«За Маркса…» на Бэрлінскім кінафэстывалі

Сьвятлана Баскава на здымках фільму «За Маркса…»

Кадар зь фільму «За Маркса…»

Кадар зь фільму «За Маркса…»

Кадар зь фільму «За Маркса…»

Міжнародны Бэрлінскі кінафэст апублікаваў праграмы дзьвюх пазаконкурсных сэкцыяў: «Панарама» й «Форум». Расейскія фільмы не прадстаўленыя ў першай зь іх, у другой прыме ўдзел сацыяльная драма Сьвятланы Баскавай «За Маркса…».

У фільме вытворчасьці «АД студыі» й «Сыне фантом» зьняліся Сяргей Пахомаў і Уладзімер Епіфанцаў. «За Маркса…» (назва запазычаная з кнігі нэамарксыста Луі Альтусэра) раскрывае тэму клясавай барацьбы, супрацьстаяньня эксплюататараў і пралетарыяту. Зьбяднелыя рабочыя заводу ствараюць незалежны прафсаюз. Лідэра прафсаюзу забіваюць, галоўнага героя, які стаў сьведкам яго гібелі, шантажуе кіраўніцтва заводу, і ён вымушаны здаць сваіх таварышаў. Аўтары фільму сьцьвярджаюць, што ягоная ідэя палягае ў паказе дваістасьці рускага характару, у якім парадаксальным чынам зьлітыя жорсткасьць і дабрадушнасьць, адданасьць справе й здрада, зайздрасьць і ўзаемадапамога.

Рэжысэр Сьвятлана Баскава дала сваёй карціне вызначэньне «новае савецкае кіно». «Для мяне гэта першы фільм, які быў задуманы й зьняты для шырокай аўдыторыі ў падтрымку прафсаюзнага руху, які толькі нараджаецца ў нашай краіне, — сказала яна. — Я здымала ўсе гэтыя падзеі, і хлопцы з прафсаюзаў давалі мне магчымасьць даведацца, як усё адбываецца знутры. Я вельмі паважаю гэтых людзей — за іх спробы адстойваць пачуцьцё ўласнай годнасьці, за іх выклік сіле грошай».

Кінакрытык Андрэй Плахаў выказаўся пра карціну так: «Фільмы Сьвятланы Баскавай адрозьніваюцца радыкальнасьцю зьместу й формы. «За Маркса …» — не выключэньне, прычым гэта фільм пра «традыцыі радыкалізму», што надае яму дадатковую цікавасьць. Расейскія рабочыя, якія абмяркоўваюць у кінаклюбе Гадара, — гэта крута!»

Адным са стваральнікаў фільму стаў муж Баскавай Анатоль Асмалоўскі, ляўрэат «Прэміі Кандзінскага» за 2007 год у намінацыі «Мастак году», адзін зь яркіх прадстаўнікоў маскоўскага акцыянізму. Расейская прэм’ера «За Маркса…» адбылася на фэсьце «Кінатаўр» у 2012 годзе. У тым жа годзе карціна атрымала прэмію расейскай крытыкі «Белы слон» як падзея году.

Сьвятлана Баскава пачала сваю кар’еру ў 1990-х гадах, у ейных фільмах прымалі ўдзел шматлікія дзеячы сучаснага мастацтва, у тым ліку Сяргей Пахомаў, Алег Маўрамаці, Анатоль Асмалоўскі, Аляксандар Маслаеў. У 1999 годзе выйшаў найбольш знакаміты фільм рэжысэра «Зялёны слонік», названы «самым брудным фільмам тысячагодзьдзя».

Ён быў паказаны на шматлікіх міжнародных кінафэстывалях, у тым ліку Бэрлінскім, і амаль кожны паказ суправаджаўся скандалам, бо фільм закранаў супярэчлівыя й табуяваныя тэмы садызму, капрафіліі й гомасэксуальнасьці.

Фразы зь фільму сталі інтэрнэт-мэмамі. Сяргей Пахомаў і Уладзімер Епіфанцаў неаднаразова здымаліся ў карцінах Баскавай.

Сэкцыя «Форум» Бэрлінскага кінафэстывалю ўлучае дакумэнтальныя й экспэрымэнтальныя карціны з усяго сьвету, зьнятыя пераважна маладымі рэжысэрамі. На сэкцыі няма жорсткага фармату й жанравых абмежаваньняў, фільмы «Форуму» не спаборнічаюць паміж сабой. Як гаворыцца ў прэс-рэлізе фэсту, карціны, прадстаўленыя ў 2013 годзе, аб’ядноўвае тэма сацыяльных узрушэньняў і пераменаў. «Ня толькі іхны зьмест, але і форму характарызуюць спробы знайсьці новыя рэаліі й усьвядоміць сябе ў сьвеце, які зьмяняецца».

Усяго на «Форуме» будзе прадстаўлены 41 фільм з розных краінаў. 22 карціны пакажуць на фэстывалі ў межах іхных сусьветных прэм’ер. Бэрлінскі фэстываль у 2013 годзе пройдзе зь 7 па 17 лютага.

Крыніца \ lenta.ru. Фотаздымкі © filmz.ru


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology