Міхаіл Шышкін адмовіўся прадстаўляць Расію

Міхаіл Шышкін

Міхаіл Шышкін «Тры прозы»

Расійскі пісьменнік Міхаіл Шышкін адмовіўся прадстаўляць Расію на найбуйнейшым кніжным кірмашы ЗША BookExpo America 2013, піша The Guardian. Выданне спасылаецца на ліст Шышкіна Федэральнаму агенцтву па друку і масавых камунікацыях.

У гэтым лісце Шышкін заявіў, што не можа быць прадстаўніком «краіны, у якой уладу захапіў карумпаваны злачынны рэжым, дзяржава ўяўляе сабой зладзейскую піраміду, выбары ператварыліся ў фарс, суды служаць уладзе, а не закону». Паводле словаў пісьменніка, палітычнае развіццё Расіі і асабліва падзеі 2012 году стварылі ў краіне «абсалютна непрымальную, прыніжальную для яе жыхароў і яе вялікай культуры» сітуацыю.

«Мне як рускаму чалавеку і грамадзяніну Расіі сорамна за тое, што адбываецца ў маёй краіне. Беручы ўдзел у кніжным кірмашы ў складзе афіцыйнай дэлегацыі і карыстаючыся прадстаўленымі мне як пісьменніку перавагамі,

я адначасова бяру на сябе абавязанне прадстаўляць дзяржаву, палітыку якой я лічу разбуральнай для краіны, і сістэму, якой я не прымаю», — цытуе газета тэкст ліста.

Шышкін удакладніў, што адмова ад удзелу ў расійскай дэлегацыі на кірмашы — яго асабістая ініцыятыва, якая ніяк не закранае іншых расійскіх пісьменнікаў — удзельнікаў кірмашу. Ён таксама растлумачыў, што спачатку даў згоду на ўдзел, але затым адклікаў яе.

Міхаіл Шышкін — папулярны расійскі пісьменнік, лаўрэат многіх літаратурных прэмій, сярод якіх — «Рускі Букер» (2000), «Нацыянальны бэстсэлер» (2005) і дзве прэміі «Вялікая кніга» (2006 і 2011). Да яго найбольш вядомых твораў можна аднесці раманы «Венерин волос», «Письмовник» і «Всех ожидает одна ночь». Кніжны кірмаш BookExpo America пройдзе ў Нью-Ёрку ў канцы траўня — пачатку чэрвеня 2013. У ім возьме ўдзел больш за 600 пісьменнікаў і больш за 800 выдавецтваў. У 2012 годзе Расія была ганаровым госцем BookExpo America, і ў кірмашы ўзялі ўдзел такія пісьменнікі, як Дзмітрый Быкаў, Вольга Слаўнікава, Уладзімір Маканін, а таксама Міхаіл Шышкін.

Фатаграфіі © gazetaby.com. Крыніца \ prajdzisvet.org


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology