«У пустэчы»: танец невыноснай прыгажосьці

Ірына Ануфрыева, «У пустэчы»

Ірына Ануфрыева, «У пустэчы»

Ірына Ануфрыева, «У пустэчы»

Ірына Ануфрыева, «У пустэчы»

Ірына Ануфрыева, «У пустэчы»

Ірына Ануфрыева, «У пустэчы»

Ірына Ануфрыева 

13 лютага ў межах першага форуму плястычных і танц-тэатраў Беларусі «ПлаSтформа-Менск-2013» Ірына Ануфрыева (Беларусь — Швэцыя) паказала бута-пэрформанс «У пустэчы» (ідэя й танец — Ірына Ануфрыева, музыка — Дыяманда Галас, касьцюм — Яана Божак).

Пустэча пачынаецца зь цішыні. У прыцемку сцэны зьяўляецца постаць танцоркі, на імгненьне застывае, а потым павольна, упускаючы ў сябе цішыню, пачынае свой рух. Спачатку ён ледзь прыкметны: трымценьне, удых, позірк — гук цішыні выяўляе сваю цялеснасьць. Гэты танец доўжыцца каля дзесяці хвілінаў. Гледзячы на дрыготкую ў прыцемку постаць танцоркі, упадаеш у транс, атрымліваючы магчымасьць уласнага танцу з самім сабой.

Раптам, праз паўзу ў цемры, у прастору ўрываецца голас Дыяманды Галас, легенды амэрыканскага музычнага авангарду, чый вакальны дыяпазон складае амаль чатыры актавы. Танцорка вокамгненна рэагуе на голас, і пачынаецца ўжо іншы танец. Дыяманда — крычыць, гукамі крыку — рознай частаты, вышыні й гучнасьці — поўніцца цела танцоркі.

Голас і цела зьліваюцца ў адзінае цэлае, нараджаючы неверагоднай прыгажосьці танец, які распавядае пра боль, ягоную невыноснасьць і пакуты.

З інтэрвію Ірыны Ануфрыевай:

«Я даўно марыла працаваць з музыкай Дыяманды, і вось гэта здарылася. У жніўні мінулага году я пачула кампазыцыю “Hee Shock Die” зь ейнага альбому “Schrie 27”. Гэты дыск яна запісала ў 1996 годзе й прысьвяціла катаваньню ў ізаляцыі. У мяне паўстала бачаньне танцу, зьявілася жаданьне зрабіць гэтую працу. Я працягнула дасьледаваць тое, над чым працавала Дыяманда, толькі — праз мову свайго цела».

Дасьледючы прастору гукаў людзей, якіх сілком зьмяшчаюць у псыхіятрычныя лякарні й над якімі зьдзяйсьняюць фізычныя й псыхічныя экспэрымэнты, Дыяманда Галас не імітуе гэты сьвет. Расклаўшы яго на складнікі — зь якіх інтэрвалаў і частотаў, напрыклад, складаецца гэты крык — яна стварае інтэнсіўную па ўзьдзеяньні гукавую партытуру. Гэта тое, як катаваньне ў ізаляцыі можа існаваць у музыцы.

Ірына прапускае гэтую музыку скрозь сваё цела і, абапіраючыся на мэтад бута, распрацоўвае харэаграфію для гэтай тэмы. Яна пашырае яе: ад катаваньня ў ізаляцыі як зыходнага пункту да «ўразьлівасьці любой жывой істоты, пастаўленай на мяжу свайго існаваньня». І гэтаксама, як і Дыяманда, Ірына не спрабуе пераканаць гледача ў сваім эмацыйным пражываньні тут і цяпер. Ейнае цела сканцэнтраванае на музыцы, яе задача як танцоркі — надаць рух кожнай ноце голасу Дыяманды.

Пасьля крыку зноў настае цішыня. Невялікая паўза, каб ізноў, па словах Ірыны, мець права прыйсьці да гуку. Гэтыя фрагмэнты цішыні быццам апраўляюць першы танец крыку, а потым і другі — гістэрычнага сьмеху. Так, гэтыя «рамкі» дазваляюць узмацніць эфэкт узьдзеяньня.

Таму што асноўнай мэтай гэтага танцу ёсьць не выказваньне Дыяманды ці Ірыны, але — глядач, якога гвалцяць, у эмацыйную прастору якога агрэсіўна ўрываецца іхны дуэт.

З інтэрвію Ірыны Ануфрыевай:

«Мне падаецца, тыя, хто прайшоў праз такое, з прычыны сваёй траўмы не змаглі б вытрываць і хвіліны гэтага танцу. Таму, зразумела, я зьвяртаюся да тых, хто заплюшчвае вочы на непрыемны бок жыцьця. Я ня думаю, што сваёй працай здолею кардынальна зьмяніць сьвет. Але штосьці можа атрымацца. Я дзякую Дыямандзе за яе сілу й адданасьць сваёй справе, за той голас, які яна дае шмат каму й чаму. Для мяне вялікі гонар рабіць сваю працу ў партнэрстве зь ейным голасам».

Камэнтуючы «Ў пустэчы», Ірына ўвесь час кажа пра інтэнсіўнасьць гэтай працы — як гука, так і цела. Яна ўсьведамляе, што ня толькі для гледача, які, магчыма, упершыню сутыкнуўся з танцам бута, але і для падрыхтаванай публікі ўспрыманьне менавіта гэтай працы можа быць складаным. Тым ня менш Ірына ўпэўненая ў правільнасьці абранага шляху. Тым больш філязофія танцу бута дакладна працуе як на тэму й мэту дасьледаваньня Дыяманды, так і на харэаграфію менавіта гэтых кампазыцыяў.

Гук, які выходзіць за межы гармоніі, і танец бута, які парушае стэрэатыпныя ўяўленьні пра прыгажосьць, — тым ня менш не глядзець і ня слухаць гэта немагчыма. 

Быццам прыкаваны, падглядаеш за містэрыяй чыіхсьці пакутаў. А можа — сваіх? Спачатку шок, потым прыняцьце — іншага, адваротнага боку жыцьця — і нарэшце, тая пустэча, за якой пачынае біцца жывое сэрца.

З інтэрвію Ірыны Ануфрыевай:

«Прыгажосьць бута ў тым, што гэтая форма спасьцігае, разглядае жыцьцё з усімі элемэнтамі, якія ў ім прысутнічаюць. У нас ёсьць шмат стэрэатыпаў адносна таго, што зьяўляецца прыгожым, прыемным, а што не, чаго лепш пазьбягаць ці ўяўляць, што гэтага няма… Бута значыць танец цемры, але гэта толькі частка.

Бута сьцьвярджае, што ў нас ёсьць як дзень, так і ноч, што мы нараджаемся й паміраем. Але яно не спрабуе паставіць прыярытэт для аднаго й зрабіць выгляд, што іншага не існуе.

Напрыклад, «У пустэчы». Я са свайго досьведу, на прыкладах іншых людзей ведаю, што ў сьвеце існуе велізарная колькасьць пакутаў, што ў гэтую хвіліну шмат людзей праходзіць праз страшныя моманты ў жыцьці. І ў гэтых людзей няма голасу. Кожны чалавек аднойчы трапляе ў сытуацыю, калі ў яго няма голасу, калі ён абсалютна бездапаможны. Таму ў гэтай працы мне важна даць голас таму, у каго яго няма. Вядома, найперш самой сабе. Але я спадзяюся, што паступова змагу стаць за тых, хто ня ў стане сам гэтага зрабіць».

Шмат для каго ў Менску той вечар стаўся выпрабавальным. Наколькі Ірыне ўдалося стаць голасам тых людзей, складана сказаць. Але тое, што яна болю й пакутам дала цела, — дакладна. Танец, які перажываеш кожным нэрвам, агіда, якая нараджае прыгажосьць і дае сілы выйсьці ў той сьвет, які ёсьць гарманічным менавіты з прычыны суіснаваньня ў ім агіднага й прыгожага.

Гэта тая пустэча, пасьля якой пачынаеш жыць наноў, маючы голас, цела і — жывую душу.

Тацяна Арцімовіч

У артыкуле выкарыстаныя фрагмэнты інтэрвію, якое цалкам будзе надрукавана ў адным з наступных нумароў «pARTisan».

Фатаграфіі © Аляксея Сталярова.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology