткі, і з матэматыкай, вышэйшай за арыфметыку, нават з алгебрай, не кажучы ўжо пра дыферэнцыяльнае вылічэнне, я ні разу не сутыкаўся.

Вядома, я перакананы ў неабходнасці адукацыі. Неразумна было б браць пад сумнеў дасягненні ўсеагульнай абавязковай школьнай адукацыі. Школа — неабходны складнік удалага жыцця. Але як пісьменнік я не магу задаволіцца канстатацыяй гэтага факта. Імкнучыся да шчырасці, мушу расказаць і пра боль.

У мяне былі добрыя настаўнікі. Настаўнікі, якія сур’ёзна ставіліся да сваёй прафесіі і дбалі пра вучняў. І, бадай, акурат гэтая іх асабістая самаахвярнасць ёсць знакам паразы. Бадай, нельга, каб школа залежала ад таго, што настаўнік працуе на знос, да знямогі. Чаму яны пацярпелі паразу, сказаць не магу, але агулам ім не ўдалося падрыхтаваць мяне да сацыяльных інстытутаў, да прасоўвання ў сённяшнім грамадстве, да руху наперад упарадкаваным маршрутам. Магчыма, ад такіх прэтэнзій аддае саманадзейнасцю, магчыма, сталенне заўжды складаецца з вагання паміж супраціўленнем і прыстасоўваннем, і, магчыма, не існуе тэхналогіі, як зрабіць з дзіцяці спраўнага сябра грамадства. Але ўсё адно не хачу верыць, што бітвы, якія мне давялося весці, былі неабходнымі або нават запланаванымі.

Я з радасцю пазбег бы тых складанасцяў, хаця ўсяго пару момантаў свайго юнацтва магу назваць нешчаслівымі. Але ж і шчаслівых было не больш. Большасць часу я займаўся тым, што намагаўся не патрапіць у пасткі, якія падпільноўвалі на кожным кроку. І праўду кажуць, што напоўненае небяспекамі жыццё ў рэтраспектыве аказваецца вартым аповеду, — але чым даводзіцца за гэта заплаціць? Ніводзін чалавек не пагодзіцца на жыццё, якое складаецца з адных практыкаванняў ды рэпетыцый, надыходзіць час, і пачынаеш прагнуць крытычных сітуацый, мажлівасці паказаць сябе ў справе, выкліку, і хацелася б верыць, што школа ёсць прасторай, дзе наша моладзь можа падрыхтавацца да выпрабаванняў жыцця. Але мой досвед быў іншым. Жыццё і выпрабаванні прысутнічалі ад самага пачатку, здрада прысутнічала, хлусня, эгаізм, лянота, а яшчэ сяброўства і вера ў будучыню, — час ад часу. Не было ніякай вышэйшай інстанцыі, кагосьці, хто вызначаў бы норму дапушчальнага, калі нападкі пераходзілі межы, пабудаваў бы сховішча і намагаўся б падтрымліваць раўнавагу. У крытычнай сітуацыі я быў увесь час. Школа прызначана быць падрыхтоўкай, але якая ад таго карысць дзіцяці, для якога тая падрыхтоўка і ёсць жыццём, бо дзіця жыве ў вечнасці імгнення?

Я імкнуўся назапашваць досвед, ледзь не любой цаной, я не пытаўся пра плён, вынікі былі мне не проста нецікавымі, яны былі бескарыснымі, бо мусілі спраўдзіцца ў будучыні, якой я зусім не ўяўляў, ніякага вобраза, ніякай карысці — нічога вартага таго, каб чакаць ці дабівацца. Гэтае грамадства не магло нічога прапанаваць мне, нічога, дзеля чаго я быў бы гатовы ахвяраваць імгненнем. Я не хацеў таго месца, якое мне прапаноўвалі, аддаючы перавагу пошукам уласнага, якім я, праўда (калі меркаваў, што знайшоў яго), быў зусім незадаволены.

Сваім настаўнікам я ўдзячны за тыя вершы, якія яны мне паказвалі, удзячны, што яны не стараліся як найлепш прыхаваць уласныя паразы. З пяшчотаю ўспамінаю, як яны дзяцініліся, як хандрылі, прыносячы адпаведны настрой у клас. Я дзякую ім за кпіны, якія яны нажывалі на сваю галаву, калі не адмаўляліся ад сваёй чалавечнасці. Настаўнік у сёмым класе чытаў нам «Бобік у вогненнай печы», гісторыю з часоў рускай рэвалюцыі, напісаную чалавекам па імені Уладзімір Ліндэрберг. Седзячы вечарам пры каміне, сям’я Бобіка, дваране, вызначала главу з Бібліі для чытання, торкаючы шпількай у адвольнае месца між старонкамі Святога Пісання. І вось аднойчы, калі бальшавікі ўжо стаялі пад дзвярыма і старое жыццё ішло на дно, шпілька паказала на гісторыю пра трох мужоў у вогненнай печы Навухаданосара. Я забыўся, як зваліся тыя мужчыны, і не хачу падымацца, каб паглядзець. Я хачу расказаць, як наш настаўнік узяў Біблію ды, падобна як у гісторыі пра Бобіка, торкнуў шпількай паміж старонак. Шпілька трапіла на тое самае месца, на трох мужоў у вогненнай печы Навухаданосара. Гэтае супадзенне ашаламіла нашага настаўніка, і ён адправіў увесь клас дамоў. У той момант я спасціг нешта такое, што складана выказаць словамі. Спазнанне найістотнейшага адбываецца па-за межамі сістэм, яно не падпарадкоўваецца навучальным планам, і якая ад яго практычная карысць для жыцця, — невядома.

Мае настаўнікі рабілі, што маглі, спрабавалі і пернікам, і пугай, але нічога не памагала. Праблем, якія мы мелі дома, яны вырашыць не маглі. Усе ведалі, што наша школа — найгоршая ў горадзе. Мы ведалі, што там, звонку, па той бок дзявятага класа, нас ніхто не чакае. Большасць маіх аднакласнікаў жылі ў сацыяльных кватэрах, што было ім штодзённаю ганьбай. Шмат хто меў «блакітную карту» ад горада, якая давала магчымасць за паўцаны паехаць са школай у паездку або наведваць курсы на вакацыях, і гэта таксама было ганьбай. Мы былі паўцэнкамі, нашы бацькі — п’яніцамі або маламаёмнымі, а часам і першым, і другім. Мы былі маладымі, прышчавымі і саромеліся таго, кім былі і кім меліся стаць. Гарызонтам нашых дасягненняў была паршывая праца ў якім-небудзь замшэлым гарадку. Дык нашто намагацца? Уцячы ўсё адно немагчыма. Мы бачылі, як жывуць нашы бацькі. Дык чаму б нам было не атрымліваць асалоду ад кожнай хвіліны дзяцінства? За нашыя глупствы пакуль адказвалі дарослыя, але нядоўга яшчэ так будзе, надыдзе час — прыгнуць яны і нас сваімі судовымі прыставамі, ваенкаматамі ды сацыяльнымі службамі.

Я не знайшоў сабе месца вучня на прадпрыемстве, але я і не шукаў. Я напісаў зусім мала заявак. Калі дакладна, наогул ніводнай. Ні пра якое рамяство і гаворкі быць не магло, у мяне абедзве рукі левыя. Да прафесій, звязаных з камерцыяй, не ляжала душа — уяўленне, што пасля школы зноў засядзеш за пісьмовы стол і будуць табе ўказваць, што рабіць, выклікала не самае вялікае захапленне. Маёй адзінай спробай паступіць куды-небудзь вучнем была кароткая размова з герам Марам, найлепшым кнігагандляром горада, немцам. У яго былі слабыя вочы; спраўджаючы каталог наяўных кніг, кончыкам носа ён ледзь не дакранаўся да старонак. Да таго ж у яго трусіліся рукі, казалі, падчас Другой сусветнай вайны ён малы некалькі дзён праляжаў пад заваламі свайго разбомбленага дома.

Яго праца падавалася мне не такой ужо і ўтомнай, і яшчэ я быў бы ў атачэнні кніг — шматабяцальнае ўяўленне.

Гер Мар сур’ёзна кіўнуў, калі я прызнаўся, што хачу працаваць у ягонай кнігарні, і выказаў меркаванне, што адразу ж пасля школы ісці засвойваць прафесію недарэчы. Каб быць кнігагандляром, трэба пажыць на свеце. Ён параіў мне пашукаць які-небудзь пераходны варыянт. Глядзіш, і адчыняцца якія дзверы, нават для вучня прымарнай школы.

Так я падпарадкаваўся свайму лёсу і на год знік на тытунёвай плантацыі ў Жора, глухой мясціне ў кантоне Во. Фермер, які за няшчасныя пару франкаў ганяў мяне з ранку да вечара, быў халерыкам і выпівохам, дубасіў сваіх кароў зэдлікам для дойкі, што не было нечым нязвыклым у той мясцовасці, дзе чужых катоў, якія забрыдалі на падворак, не доўга думаючы, адстрэльвалі з дробнакаліберкі ды кідалі на гнаявую кучу. Я зведаў тугу правінцыі і суцяшэнне белага віна, больш нічому за гэты год не навучыўся. Выхадныя я бавіў у родным горадзе, дзе з прычыны пераезду маці ў іншую мясцовасць і поўнай адсутнасці нагляду адкрыў для сябе прыцягальнасць свабоды ды вытвараў, што на думку прыйдзе. І вось у нейкі момант у той год прыйшла мне ў галаву думка зарэгістравацца на ўступны экзамен у педагагічную вучэльню; з чаго раптам, застаецца загадкай.

І цуд здарыўся — мяне прынялі, аднак год у батраках ды імгненні бязмежнай свабоды, якую я рассмакаваў, прыязджаючы ў горад на выхадныя ды потым, па вяртанні з Рамандыі, сапсавалі мяне. Я ўпэўнены, што настаўнікі прыкладалі ўсе намаганні, каб вылепіць з мяне прыстойнага навучэнца, — пачэсны і цалкам безнадзейны клопат. Я быў невыносным гаўнюком, без бацькоўскага кантролю, здзічэлы, наравісты і з алергіяй на любы аўтарытэт. Я бадзяўся, кожныя пару тыдняў пераязджаў на новае месца, дзе жыў, пакуль не даставаў і новых гаспадароў, ды ўрэшце апынуўся на вуліцы. Грошай не меў, харч даставаў тым спосабам, які называецца дробным крадзяжом. Я расфарбоўваў сабе фацэтныя цішоткі з апошнімі словамі знакамітых школьных стралкоў, у іх і хадзіў на заняткі. Я прасіў даць мне шанц, а цяпер займаўся тым, што збаёдаваў яго. Я не хацеў належаць да школьнай сістэмы. Я пераконваў сябе: школа, дзе трэба вучыць, што старажытны каменны век быў раней за новы каменны век, ні на што прыдацца не можа.

Элітнай школай педвучэльня не была, але там панаваў ліберальны дух асветніцтва, і настаўнікі цярпелі мяне даўжэй, чым я чакаў. Не хацелі яны мяне вышпурваць. Таму ў адзін цудоўны дзень я проста кінуў туды хадзіць. Ніхто мяне не шукаў, ніхто пра мяне не пытаўся, яны і не ведалі, дзе ім мяне шукаць.

Пасля гэтага на працягу некалькіх гадоў, пакуль мне не споўнілася дваццаць, я зарабляў часовымі падпрацоўкамі і жыў у кожнага, хто цярпеў мяне пару тыдняў. Эканоміка развівалася добра, патрэба ў падсобных рабочых была. У пятніцу я прапаноўваў свае паслугі ў якой-небудзь фірме часовага працаўладкавання, а ў панядзелак браўся за працу на будоўлі. Я ненавідзеў гадзінамі прастойваць у вільготнай каробцы новабудоўлі, але лепей ужо так, чым вырабляць у якім-небудзь цэху на ўскрайку горада элементы зборных шале для японскага рынку. На такіх прадпрыемствах меліся кантрольныя гадзіннікі, загадчыкі вытворчасці ды звон, які адбіваў час, — для мяне раўназначныя чатыром вершнікам Апакаліпсісу. Майму сэрцу было мілей збіраць рыштаванні, хоць ты і на здзельнай аплаце — ды за цэлы дзень назаганяеш столькі жалязяк, што пад вечар ажно рук не чуеш. Але жалязякі заганяць было зноў жа лепей, чым разбіраць рыштаванне ды, стоячы на хісткай дошцы метрах у шасці над зямлёй, лавіць дэталі, якія табе аднекуль зверху кідае падпіты брыгадзір. Найлепей мне падабалася працаваць кладаўшчыком. Сядзіш сабе адзін, ніхто не чапае. Спісы абсталявання, супныя пакецікі ды краны да радыятараў былі мне мілейшыя за людзей.

Зараблю, бывала, пару соцень франкаў ды дам дзёру. Кайфаваў ад свабоды. Бадзяўся з сябрукамі па ваколіцах, але тых, хто ў працоўныя дні мог дазволіць сабе рабіць, што заўгодна, станавілася ўсё меней, дый яны з кожным тыднем бляднелі ды марнелі. Большасць рана ці позна траплялі ў дзяржаўныя ўстановы: або ў турму для непаўнагадовых злачынцаў, што стаяла на гары Тэсэнберг, або ў дурдом Мюнзінгена, у залежнасці ад таго, кім іх лічылі: злачынцамі або вар’ятамі.

Я не ведаю, што мяне ўратавала. Дапускаю, што дзве рэчы. Я чытаў. У сямнаццаць «Пахвалу дурасці» Эразма Ратэрдамскага. У васямнаццаць узяўся за Гегелеву «Фенаменалогію духу» і «Парцыфаля» Эшэнбаха. Кнігі, пра якія ні разу не чуў ніводзін з тых, каго я ведаў. Але я дазнаўся, што гэтыя тэксты былі знакамітыя на ўвесь свет, іх ведалі паўсюль, апроч майго роднага горада. Яны належалі да таго падмурка, на якім было пабудавана і маё грамадства, хоць яно пра гэты падмурак, здавалася, нічога не ведала. Маё чытанне зрабіла мяне ў маім свеце чалавекам адметным. Яно дало мне ідэнтычнасць, адукацыю, якая адрознівала мяне ад іншых і надавала каштоўнасці, за якога б шалапута і дармаеда мяне ні трымалі.

Так я з таго часу і разумею адукацыю: як магчымасць стаць чалавекам, які адрозніваецца, які ёсць іншым і ўспрымае гэтую адрознасць не як хібу, а як адметнасць. З гэтае прычыны мне не падабаюцца тэндэнцыі стандартызаваць адукацыю і зрабіць дасягненні сувымернымі. Але куды важнейшым было для мяне тады, што дзякуючы кнігам я знайшоў выйсце са свайго свету, адкрыў доступ да космасу, у якім сучаснасць мела другаснае значэнне, я знайшоў машыну, якая дазваляла падарожнічаць у часе і выходзіць за межы ўласнага існавання.

Яшчэ адным, што мяне ўратавала, былі некалькі чалавек. Родны горад мне ў пэўны момант давялося пакінуць, занадта шмат было там спаленай зямлі. Пасля вечнасці ў дванаццаць дзён мяне выпусцілі са школы для навабранцаў, і, нібыта выконваючы абяцанне гера Мара, мне даў працу адзін кнігагандляр. У аддзеле коміксаў. Гэта былі не тыя кнігі, якія я чытаў, але ўсё ж кнігі, і ўпершыню я займеў працу, якая была даспадобы. Раніцай я з’яўляўся ў кнігарні без спазнення, у вольны час чытаў адзін за адным усе коміксы, прадстаўленыя ў асартыменце, і неўзабаве для любой жыццёвай сітуацыі мог прапанаваць трапны комікс. У той час, а мне акурат споўнілася дваццаць і я стаў дарослым, я пачаў пісаць.

Copyright: Wallstein Verlag, Göttingen, 2015

Эсэ са зборніка «Стыль і мараль», беларускае выданне якога рыхтуецца да выхаду ў выдавецтве «Паперус».

Упершыню эсэ было апублікавана ў выданні: Andreas Pfister (Hg.), Das Gymnasium im Land der Berufslehre, Zug 2011.

На вокладцы: Калаж Юры Дзівакова.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology