Pop-up фестываль польскай сучаснай драматургіі

З 19 па 26 лістапада ў Мінску адбудзецца pop-up фестываль “На розныя галасы. Polish Plays”, які складаецца з серыі сцэнічных (перфарматыўных) прэзентацыі і чытанняў п’ес адных з самых вядомых сучасных польскіх драматургаў. У перакладзе на беларускую мову гэтыя п’есы выходзяць асобнай анталогіяй у выдавецтве “Логвінаў”. Перакладчыкамі анталогіі выступілі Марына Шода, Андрэй Хадановіч, Марыя Пушкіна і Марына Казлоўская.

Чытанні пройдуць у розных лакацыях Мінска, над тэкстамі працуюць рэжысёры Валянціна Мароз, Аляксандр Марчанка, Юра Дзівакоў, Кацярына Аверкава і Паліна Дабравольская, Дзмітрый Багаслаўскі, Яўгенія Давідзенка. Акрамя таго адбудзецца прэзентацыя анталогіі з удзелам аўтарак і аўтараў з Польшчы, а таксама каманды беларускіх перакладчыц і перакладчыкаў.

“Ва ўступным тэксце Ізабэла Міркут адзначае, што п’есы, якія прадстаўлены ў гэтай анталогіі, яднае іх польскасць – рознымі спосабамі і мовай аўтары і аўтаркі адказваюць на выклікі сучаснасці сваёй краіны. Але ўнікальнасць гэтых тэкстаў палягае ў тым, што калі палякі счытваюць у гэтых сюжэтах Польшчу, то для нас яны аказваюцца абсалютна пазнавальнымі, быццам спісанымі з беларускага тут і цяпер”.

Таня Арцімовіч і Алена Мальчэўская, рэдактаркі анталогіі.

Polish Plays – гэта праект, які рэалізуе Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве. Праект складаецца з выдання анталогій перакладаў сучаснай польскай драматургіі ў Грузіі, Беларусі і Украіне, а таксама сцэнічных прэзентацый, воркшопаў і чытанняў. Партнёрамі праекта выступілі – Цэнтр беларускай драматургіі, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB, незалежная тэатральная кампанія “Homocosmos”, Беларускі Свабодны тэатр.

Пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску, у межах Месяца польскай літаратуры.

Падзея на Facebook. 

РАСКЛАД

19 лістапада

ОК16 18-00
(Кастрычніцкая, 19)

Прэзентацыя анталогіі польскай сучаснай драматургіі “На розныя галасы” з удзелам Пшэмыслава Пілярскага, Марты Сакалоўскай, Міхала Шымяняка, Андрэя Хадановіча, Марыны Шоды, Марына Казлоўскай, Марыі Пушкінай, Алены Мальчэўскай, Тані Арцімовіч.

ОК16 19-30

“Малая нарацыя” Войтэха Зямільскага
Рэжысёр Аляксандр Марчанка, чытае Максім Брагінец
Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”

Спасылка для рэгістрацыі

20 лістапада

Цэнтр беларускай драматургіі 19-00
(Крапоткіна 44)
“Вяртайся” Пшэмыслава Пілярскага
Рэжысёр Яўгенія Давідзенка
Цэнтр беларускай драматургіі

Спасылка для рэгістрацыі

22 лістапада

Lo-Fi Social Club 16-00
(Кастрычніцкая 16/3)
“#ясь#і#малгося” Міхала Шыманяка
Рэжысёр Каця Аверкава разам з Палінай Дабравольскай, чытаюць Ганна Семяняка, Арцём Курэнь, Ігар Шугалееў, Ева Анікей.
18+
Незалежная тэатральная кампанія “Homocosmos”

Спасылка для рэгістрацыі

23 лістапада

Другі паверх 19-00
(пр. Машэрава 9/8)
“Дзюба ў дзюбу” Маліны Пшэслюгі
Рэжысёр Валянціна Мароз, чытаюць Павал Андрэеў, Арцём Лабко, Кася Чакатоўская, Багдан Хмяльніцкі, Паліна Пяткевіч, Павал Міхаленя, Саша Бабкова.
Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB

Спасылка для рэгістрацыі

25 лістапада

ЦБД 19-00
(Крапоткіна 44)
“У воўчым чэраве” Роберта Яраша
Рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі
Цэнтр беларускай драматургіі

Спасылка для рэгістрацыі

26 лістапада

Беларускі Свабодны тэатр 19-00
“Рэйк’явік 74” Марты Сакалоўскай
Рэж. Юра Дзівакоў, чытаюць Андрэй Уразаў, Павал Гарадніцкі, Аляксей Сапрыкін, Аляксей Нарановіч.
18+
Рэгістрацыя на чытку з’явіцца 19 лістапада, сачыце за абнаўленнямі.

ПАДРАБЯЗНЕЙ ПРА П’ЕСЫ

ВОЙТЭХ ЗЯМІЛЬСКІ “МАЛАЯ НАРАЦЫЯ”

Пераклад Андрэя Хадановіча

Аўтар даведаўся аб тым, што  яго дзед Войцех Дзедушыцкі супрацоўнічаў са службамі бяспекі Польскай Народнай Рэспублікі і цяпер супастаўляе сябе з гэтай праўдай, паказваючы, як лёгка простыя закіды могуць знішчыць чалавека. Ён спасылаецца на шакіруючыя вобразы: людзі здольныя апаганіць надмагілле, каб толькі ўласнаручна аднавіць справядлівасць. Аўтар задае важнае пытанне: хто піша нацыянальную памяць — уся нацыя ці толькі “некалькі тыпаў”? Зямільскі стварае поліфанічнае і вельмі горкае выказванне пра “грэбанае замкнёнае кола не-гісторыі”.

Войтэх Зямільскі – тэатральны рэжысёр і візуальны мастак. Працуе на памежжы формаў, шукаючы сябе ў разнастайнасці перфарматыўных мастацтваў. Войтэк Зямільскі з’яўляецца заснавальнікам праекта “XS Arts Centre”, сузаснавальнікавам руху “Пікнік на Галгофе Польшча”, а таксама супрацоўнікам галерэі “BWA Warszawa”. Яго работы паказваліся па ўсім свеце, на мерапрыемствах фармату ад Рурскай трыенале да Пражскай квадрыенале і фестывалю “Боская камедыя”.

ПШЭМЫСЛАЎ ПІЛЯРСКІ “ВЯРТАЙСЯ”

Пераклад Андрэя Хадановіча

Пшэмыслаў Пілярскі ў тэксце “Вяртайся” актуалізуе топас роднага дома, які перастае быць прытулкам. Герой, Бобі Клякса, напалову бадзяга, напалову мастак, вяртаецца ў свой былы дом. Тут, аднак, жывуць ужо іншыя людзі, прысутнасць незнаёмца перашкаджае “традыцыйнаму польскаму абеду”, не ўпісваецца ў якія-колечы вядомыя цяпер схемы паводзінаў. Славутая старапольская гасціннасць аказваецца ўсяго толькі мрояй: з’яўленню Бобі ніхто не рады. У сваю чаргу, сам Бобі не можа адмовіцца ад сваіх каштоўнасцей, хоць ведае, што “турма — яна як родны дом, з якога вызваліцца цяжка”.

Пшэмыслаў Пілярскі – выпускнік факультэта польскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта, сцэнарных курсаў Варшаўскай кінашколы і Лабараторыі новых тэатральных практык. Аўтар п’ес, тэкстаў песень, сцэнароў кароткаметражных фільмаў, праграм і тэлесерыялаў. З аўтарскімі маналогамі “stand-up comedy” выступаў, сярод іншага, на НВО і “Comedy Central”. За п’есу “Вяртайся” атрымаў галоўную польскую ўзнагароду для драматургаў — Гдыньскую драматургічную прэмію (2018).

МІХАЛ ШЫМАНЯК “#ЯСЬ#І#МАЛГОСЯ”

Пераклад Марыны Казлоўскай

У Міхала Шыманяка адсылкі да польскасці прадстаўленыя праз прызму сям’і. Аднак тут сям’я выяўляецца ў генерацыйным нараканні, падзенні колішніх аўтарытэтаў. Падручнік па выхаванні не апраўдвае надзей, нашчадкі самарэалізуюцца ў інтэрнэце, і бацькам тут хутчэй няма чым ганарыцца: дзеці або прапануюць фрыстайл-маніфесты, або распранаюцца перад вэб-камерай.Напісаная ў фармаце рэп-міксаў, п‘еса “#ясь#і#малгося” даследуе разрыў паміж пакаленнем, якое вырасла ў часы камунізму, і новай генерацыяй, выхаванайу Інтэрнэце.

Міхал Шыманяк – аўтар вершаў і п’ес. Выдаў дзве кнігі: “забаўка” (2011) і “дзіры ў шчоках” (2018). Яго тэксты друкаваліся ў розных выданнях, а таксама ў часопісах “Dwutygodnik” і “Lampа”. П’есы ставіліся ў тэатрах Варшавы і Жэшава. “#ясь#і#малгося” – тэатральны дэбют Міхала Шыманяка, прэм’ера адбылася ў варшаўскім Тэатры TR.

МАЛІНА ПШЭСЛЮГА “ДЗЮБА Ў ДЗЮБУ”

Пераклад Марыны Шоды

Вы можаце быць самым адважным вераб’ём, але так і не атрымаеце права быць прынятым чародкай галубоў, якія ў сваю чаргу наўрад ці будуць ладзіць з коткамі, якія на іх палююць. Ці ёсць у такім свеце шанец на суіснаванне і сяброўства паміж рознымі відамі? У п’есе паднімаюцца важныя тэмы — разбуральная сіла стэрэатыпаў і забабонаў, якія могуць прывесці да агрэсіі і гвалту. Персанажы п’есы — птушкі і жывёлы, але адсылка да міру людзей відавочня. У фінале мы бачым прымірэнне і шчаслівы канец іх гісторыі, што наўрадці магчыма ў свеце людзей.

Маліна Пшэслюга – аўтарка трынаццаці кніг для дзяцей (яе “Зюзя” ў 2013 годзе была названая “Кнігай года” па версіі польскай секцыі IBBY) і шматкротна адзначаных узнагародамі драматычных тэкстаў для дзяцей, моладзі і дарослых. Атрымала ўзнагароду Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Малгажаты Аміляноўскай за дасягненні ў галіне літаратуры і драматургіі для дзяцей (2015), лаўрэатка медаля “Маладое мастацтва” (2012) і Узнагароды Маршалка Велькапольскага ваяводства (2015).

РОБЕРТ ЯРАШ “У ВОЎЧЫМ ЧЭРАВЕ”

Пераклад Марыі Пушкінай

“У воўчым чэраве” Роберта Яраша — алюзія на славуты “Чырвоны Каптурок”, але постаць Ваўка тут значна больш складаная і глыбокая. Спачатку ўзнікае зло, імя якому  Воўк. Потым расказваюцца гісторыі астатніх герояў, якія ў той ці іншай формесутыкнуліся са злом. Розныя гісторыі збліжаюць гэтых людзей — і ўсе яны, нарэшце, сустракаюцца ў жываце Ваўка, які быццам становіцца пачаткам новага свету, дзе заканчваецца вечная барацьба дабра і зла. Гэтая п‘еса прадстаўляецца паэтычнае даследаванне зла. 

Роберт Яраш нарадзіўся ў 1982 годзе ў Беластоку. Скончыў факультэт мастацтва тэатра лялек варшаўскай Тэатральнай акадэміі па спецыяльнасці “Рэжысура”. З 2013 года працуе ў тэатры лялек “Гулівер” у Варшаве. Цяпер займае пасаду намесніка дырэктара па мастацкіх пытаннях. Адзін з найцікавейшых драматургаў маладога пакалення. Шматразовы лаўрэат конкурсу п’ес для тэатра Цэнтра дзіцячага мастацтва ў Познані. Яго тэксты чыталіся на прэстыжных тэатральных фестывалях у Гдыні і Варшаве.

МАРТА САКАЛОЎСКА “РЭЙК’ЯВІК‘74”

Пераклад Марыі Пушкінай

П’еса заснаваная на рэальных падзеях, якія адбыліся ў 1974 годзе ў Рэйк’явіку. З розніцай у некалькі месяцаў пры падобных абставінах знікла двое мужчын. Пошукавая аперацыя скончылася нічым, пачалося следства нечуванага для Ісландыі маштабу, у выніку якога ў забойстве і саўдзельніцтве прызналіся шэсць маладых людзей. Працэс вёўся на падставе ўскосных доказаў, а вынесеныя прысуды сталі найбольш жорсткімі ў гісторыі ісландскага правасуддзя. Праз 44 гады ў кастрычніку 2018 года Найвышэйшы суд Ісландыі апраўдаў пяцярых з шасці асуджаных.

Марта Сакалоўска – пісьменніца, п’есы якой часта ставяцца і публікуюцца ў Польшчы і за мяжой. Аўтарка сцэнара і рэжысёрка дакументальнага фільма “зяно-сан” (2019). Двухкратная фіналістка конкурсу, прысвечанага польскай сучаснай драматургіі “Метафары рэчаіснасці”, трохкратная стыпендыятка Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, лаўрэатка конкурсу “Драма!”, арганізаванага часопісам “Dwutygodnik” і Teatr IMKA, паўфіналістка Гдыньскай драматургічнай прэміі.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology