Выданьне кнігі страшных kidult-гісторый «Балтыйскія шкарпэткі» з карцінамі аўтара

На платформе Ulej праходзіць краўндкампанія збору сродкаў на выданне кнігі мастака і пісьменніка Сяргея Календы «Балтыйскія шкарпэткі» з аўтарскімі ілюстрацыямі.

«Балтыйскія шкарпэткі» — гэта дзесяць гісторыяў, у якіх пэрсанажы аказваюцца не тым, чым здаваліся на самым пачатку. Вочы сябра, каханай або сваяка ўспыхваюць іншасьветным агнём, і бывае, што толькі сьмешныя лялькі з панчохі або шкарпэткі ратуюць герояў з пашчы вусьцішы.

«Жылі яны доўга і шчасьліва, і памерлі ў адзін дзень — такая старая канцэпцыя больш не працуе, — расказвае Сяргей Календа. — Сьвет вялікі і ня просты, ён складзены з розных эмоцыяў і пачуцьцяў, і патрабаваньні да казак ужо іншыя. Сучасныя дзеці, а зь імі і мы, чакаем, што казка нас ня толькі пазабавіць, але і не атруціць мядовай хлусьнёй. Нас атачае шмат тых, хто прадае рамантычную пустэчу, няспынна прапаноўвае панацэю, заганяе ў кут, стварае рабоў сыстэмы. Crossover fiction, альбо kidult-гісторыі, у нашым стагодзьдзі робяцца ўсё больш папулярнымі, вяртаецца мода на жахі, трылеры і вусьціш — гэта кранае, трымае дзіцячую ўвагу да канца, да апошняй старонкі. Дастаткова згадаць Братоў Грым без цэнзуры: набіты камянямі ды зашыты страўнік Шэрага Воўка, альбо гісторыі Шарля Пэро, дзе Малое Пальчанё падманам прымушае велікана зьесьці сваіх дзяцей, ці той жа Курдупель Цахес, са сваімі далёка не дзіцячымі жаданьнямі.

У гэтай кнізе я імкнуўся балянсаваць на мяжы міталёгіі, казачнасьці ды містыкі, кожная гісторыя апавядае ўласныя страхі ды жаданьні, і з кожнай казкай чытач будзе расьці — тое, што турбуе ў дзесяць гадоў, паступова заменяць падлеткавыя праблемы. У дзіцячай літаратуры мне не хапае глыбіні, схаваных сэнсаў і цытатаў, якія гэтак важныя для дарослых, асабліва калі чытаньне перад сном робіцца нуднай справай. Пісаць кнігу я пачаў сем гадоў таму, на літаратурных стыпэндыях, у камандзіроўках і проста ў адпачынку, знаходзячы ўрэшце час не працаваць, а толькі марыць, гутарыць зь дзецьмі, слухаць мясцовых жыхароў, зьбіраць забаўныя гісторыі ды ствараць новы сусьвет.

«Балтыйскія шкарпэткі» аб’яднаныя адным настроем і морам, і галоўнае — цацкамі, лялькамі, своеасаблівымі татэмамі, створанымі хто са шкарпэтак, хто з хустак, тканіны і нітак. Гэтыя другасныя героі адыгрываюць важную ролю ў жыцьці галоўных пэрсанажаў, і можа, чытачу будзе цікава адшукаць у кожным творы іх — таемных і маўклівых герояў. Упершыню я сам праілюстраваў кнігу. Я намаляваў трыццаць карцінаў акрылам на палатне, тры карціны на гісторыю. Гэтак зьявіліся дзесяць трыпціхаў, якія знайшлі ўладальнікаў і цяпер упрыгожваюць гасьцёўні, спальні, калідоры, альбо складзеныя ў пыльных шафах.

Калі я заканчваў кнігу і ілюстрацыі былі гатовыя, заставалася адно дапісаць некалькі сказаў апошняй казкі, я пачаў сябе запавольваць, мне моцна не хацелася расставацца з казкамі, якія я пісаў шмат гадоў. Я разумеў, што больш ня буду сядзець вечарамі, перапэцканы акрылам, вымалёўваючы герояў, караблі ды ствараючы дзіўныя фоны, якія для мяне ўжо выглядалі гатовымі карцінамі. Набліжаючыся да фіналу, я адчуваў няўпэўненасьць у сваіх сюжэтах: scio me nihil scire, так бы мовіць. Але я агледзеўся, зразумеў, што мае хлопцы толькі пачалі расьці, і бліжэйшыя дзесяць гадоў мяне чакае шчыльны казачны пэрыяд у жыцьці ды творчасьці, і гэтую кнігу варта разглядаць як пачатак жыцьця — як кнігу, што асабіста для мяне задае адмысловы тон».

Сярод лотаў — кніга, ілюстрацыі і арыгінальныя карціны Сяргея Календы. Падрабязней тут.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology