ДАВАЙЦЕ МАРЫЦЬ!

Ёнас Люшэр выступіў на адкрыцці Цюрыхскага філасофскага фестывалю з прамовай у абарону мар або, кажучы мовай палітыкі, за рэабілітацыю ўтопіі.

Пераклад з нямецкай Ірыны Герасімовіч

Ёнас Люшэр. Каптаруны, 2019. Фота Вікторыі Харытонавай

Макс Фрыш калісьці назваў мары і сны другой паловай нашага існавання, якая мае ключавое значэнне. Паводле яго, жыццё складаецца не толькі з добрых або злых учынкаў, не менш рэальны і той бок жыцця, дзе месцяцца сны ды мары. Гэтая думка можа стаць цікавым зыходным пунктам для разваг пра мары ды сны — не таму, што ў ёй сфармулявана асноўная сутнасць, а таму што Макс Фрыш пакідае па-за ўвагай два ключавыя моманты.

Па-першае, апавядаючы пра жыццё пэўнага чалавека, мала апісаць добрыя і злыя ўчынкі, дадаўшы да іх яго мары і сны, бо ў гэтым выпадку наш аповед абміне тое, што зрабілі з чалавекам іншыя людзі, а таксама тое, што здаралася само сабою.

Вядома, Макс Фрыш гэта разумеў, ён жа сам прымушае свайго Фабера, гэтага ўзорнага чалавека дзеі, перажываць розныя здарэнні і ліхія ўчынкі іншых людзей у дачыненні да сябе. Але што паказальна: Фрыш апісвае жыццё як прастору ўчынкаў акурат у той момант, калі заводзіць гаворку пра мары ды сны, прычым называючы мары са снамі менавіта другой паловай нашага існавання, тым самым характарызуючыіх як штосьці, што здараецца з чалавекам: сны і мары такім чынам не менш рэальныя за ўчынкі, але ўсё ж супрацьпастаўленыя ім. І на першы погляд такое апісанне падаецца цалкам слушным, бо сны прыходзяць да нас уначы, сілкуюцца падсвядомым, часта толькі цень іх пераступае парог у свядомасць. Сны з чалавекам менавіта здараюцца.

Але, і гэта па-другое, пра мары гэтага не скажаш, і калі ўважліва разгледзець выказванне Фрыша, то падаецца, што ён свядома пакінуў мары па-за ўвагай або, прынамсі, шырока абагульняючы, змясціў і начныя, і дзённыя летуценні на адным баку.

Розніца паміж снамі і марамі

Занадта шырокае абагульненне, на маю думку. Бо сны і мары ўсё ж вельмі розныя рэчы. Сны здараюцца з намі ўначы, а мары складаюцца з вобразаў і аповедаў, якія мы (са звычайнымі абмежаваннямі) падбіраем па ўласнай волі, па жаданні мы можам выклікаць іх паўторна і, што самае галоўнае, разважаць над імі ды змяняць.

Адрознасць сну ад мары праяўляецца яшчэ і ў тым, што яны адсылаюць да розных напрамкаў часу. Сны сілкуюцца мінуўшчынай, перажытым, выціснутым і забытым, старымі траўмамі, былымі крыўдамі і даўнейшымі жаданнямі, што падымаюцца з несвядомасці ды падсвядомасці і без аніякіх перашкод з боку маральнай цэнзуры, якой “Звыш-Я” звычайна ўсё вымярае, пракладаюць сабе шлях у вобразах і словах.

З марамі іначай.

Мара адсылае да будучыні.

Усведамленне, што сон адсылае да мінулага, у маштабе гісторыі чалавецтва прыйшло даволі нядаўна; як шэраг іншых рэчаў, яно стала вынікам агульнай секулярызацыі і пранікнення навукі ў розныя сферы быцця. На працягу стагоддзяў і ў на дзіва шмат якіх розных культурах сны тлумачыліся паводле зададзенай схемы: калі сніцца тое і тое, то ў бліжэйшай будучыні здарыцца тое і тое, або той, каму прысніўся сон, мае нешта зрабіць або нечага не рабіць. Такім чынам, вобразы са сноў абагульняліся да сімвалаў, якія дазвалялі прадказаць будучыню або зрабіць высновы аб пажаданых паводзінах.

Скіраванае ў будучыню дамадэрнае тлумачэнне сноў і псіхалагізацыя сноў у эпоху мадэрну, якая адсылае да мінуўшчыны, маюць, аднак, адну агульную рысу: абедзве формы тлумачэння сноў прыпісваюць ім сэнс. Больш за тое, абедзве імкнуцца гэты сэнс выкарыстаць.

То бок тлумачэнне сноў і раней, і цяпер — гэта спроба выкарыстаць сны дзеля ўдачы ў жыцці, выцягнуўшы іх з начной цемры ды накіраваўшы ім у самую пысу сляпучы пражэктар герменеўтыкі, каб потым можна было іх, гэткім чынам прасвяціўшы, па магчымасці без супярэчнасцей інтэграваць у дзённыя справы.

Акурат гэты прымус да пошукаў сэнсу на пару з утылітарнай логікай і абуджаюць ува мне абурэнне, падбухторваючы выказаць нязгоду.

Калі Макс Фрыш меў рацыю і сны ўяўляюць сабой другі бок нашага існавання, які мае ключавое значэнне, то чаму б якраз і не паставіцца сур’ёзна акурат да існавання гэтага інакшага? Паставіцца сур’ёзна — гэта значыць у тым ліку і праявіць павагу да мяжы паміж гэтымі абодвума бакамі, адмовіўшыся выкарыстоўваць на іншым баку прылады, пры дапамозе якіх мы прэпаруем сваё жыццё, якое абавязкова павінна ўдацца. Варта пакінуць няпэўнае ў няпэўнасці, заблытанае неразблытаным, тое, што бянтэжыць, тым, што бянтэжыць, змрочнае ў змроку і, перадусім, незразумелае незразумелым; сэнс — нявысветленым, рэсурс — нескарыстаным.

Сны пра карлікаў

Калі я сур’ёзна стаўлюся за сваёй прамовы, мне не застаецца нічога іншага, як ад гэтага моманту не закранаць тэму сноў.

Вам вельмі пашанцавала, бо як прафесійны апавядальнік я, бадай, мог бы паддацца спакусе апісаць вам які-небудзь сон; рызыкоўная задума, якая з мастацкага пункту гледжання амаль заўжды асуджаная на правал.

Ніхто не праілюстраваў гэтую акалічнасць лепш, чым Том Дзі Чыла ў сваім фільме пра здымкі незалежнага кіно “Жыццё ў забыцці”. У гэтым фільме нізкарослы Пітэр Дзінклэйдж, прыбраны ў блакітны сацінавы смокінг, адмаўляецца здымацца ў сцэне сну. Адмаўляецца, задаючы апраўданае пытанне: няўжо няма іншай магчымасці паказаць, што дзеянне адбываецца ў сне, апрача як усунуць у кадр карліка? Ці сніў сам рэжысёр (ролю якога выконвае Стыў Бушэмі) калі-небудзь карліка? Ці ведае ён каго-небудзь, хто хоць раз сніў карліка? Нават ён сам, карлік, ніколі не сніў карлікаў.  “Абы дзіўна было, хай з’явіцца карлік! І ўсе такія: «О, о, ачмурэць, відаць, гэта сон, ачмурэць, там карлік!»”

У гэтым эпізодзе дакладна схоплена, у чым прынцыповая складанасць з адлюстраваннем перажытага на тым, іншым баку існавання. Мы робімся на дзіва бездапаможнымі, калі трэба перадаць змест сну. Што можа быць больш няёмкім і нудным, чым калі хто-небудзь з сяброў ці калег пераказвае свой сон? Але нават і адмыслоўцы ў справе апавядання: пісьменнікі, сцэнарысты, рэжысёры — раз за разам церпяць паразу, спрабуючы справіцца з гэтай задачай, ды занадта часта хапаюцца за самыя нязграбныя штампы з рэпертуару сюррэалістаў. Абы дзіўна — такім дэвізам кіруюцца найчасцей.

Але ўсё тое небывалае і заблытанае, што мы спрабуем ажывіць пры дапамозе самых выкшталцоных прыметнікаў, чамусьці аказваецца недарэчным. І гэта цяжка зразумець, бо ў іншых выпадках добрая літаратура і добрае кіно могуць так жыва распавесці пра Іншага, што ў нас з’яўляецца адчуванне, нібы мы ведаем, як гэта — быць нейкім канкрэтным чалавекам, ці то маладым геем з французскай правінцыі, ці то рабыняй на баваўнянай плантацыі. А вось расказаць, як гэта — сніць нейкі канкрэтны сон, падаецца наўрад ці магчымым. Той другі бок існавання застаецца недасяжным для аповеду.

У каго з нас не было “маленькіх мар”

Такім чынам, вось яшчэ адна пераканаўчая прычына пакінуць па-за ўвагай летуценні-сны, і ўрэшце застаюцца адно летуценні-мары, а пра іх насамрэч шмат чаго можна сказаць.

Возьмем “маленькія мары”, як называў іх Эрнст Блох. Вось, напрыклад, дробны службовец, седзячы за пісьмовым сталом, малюе ў сваім уяўленні, як начальнік аддзела, спатыкнуўшыся на сходах, скручвае сабе галаву; а сам ён пасля слёзных просьбаў дырэкцыі паблажліва пагаджаецца заняць ягоную пасаду. Вось аспірантка-біялагіня ўяўляе сабе, як змахвае са стала клетачныя культуры і танцуючы пакідае лабараторыю, бо адзінае, чым ёй хочацца займацца ў будучыні, — гэта танцаваць. А вось генеральны дырэктар, ён уяўляе сабе, як жанчына, якая штодня моўчкі выносіць смецце з яго кабінета, аднойчы зачыніць дзверы, не прамаўляючы ні слова, падыме падол свайго халата ды сядзе яму на твар…

Менавіта такога кшталту “маленькія мары” ў дырэктара, вельмі нават з размахам і, як ужо было сказана, не закранутыя маральнай цэнзурай. Здзяйсненне жаданняў: у пэўны інтымны момант тое, чаго хочацца, на імгненне робіцца рэальным. А часта большага і не трэба. Не надта і хочацца, каб гэтыя мары здзяйсняліся. Напрамілы бог, не трэба той жанчыне падымаць падол халата, дырэктар жа ўсяго месяц таму другі раз ажаніўся і мае цвёрды намер гэтым разам зрабіць усё інакш. А аспірантка-біялагіня ведае, што даўно ўжо позна пачынаць кар’еру танцоркі, што калена, хутчэй за ўсё, падвядзе і таленту, бадай, усё адно не хопіць. І толькі наш дробны службовец насамрэч жадае, каб кіраўнік аддзела скруціў сабе галаву.

Як выдае ўжо само пагардлівае найменне, вырак Блоха ў дачыненні да гэтых “дробных мар” быў жорсткім. У ягоных вачах яны нікчэмныя прыватныя ўтопіі, эгаістычныя па змесце, скіраваныя ў будучыню, якая зусім не з’яўляецца сапраўднай будучыняй, бо падаецца будучыняй толькі гэтаму летуценніку, але па сутнасці нішто іншае, як папярэдняе жыццё, адно што толькі больш выгаднае.

Рэзкі прысуд, занадта рэзкі, як мне падаецца, бо гэтыя мары ж дапамагаюць ненадоўга ўцячы ад рэчаіснасці, яны — мімалётная, дармовая прыемнасць, дзякуючы якой абсалютна невыноснае на хвілю робіцца выносным.

У гэтым жорсткім прысудзе мне чуецца рэха зняважлівай прамовы Ніцшэ пра “апошняга чалавека”, які больш не народзіць зоркі. Але Блох хутчэй кіруецца, мяркую, бацькоўскім клопатам пра дачку-падлетка, якая ў сваім пакоі, пазавешваным постарамі з хлапчуковымі гуртамі, блукае ў летуценнях, забыўшы пра рэальную будучыню. Таму што будучыня, гэта Блоху было вядома, сама сабою не настане. Будучыня ўтвараецца выключна ў выніку практычнай дзейнасці. Вяртаючыся да Макса Фрыша, можна сказаць: аддаючыся “маленькім марам”, мы ўсё яшчэ знаходзімся на тым самым баку жыцця, што і ў снах. Бо мы пакуль не зрабілі кроку да ўчынку, ані добрага, ані злога.

Ад мары да ўтопіі

Дык давайце ж зробім гэты крок, ад маленькай мары, якая не ведае маральнай цэнзуры, да мары “сапраўднай”, як маштабна называе яе Блох. Гэтую мару, якая ўяўляе сабой “энцыклапедыю спадзеваў”, нават і марай не выпадае называць, яна заслугоўвае прэдыката “ўтопія”. І тут нязменна паўстае пытанне, як намагчыся і перайсці ад мар да ўчынкаў.

Пытанне не з прыемных, бо, па-першае, адказ на яго адшукаць складана. Па-другое, утопія сёння карыстаецца надзвычай нядобрай славай.

На гэта маюцца, як вядома, гістарычныя прычыны. “Сапраўдныя мары”, то бок утопіі, якія не задавольваюцца прыватнымі нікчэмнасцямі, а вызначаюць абсягам свайго ўздзеяння грамадства, народ, нацыю, чалавецтва ды вечнасць ці, прынамсі, тысячы год, за апошняе стагоддзе, несумненна, прывялі да разбурэнняў на абодвух полюсах палітычнага спектра. І акурат мары, якія засяроджваліся на самым велічным і ўзвышаным – на калектыве, пакінулі найглыбейшыя шнары ў жыцці асобных людзей. Да самых асноў трэба было разбурыць стары свет, каб каменя на камені не засталося, дый і сам камень трэба было, маўляў, высечы з новага матэрыялу.

Ідэя новага чалавека мае вымярэнне рэлігійнага збавення, мы знаходзім яе яшчэ ў Новым Запавеце, у лістах святога апостала Паўла, дзе сказана, што трэба “пазбыцца разам з мінулым жыццём старога чалавека (…) апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасці і святасці ісціны”.

Збавенне па загадзе, аднак, усё ж найчасцей абарочваецца навалай, і не трэба далёка хадзіць па сведчанні людзей, на якіх утопіі на ўсё жыццё пакінулі свой адбітак. Адным з такіх быў Ода Марквард, філосаф з нямецкага Гісэна, які памёр чатыры гады таму. Як чалавек, які правёў юнацтва ў школе імя Адольфа Гітлера ў нацысцкім інтэрнаце ў Зонтхофэне, дзе яго імкнуліся выдрэсіраваць на ўзорнага падданага тысячагадовага рэйха, ён і блізка не жадаў нічога чуць пра ўтопіі. Ён уголас заяўляў аб прыналежнасціда “скептычнага пакалення” і абгрунтоўваў свой кансерватызм акурат скепсісам у дачыненні да абяцанняў навізны, велічы і ісціны.

“Прышласць мусіць аднекуль паходзіць”, — сказана ў яго вядомым выслоўі.

Яшчэ мне ўзгадваецца канферэнцыя на Монтэ Верыце, у якой я браў удзел некалькі гадоў таму. На канферэнцыі пранавалася пагаварыць на тэму ўтопіі, і сярод запрошаных было ў тым ліку і некалькі пісьменнікаў, біяграфіі якіх звязаныя з Усходняй Еўропай. Гэтыя людзі таксама нічога не жадалі чуць пра ўтопіі. Герта Мюлер сцвярджала, што гэтае паняцце наогул ні на што не прыдатнае. Калі не памыляюся, гаворачы пра ўтопію, яна ўжывала слова “хвароба”. Петэр Надаш, чалавек зазвычай спакойны, адно толькі пачуўшы гэта паняцце, страчваў вытрымку, і ўрэшце Дурс Грунбайн, маючы на ўвазе ў тым ліку і сябе самога, прызнаўся, што людзям, на якіх прымусова спраўджвалі мару пра новага чалавека, уласціва неўратычнае стаўленне да ўтопіі.

І хоць такое развіццё падзей вельмі зразумелае і біяграфічна абумоўленае, цалкам беспраблемным назваць яго не выпадае, бо неўротыкі схільныя разам з вадой выплюхваць і дзіцёнка. Да чаго гэта прыводзіць, можна пабачыць на прыкладзе федэральнай канцлеркі Германіі, якая вось ужо на працягу трынаццаці гадоў кіруе краінай без аніякага вобраза жаданай будучыні. Падаецца, яе дэвіз — кіраваць сучаснасцю, а не ствараць будучыню. На справе гэта выглядае так: штодня вымяраем пульс народа і, паколькі, кіруючы, кожнаму дагадзіць немагчыма, абсалютна прагматычна і ў духу памяркоўнага кансеквенцыялізму задавольваемся маленькім, хуткім шчасцем для большасці. Напрошваецца паралель з тым, як Блох апісвае “маленькія мары”, і гэта невыпадкова: галоўнае тут — здзейсніць жаданне тут і цяпер, але будучыня так не ствараецца.

Аднак можна яшчэ канкрэтней сфармуляваць, чаму недастаткова спыняцца на гэтым: занадта шмат у каго справы ідуць нядобра, а такі стан нясцерпны, асабліва тады, калі няма надзеі, а адпаведна, і наратыва пра тое, што будзе лепш. А калі знікае надзея на лепшую будучыню, то надзеі пераключаюцца на мінуўшчыну, калі было лепш (прынамсі, так успамінаецца); лепш было, вядома ж, толькі ў тым сэнсе, што была хоць надзея на лепшую будучыню. Дык і няма чаго дзівіцца, што сёння карыстаюцца папулярнасцю тыя, хто распальвае мару пра былую веліч.

Давайце зноўку навучымся марыць!

Такім чынам, зафіксуем: мы развучыліся марыць вялікія мары. Яшчэ не пабляклі ўспаміны пра жах, які распаўсюджвалі загусцелыя да стану ідэалогій утопіі дваццатага стагоддзя. Але справа ў тым, што і зусім без мар ніяк нельга.

Аднак пра што марыць сёння, калі канец свету ўявіць лягчэй, чым канец капіталізму, як цалкам слушна заўважае Фрэдрык Джэймісан? Да таго ж у сітуацыі, калі гарызонт будучыні імкліва звужаецца ў сувязі з набліжэннем кліматычнай катастрофы? Хіба перамены клімату не ператвараюць вялікую надзею, што калі-небудзь усё чалавецтва ў роўнай ступені зможа карыстацца пладамі прагрэсу і дабрабыту, у антыўтопію чыстай вады, бо гэта ж значыла б, што кожны жыхар краін трэцяга свету зможа дазволіць сабе аўтамабіль, раз на пару гадоў новы вялікі тэлевізар, штодня мяса на стале, кандыцыянер і пералёты па ўсім свеце?

Але прапаную зрабіць крок назад. Магчыма, жах затуманіў нам зрок.

Няўжо гэтыя дзве ўтопіі – фашысцкая ўтопія тысячагадовага рэйха і камуністычная ўтопія новага чалавека – сапраўды адзіныя ўтопіі мінуўшчыны, якія варта ўзгадваць? Няўжо не існуе прыкладаў, калі б утопія паўставала ў лепшым святле? А што наконт мысляроў Асветы, якія марылі, што сістэма станаў, стагоддзямі існая ў грамадстве, можа быць пераадоленая і настане дзень, калі чалавек зажыве ў духу свабоды, роўнасці і братэрства? Хіба ў той час ім гэта не падавалася вялікай утопіяй? Хіба не была калісьці ўтопіяй сама дэмакратыя?

Прыгадаем Алімпію дэ Гуж, якая марыла пра роўныя грамадзянскія правы для жанчын і мужчын, і гэта ў 1791 годзе — хіба не ўтопія? А што наконт працоўнага тыдня меней за сорак гадзін, страхавання па беспрацоўі, медыцынскага страхавання, водпуску па догляду дзіцяці, пенсійнага страхавання, абароны ад неабгрунтаванага звальнення? Калі зірнуць з пункту гледжання тых, хто стаяў ля вытокаў барацьбы за правы працоўных, ці не пададуцца ўсе гэтыя рэчы ўтопіямі? І яшчэ больш важны момант: ці не гэтым марам аддаецца сёння сяброўка прафсаюза тэкстыльнай прамысловасці ў Бангладэшы, седзячы за сваёй швачнай машынкай?

Шмат якія з гэтых мар спярша былі больш сціплымі. Змагар за правы працоўных на пачатку XIX стагоддзя наўрад мог спадзявацца на 35-гадзінны працоўны тыдзень ці ўявіць сабе, што бацька таксама атрымае права ўзяць водпуск, каб даглядаць дзіця. Але ён, як і іншыя, марыў пра справядлівасць і лепшае жыццё, закладаючы тым самым камень у падмурак сённяшніх дасягненняў, якія спачатку былі спадзяваннямі, а потым сталі заваяваннямі.

Мо выйсце для нас — гэта мары сярэдняга радыуса дзеяння. Не маленькія брудныя мары выключна пра ўласную карысць, але і не вялікая мара пра новага чалавека. Замест гэтага — мары пра ліберальныя, сацыял-дэмакратычныя і экалагічныя дасягненні, якія заваёўваюцца крок за крокам, робячы больш рэальнай роўнасць шансаў для ўсіх і выцясняючы бесчалавечнасць з жыцця людзей.

На складанае пытанне, як ад мар перайсці да ўчынкаў, я, аднак, усё яшчэ не адказаў. Мне падаецца слушным пакінуць гэтае пытанне без адказу, бо на яго кожны мусіць адказаць сам для сябе, калі мы не хочам зноў апынуцца ў антыўтопіях XX стагоддзя. У адным я ўпэўнены: жаданне змагацца прыходзіць, калі марыш.

Таму працягнем марыць – без мар аніяк!

Пераклад зроблены пры падтрымцы Швейцарскай рады па культуры Пра Гельвецыя.

Рэдактар: Сяргей Паўлавіцкі

Карэктарка: Марына Чарнякевіч

Фота на вокладцы: Вікторыі Харытонавай


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology