Рэтраспэктыва «Кінэматограф Ларысы Шапіцька»

На здымачнай пляцоўцы

Кадар са стужкі «Крылы»

Кадар са стужкі «Ўзыходжаньне»

Кадр са стужкі «Узыходжаньне»

5, 12, 19, 26 лютага Музэй гісторыі беларускага кіно ў межах пэрсанальнай рэтраспэктывы «Кінэматограф Ларысы Шапіцька» (да 75-годзьдзя з дня народзінаў знакамітай кінарэжысэркі, сцэнарыста й актрысы) паказвае падборку зьнятых ёю фільмаў.

5 лютага (аўторак), 15-00 і 18-30

«Ларыса». СССР, 1980, 25 хвіл.
Сцэн. Элем Клімаў, рэж. Элем Клімаў.

Дакумэнтальны фільм пра жыцьцё й творчасьць Ларысы Шапіцька, якая трагічна загінула ў аўтакатастрофе ва ўзросьце 40 гадоў. Кадры зь ейных карцінаў чаргуюцца з архіўнымі рэпартажамі са здымачных пляцовак, фрагмэнтамі інтэрвію Шапіцька, мноствам унікальных фатаграфій. Пра рэжысэрку распавядаюць яе муж Элем Клімаў, актрысы Стэфанія Станюта й Мая Булгакава, пісьменьнік Валянцін Распуцін, паводле аповесьці якога «Разьвітаньне з маці» Шапіцька пачала здымаць фільм незадоўга да сьмерці.

«Крылы». СССР, 1966, ч / б, 82 хвіл.

Гэтая стужка, што прынесла маладой кінарэжысэрцы шырокую вядомасьць, распавядае пра лёс былой ваеннай лётчыцы, якая ня здольная (або проста не жадае з прычыны гераічных ідэалаў) прыстасавацца да мірнага штодзённага жыцьця. Фільм прымушае паглядзець збоку на пакаленьне франтавікоў праз 20 гадоў пасьля перамогі. Шапіцька паказала драму людзей, для якіх вайна сталася пікам біяграфіі, агаліўшы сацыяльныя канфлікты й узаемнае неразуменьне пакаленьняў.

12 лютага (аўторак), 15-00 і 18-30

«Радзіма электрычнасьці». СССР, 1967, ч / б, 37 хвіл.

Зьнятая паводле апавяданьня Андрэя Платонава навэла «Радзіма электрычнасьці» з кінаальманаху «Пачатак невядомага стагодзьдзя» ёсьць удалай спробай знайсьці кінэматаграфічны эквівалент платонаўскай вобразнасьці. Кінаальманах, у які таксама павінны былі ўвайсьці навэлы «Анёл» А. Сьмірнова й «Мотра» Г. Габая, здымаўся да 50-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак па цэнзурных меркаваньнях ні «Радзіма электрычнасьці», ні «Анёл» не былі выпушчаныя на экран. Іх удалося аднавіць і паказаць гледачам толькі праз 20 гадоў, у 1987 годзе.

«А трынаццатай гадзіне ночы». СССР, 1969, 70 хвіл.

Першы каляровы фільм рэжысэркі, музычная тэлеказка — навагодняе рэвю з шэрагам вядомых артыстаў. Ігравыя эпізоды чаргуюцца з эстраднымі выступамі «зорак» той эпохі — польскага ансамблю «Чырвоныя гітары», парадыста Віктара Чысьцякова, выканаўцы цыганскіх рамансаў Валянціны Баглаенка, сьпявачкі Ірмы Сахадзэ і інш.

19 лютага (аўторак), 15-00 і 18-30

«Ты і я». СССР, 1971, 92 хв.

Прысьвечаная свайму пакаленьню псыхалягічная драма пра лёс двух таленавітых навукоўцаў-мэдыкаў, якія разам пачыналі важную навуковую працу, але, здрадзіўшы свайму пакліканьню дзеля матэрыяльна-службовых заваёваў, не давялі яе да канца. Стужка была адзначана мэдалём у конкурсе маладога кіно на МКФ у Вэнэцыі (1971).

26 лютага (аўторак), 15-00 і 18-30

«Узыходжаньне». СССР, 1975, ч / б, 105 хв.

Адзін з самых моцных фільмаў сусьветнага кіно паводле аповесьці В. Быкава «Сотнікаў», які меў надзвычайны міжнародны посьпех. Вельмі рэалістычная і псыхалягічна дакладная трагедыя-роздум пра цану здрады, ахвярнасьці, сьвятасьці праз пакуты (на прыкладзе гісторыі двух партызанаў, якія апынуліся ў фашысцкім палоне) з на рэдкасьць удала падабраным акторскім ансамблем і бліскучай рэжысурай. «Нішто не праходзіць бясьсьледна, — кажа Ларыса Шапіцька. — Адно аказваецца прыкладам для перайманьня, іншае — самым жорсткім урокам, які не забываецца».

Музэй гісторыі беларускага кіно (Менск, Сьвярдлова, 4)


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology