16 лютага — дыскусія пра плястычны й танцавальны тэатар

Вячаслаў Іназемцаў і Галіна Яроміна, тэатар «ІнЖэст»

«SKVO’S Dance Company»

Танц-тэатар «Галерэя»

16 лютага, субота, 13-00
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр-т Незалежнасьці, 37а)

«Плястычны і танц-тэатар у Беларусі: асаблівасьці разьвіцьця й пэрспэктывы»

Плястычны й танцавальны тэатральны рух ува ўсёй сваёй разнастайнасьці — пачынаючы ад клясычнай пантамімы й танца, цялеснага тэатру, contemporary dance, заканчваючы зьмешанымі формамі й танцам бута — выклікае сёньня цікавасьць, як сярод тэатралаў, так і гледачоў. Штогод праходзіць вялікая колькасьць фэстываляў і конкурсаў, прысьвечаных розным напрамкам плястычнага й танцавальнага тэатраў, пішуцца дасьледаваньні, здымаюцца фільмы.

У Беларусі, нягледзячы на больш чым 40-гадовую гісторыю (дзейнасьць тэатру «Рух» Уладзімера Колесава, групы Юрыя Шульгі, потым студыяў ягоных вучняў Уладзімера Кустава, Вольгі Залескай і іншых), плястычны тэатар, як і танцавальны, так і не аформіліся ў паўнавартасны рух. Таму першы адкрыты форум плястычных і танцавальных тэатраў Беларусі «ПлаSтформа-Менск-2013» можна назваць першым крокам на шляху да стварэньня плятформы разьвіцьця гэтага віду сучаснага мастацтва ў Беларусі.

Што ўяўляе сабой сучасны плястычны й танц-тэатар у Беларусі?
У чым іх асаблівасьці й якія пэрспэктывы разьвіцьця?
Як тыя формы, у якіх працуюць беларускія плястычныя калектывы, суадносяцца з тым, што ёсьць актуальным у сусьветным тэатральным кантэксьце?

На гэтыя й іншыя пытаньні паспрабуюць адказаць запрошаныя госьці:

Вячаслаў Іназемцаў — актор, рэжысэр плястычнага тэатру «ІнЖэст» (Менск, Беларусь);
Віталь Катавіцкі — галоўны рэжысэр Беларускага маладзёвага тэатру, дацэнт Акадэміі мастацтваў (выкладчык рэжысуры, акторскага майстэрства й сцэнічнага руху), у 1980-я саліст тэатру пантамімы «Рух» (Менск, Беларусь);
Ганна Круліца — тэатральны й танцавальны крытык, сябра асноўнага савету Польскага Інстытуту Музыкі й Танца, чалец экспэртнага савету Польскай Танцавальнай Плятформы 2012 (Кракаў, Польшча);
Юзэф Маркоцкі — актор і рэжысэр «Teatr Formy» (Уроцлаў, Польшча), вучань і актор Тэатру пантамімы Генрыка Тамашэўскага (1980–90 гг.), дырэктар фэстываляў «Kinema» й «Stream», пэдагог, арганізатар воркшоп-праекту «Mime Academy»;
Тацяна Арлова — тэатральны крытык, прафэсар кафэдры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ, доктар філялягічных навук (Менск, Беларусь);
Сьвятлана Ўланоўская — балетны крытык і дасьледчык сучаснага танцу, рэдактар парталу «АртАктывіст \ Тэатар» (Менск, Беларусь).
Мадэратар — Тацяна Арцімовіч.

Запрашаем усіх зацікаўленых!

 

Інфармацыйная й арганізацыйная падтрымка: Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», ПАН-Студыя, open.by, Masterlink, «Падземка», TUT.BY, Swedish Arts Grant Committee, 4Dance.by, інтэрнэт-партал пра сучасную беларускую культуру partisanmag.by («pARTisan»).


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology