ЯНО ПАМІЖ НАМІ

Лукас Бэрфус

Прамова з нагоды ўручэння Прэміі імя Георга Бюхнера

Шаноўны спадар старшыня,
шаноўныя сябры журы,
паважаныя сябры Акадэміі,
дарагая Юдыт Герстэнберг,
вашы эксцэленцыі,
дарагія сябры і перш за ўсё дарагія дзеці!

Лукас Бэрфус. Фота©Lea Meienberg

Вы вольныя аказаць мне сёння вялікую, надзвычай вялікую пашану і хоць вы можаце быць пэўныя наконт таго, наколькі глыбокую і шчырую радасць я адчуваю, але не магу не прызнацца, што частка мяне мае зараз моцную ахвоту насварыцца на вас.

Толькі ў невялікай ступені віною таму хваляванне, якое ахапіла маё жыццё і пра якое цяжка сказаць, як ды калі яно ўляжацца. Куды больш значная ўнутраная ўзрушанасць ад таго, што цяпер стаю ў шэрагу, знаходжанне ў якім выклікае пэўнае задавальненне, але і вялікія сумневы, ці мой даробак у яго сённяшнім выглядзе па праву займае месца ў гэтым шэрагу, а для ўсіх тых, хто зараз, сарамліва прыгадваючы ўласныя хібы, спадзяецца, што адпаведная нагодзе стылістычная фігура, а менавіта выстаўленая напаказ сціпласць, не пераступіць тонкую мяжу з какецтвам, я проста хацеў бы адзначыць, што ніводная з ушанаваных кніг ды п’ес не адпавядае маім уласным патрабаванням. Бо, што ні спроба, нязменна ўкліньвалася жыццё, абмяжоўваючы мяне ў тым, што было б неабходна для дасягнення мэт: у першую чаргу ў часе, у спакоі, а даволі часта ўсяго толькі ў нікчэмных грашах. І, адпаведна, створанае на сёння ёсць не больш чым тое максімальна магчымае, што ўдалося адваяваць у неспрыяльных абставін, і творца ўва мне, які ўсё яшчэ чакае ідэальных умоў, што дазволяць яму аднойчы ў поўным аб’ёме ажыццявіць усё задуманае, задаецца пытаннем, не зважаючы на сціпласць: а якая тады ўзнагарода застаецца для яго на той выпадак?

Прэмія выклікае ўва мне збянтэжанасць яшчэ і таму, што тут прысутнічае мая сям’я, а галоўнае — мае дзеці. Як бацька я хачу даваць ім упэўненасць у заўтрашнім дні і пачуццё даверу, але мае творы скрозь сведчаць пра людскую ганебнасць ды лютасць, і мне, хочаш не хочаш, давядзецца тлумачыць дзецям, што дакладна тут ушаноўваецца.

За апошнія дзесяцігоддзі я забяспечваў сабе існаванне з пакутамі, праз пакуты і на пакутах, на наўмысных і ненаўмысных забойствах, катаваннях і згвалтаваннях. Свае лепшыя гады я правёў, вывучаючы гвалт, прычым не проста абстрактна ды тэарэтычна, не, я дарыў сваім героям існаванне, каб пасля ператварыць гэтае існаванне ў суцэльную муку, у вялікі боль. Кожны персанаж, які прыцягнуў маю ўвагу, заслугоўвае шчырага спачування. Прыхільнай публіцы, якая падзяляе маю зацікаўленасць пакутамі й гвалтам, я даў даволі магчымасцей зблізку і ва ўсіх падрабязнасцях разгледзець адчайныя спробы гэтых няшчасных стварэнняў уцячы ад злога лёсу. Нярэдка сёй-той з найздальнейшых дзеячаў тэатра выносіў іх ліхтугі на сцэну ды выстаўляў у святле сафітаў, што, вядома ж, толькі спрыяла вобразнай выразнасці ды рэалістычнасці.

Гэтым сцэнарыям болю, дазвольце вас запэўніць, не толькі паслядоўнічала, але і папярэднічала жывое, вельмі жывое ўяўленне. Так што я чуў той гук, і ён дагэтуль стаіць у мяне ў вушах, з якім Герман ламаў Эрыцы пальцы. Я ішоў за Дорай у той гатэльны нумар, хаваўся побач з Давідам за аварыйным генератарам і не менш за дзесяць разоў правёў па сто дзён у тым праклятым садзе дома Амсар. Я выпраўляўся ў архівы і штораз, выявіўшы якое-небудзь асабліва незвычайнае вычварэнства, як мага акуратней вылепліваў з яго эпізод, главу ці абзац.

Няшмат было ў мяне святога, і спісаць усё на вымысел таксама не ўдасца. Мой уласны браточак, бядак гэты, паслужыў мне матэрыялам, прах яго паслужыў мне матэрыялам, яго боль, яго пакуты, яны былі маім матэрыялам, былі маёй тэмай, я выставіў на ўсеагульны агляд яго скруху, завёў гледачоў у той ванны пакой, дзе ён правёў сваю апошнюю хвілю, я дазволіў зірнуць на яго непрыхаваную бядоту і, як любы арганізатар відовішч, з кожнага гледача я, само сабой, браў плату за ўваход.

І за ўсё гэта вы ўручаеце мне сёння публічны дакумент, і нават калі ў іншых абставінах за тое самае не абавязкова ўручылі б медыцынскае заключэнне з дыягназам ці накіраванне на лячэнне, усё ж не зусім недарэчна будзе запытацца: у чым жа, ліха на яго, мая праблема?

На гэтае пытанне, праўда, адказаць вельмі лёгка.

Я – пісьменнік з Еўропы дваццатага стагоддзя: якую б ніць аповеду не выбраў, за першым жа вуглом або найпазней за другім любая прывядзе да брацкай магілы. Вырас я ў эпоху, якую называюць халоднай вайной — проста чарговы бязрадасны перыяд сярод мноства падобных у гісторыі чалавецтва. Праз наш кантынент з поўначы на поўдзень праходзіла мяжа, умацаваная калючым дротам, самастрэльнымі прыстасаваннямі і міннымі палямі. Па абодва бакі стаялі сотні, тысячы ракет, кожная абсталяваная ядзернай боегалоўкай. Штодня тое, што называецца чалавечай цывілізацыяй, магло быць імгненна і бясследна знішчанае, памылкова або наўмысна, у выніку якая розніца. Не было ніякай перспектывы, што нешта зменіцца на працягу нашага жыцця. Пазіцыі падаваліся непахіснымі, нянавісць абодвух лагераў была фундаментальным складнікам свету, настолькі ж непераадольнай, як жалезная заслона.

Але ж настала адна восень, і той восенню адбылося нешта, абсалютна непрадбачанае здарэнне, без абвяшчэння, у адно імгненне ўсё, проста ўсё чыста змянілася, што даволі блізка да таго, што мы азначаем як цуд. Людзі па той бок мяжы, на Усходзе, пазбавіліся страху, які скоўваў і спутваў іх амаль паўстагоддзя, ды паўсталі. Імперыя пала, без гвалту, мірна, за адну ноч, і муры палі, і межы, ракеты парабіліся лішнімі, і ўсе, хто перажыў гэта, усё жыццё будуць з расчуленасцю і гонарам успамінаць той зорны час чалавецтва, акурат у гэтыя дні роўна трыццаць гадоў таму, і ўсе мы будзем, мусім, маем права быць вечна ўдзячнымі людзям у Лейпцыгу, Дрэздэне і Берліне.

Але ж ах, вясна пасля зацяжной зімы трывала нядоўга, бо ўжо праз паўтара года ў красавіку, я стаў к таму часу цалкам дарослым чалавекам, нам зноў паказвалі, як абсалютна звычайныя мужчыны з абсалютна звычайнымі піўнымі жыватамі заязджаюць на пагоркі вакол Сараева ды без разбору страляюць у абсалютна звычайных людзей, жанчын, дзяцей, старых, якія ўнізе ў горадзе стаяць у чэргах па хлеб ці ваду. Гэта паказвалі зранку, у абед і вечарам, на працягу тысячы чатырохсот дваццаці пяці дзён, адзінаццаць тысяч жыццяў палегла ў адным толькі горадзе, Боснія – суцэльная бойня, сотні тысяч забітых, а гэтая мая Еўропа, нядаўна вызваленая, яшчэ п’яная ад радасці, была не ў стане зрабіць хоць штосьці супраць масавых забойстваў і выгнання. У сталіцах вольнага свету перад забойцамі рассцілалі чырвоныя дарожкі, і, як усе баязлівыя забойцы да іх, гэтыя таксама апраўдваліся самаабаронай. Нічога новага, як не новым было і тое, што акурат сярод творча адораных аказаліся самыя адпетыя злачынцы.

Вось так я рос. Такім было маё выхаванне ў сферы сусветнай палітыкі. Маё першае і найважнейшае адукацыйнае падарожжа прывяло мяне ў той час у Польшчу. Я паехаў туды разам са сваім сябруком Міхаэлем, сям’я якога першапачаткова паходзіла з мястэчка пад назвай Вадавіцы. Там яшчэ заставаўся дом, і польскі ўрад хацеў ведаць, ці прэтэндуе на яго сям’я. І вось мы выправіліся цягніком праз Берлін у тое невялічкае мястэчка, дзе нарадзіўся Караль Вайтыла, які пазней стаў Папам Рымскім. Дом мы знайшлі хутка, на дзвярах яшчэ была зорка Давіда, жыльцы – рома, якія, саромячыся сваёй беднасці, унутр нас пускаць не захацелі. Да Аўшвіца было некалькі кіламетраў. Мы не мелі намеру ехаць туды, не было ніякага плана, мы пра гэта не размаўлялі. Мы ніколі не даравалі б сабе, калі б пабаяліся. Прыехалі аўтобусам, памятаю нейкую раку, памятаю, людзі купаліся, памятаю аўтастанцыю, шыльду, баракі, сітаўку, і я, мне толькі-толькі споўнілася дваццаць, з пытаннем: як толькі гэта ўсё магло здарыцца, у чым жа, уласна, праблема гэтага кантынента, Еўропы. Там я застаўся, там я і дагэтуль. У гэтым месцы, з гэтым пытаннем. Яно мяне стварыла. Яму я абавязаны. Тым, што я сёння стаю тут, на гэтай сцэне, я абавязаны дваццатаму стагоддзю.

І менавіта гэтае пытанне звязвае мяне з Георгам Бюхнерам. Што гэта такое ўнутры нас, што хлусіць, распуснічае, крадзе ды забівае, пытаецца рэвалюцыянер Жорж Дантон, калі аднойчы ўначы яго насцігаюць успаміны пра вераснёўскія забойствы, якія ён мае на сумленні. Пытаннем гэтым задаецца кат, які шукае апраўдання ўласным учынкам, ён усяго толькі адзін з тых, хто спасылацца на самаабарону, на праклён, які нібыта паў на яго руку ды вымусіў. Такую песню яны заўжды заводзяць, забойцы, усе без выключэння, спасылаюцца на бязвыхадную сітуацыю, на неабходнасць выконваць загад, на лёс, на волю якога нібы аддадзеныя. Здаецца, такія тлумачэнні супакойваюць іх, ва ўсякім разе, Дантон пасля іх зусім супакойваецца ды кліча сваю жонку Жулі да сябе ў пасцель забойцы.

Але не, да гэтага мусілі б, бадай, ужо дайсці з тых часоў, з часоў Бюхнера, гэтае “што” ў ягоным пытанні, яно не ўнутры нас, яно паміж намі, перад намі, яно тут, гэта можна прачытаць, можна пачуць, яно ў пастановах, у распараджэннях, службовых прадпісаннях, функцыянальных узаемасувязях, фармальнасцях уезду, раскладзе руху, у правілах перавозак. На цягнік, даведаўся я ў Рауля Хільберга, патрэбны білет, дарослыя купляюць поўны, непаўналетнія льготны, і толькі дзеці да шасці гадоў маглі, згодна з тарыфнымі прадпісаннямі імперскай чыгункі, дарма, бясплатна ехаць цягніком у Аўшвіц-Біркенаў. Яно не ўнутры нас, яно паміж намі.

Не існуе ніякай змрочнай, метафізічнай багны, якая прымушала нас ісці на такія ўчынкі. І гэта, уласна кажучы, добрая навіна. Не трэба ніякіх хірургаў, каб павыразаць зло з нашых цел, ясны розум ды чуллівае сэрца дапамогуць нам распазнаць гвалт, дапамогуць загаварыць пра яго, а калі хопіць мужнасці і не будзе страху за жыццё, то мы зможам выступіць супраць гвалту і пераадолець яго.

Калі мы хочам даць чалавеку магчымасць нечаму навучыцца з гісторыі, то першай перадумовай будзе, што ён гэтую гісторыю памятае. Але, на жаль, ён дужа лёгка забывае, і часцяком забывае менавіта вырашальныя ўрокі. Так я, напрыклад, забыўся, што нічога падобнага да дэнацыфікацыі не было. Патрэбна было, каб Эстэр Беджарана, музыкантка, якая выжыла ў Аўшвіцы, нагадала мне пра гэта, аднойчы ў студзені 2018 года, у нядзельным ток-шоу да Дня памяці ахвяр Халакоста. Уласна, я гэта ведаў, само сабой, але неяк, невядома як і чаму, проста сцерлася з памяці, што пераемнасць нацыянал-сацыялістычных эліт захавалася і пасля 1945 года. Я быў забыўшыся, што ў шэрагах Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі ў траўні 1945 года налічвалася 7,5 мільёна чалавек, а яшчэ быў забыўшыся, што да 2006 года ў нямецкіх судах было вынесена ўсяго толькі шэсць з паловай тысяч прысудаў супраць нацыстаў. З кожнай тысячы сяброў партыі, такім чынам, 999 засталіся без усякага пакарання. У арміі, у выхаванні, у мастацтве, у палітыцы — дзе толькі не прыдаліся яны, кожны па-свойму. Не існавала дзяржаўных пасад, у тым ліку і найвышэйшага ўзроўню, на якія не маглі б трапіць нацысты. А  калі ўжо сёлета ўшаноўваюць Асноўны закон, мушу вам прызнацца: яшчэ я быў забыўшыся, што адзін з найбольш аўтарытэтных тлумачальнікаў канстытуцыі ФРГ, чалавек па імені Тэадор Маўнц, юрыст, які асабіста і праз свае працы выхаваў не адно пакаленне юрыстаў аж да сёння, яшчэ ў трыццатыя гады апраўдваў таталітарную дзяржаву і да самай смерці прыватна і ананімна распаўсюджваў у праваэкстрэмісцкіх выданнях сваё бачанне свету. Ён вёў сапраўднае палітычнае падвойнае жыццё: у будні –  дэмакрат, у вольны час – фашыст. Цікава, паводле якіх прынцыпаў такія людзі выхоўвалі сваіх дзяцей? А пазіраючы, прыкладам, у бок Саксоніі, мушу прызнаць правал у сваёй памяці, у якім згубіўся цесць першага пасля аб’яднання прэм’ер-міністра гэтай федэральнай зямлі – фабрыкант, які выкарыстоўваў на сваіх прадпрыемствах прымусовых рабочых, у тым ліку і ў Аўшвіцы, а яшчэ я быў забыўшыся, што ён, як і большасць фабрыкантаў, змог захаваць сваю маёмасць пасля вайны; а яшчэ — якім шчодрым ён быў да палітычных партый, асабліва да партыі свайго зяця.

Што гэта ўсё мае азначаць? Добрае пытанне, варта было б спакойна і грунтоўна яго абмеркаваць. Але каб абмяркоўваць, мы павінны памятаць. Вось жа, яны не проста раптам зноў аднекуль з’явіліся, нацысты ды іх ідэі наогул ніколі не знікалі, і кожны дэмакрат, які дзівіцца гэтаму, мусіць запытацца ў самога сябе, чаму ён пра гэта забыўся і, што самае важнае, хто будзе нам нагадваць пра ўсё гэта ў будучым.

Бо зараз, гэтымі днямі, знікаюць апошнія сведкі. Надыдзе дзень, калі нам давядзецца абыходзіцца без Эстэр Беджарана. Рут Клюгер, і Прыма Леві, і Імрэ Кертэс, і Рыхард Глацар – гэта не толькі мае настаўнікі, не аднаму мне паказалі яны кірунак, яны задалі арыенціры кожнаму дэмакрату незалежна ад палітычных і светапоглядных адрознасцяў. Нам давядзецца ў будучым абыходзіцца без іх, і тая разгубленасць, непераборлівасць і ўнутраная расхістанасць, якія вызначаюць наш час і якія мы ўсе адчуваем, выцякаюць таксама адтуль. Гэта страх перад забыццём, перад перад стратай арыенціраў. Задачай і адказнасцю майго пакалення застаецца захаванне жывой памяці. Хто забывае апошнюю вайну, той рыхтуе наступную.

Мая паэтыка, мая драматургія ніколі не былі для мяне самамэтай. Любую праяву мілагучнасці я разглядаў як мнеманічны прыём, як спосаб жыва ўспомніць, адчуць, што людзі могуць зрабіць адно з адным, але таксама і тое, што няма ў гэтым фатальнасці, няма вымушанасці. Мы не лялькі, як таго хочацца Дантону, не існуе ніякіх невядомых сіл, якія торгаюць за вяроўкі. Свабода і эмпатыя ніколі не даюцца дарма, гэта праўда, але магчымыя яны заўжды, у любое імгненне. Пра гэта мне хацелася і хочацца расказваць. У сваіх літаратурных намаганнях я адчуваю сувязь з такімі людзьмі, як Георг Бюхнер, для якіх цынізм і абыякавасць — усяго толькі іншыя назвы баязлівасці, з тымі, хто, нягледзячы на ўсе паразы, захоўвае веру ў тое, што надыдзе дзень, калі мы кінем хлусіць, распуснічаць, красці і забіваць і ўсім чалавецтвам зажывём у міры. І, разумеючы, што Акадэмія гэтай Прэміяй не проста ганаруе мае намаганні ў названым кірунку, але падзяляе іх і публічна пра гэта абвяшчае, я маю дзякаваць за нешта значна большае, чым пашана і лаўры. Узнагарода, якую вы мне сёння ўручаеце, даказвае, што я з усім гэтым не адзін, той падарунак, за які я вам ад усяго сэрца дзякую, завецца натхненнем, завецца ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні ды надзеяй.

Лукас Бэрфус,

Дармштат, 2 лістапада 2019 года

Пераклад з нямецкай Ірыны Герасімовіч
Рэдактар: Сяргей Паўлавіцкі
Карэктарка: Марына Чарнякевіч

Lukas Bärfuss
es ist zwischen uns
Rede zum Georg-Büchner-Preis 2019
© Wallstein Verlag, Göttingen 2019.

Пераклад зроблены пры падтрымцы Швейцарскай рады па культуры Пра Гельвецыя.

На вокладцы: уручэнне Прэміі Лукасу Бэрфусу, лістапад 2019. Фота© Katja Boeddinghaus. 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology