Вольга аб Вользе, альбо Гiсторыi герояў, якiх можна з’есцi

 

Фотаздымкi Вольгi Бубiч з арт-праекта «(В)ядомыя гiсторыi»

 

Фотаздымкi Вольгi Бубiч з арт-праекта «(В)ядомыя гiсторыi»

 

Фотаздымкi Вольгi Бубiч з арт-праекта «(В)ядомыя гiсторыi»

 

Фотаздымкi Вольгi Бубiч з арт-праекта «(В)ядомыя гiсторыi»

Яна спачувае памідору і прымушае хаваць заручальныя пярсцёнкі ў фабрычных пельменях, што развальваюцца на вачах. У ейным свеце кансервы — агідныя пачвары, якія насяляюць кухню, а макарона непарыўна звязана з пытаннем даверу. 

У сваёй новай кнізе «(В)ядомыя гісторыі» беларуская паэтка, перакладчыца і навукоўца Вольга Гапеева зноў спалучае тое, што, здавалася б, спалучаць нельга.

Філасофія і паўсядзённасць, Шванкмаер і Фрэйд, сюррэалізм у рондалі. Дзевяць тэкстаў, прысвечаных героям звычайнай кухні, суправаджаюцца здымкамі Вольгі Бубіч, на задумку і рэалізацыю якіх сышло некалькі месяцаў.

ГЕРОІ, ЯКІХ МОЖНА З’ЕСЦІ 

Мы сядзім у прахалодным паўпустым бары галерэі «Ў» — невыпадкова абкружаныя, у нейкай ступені, героямі Вользіных гісторый. «Якія якасці яна пабачыла б у пыльных бутэлька, што цэлымі днямі напаўляжаць на паліцах пад гукі плаўных мелодый нямоднага chillout?» — раздумваю я, у той час як Вольга каментуе канцэпцыю новай кніжкі.

«Кнiжка называецца «(В)ядомыя гiсторыi», прычым «в» узята ў дужкi, што, адпаведна, адразу ж уводзiць нас у модную моўную гульню. З аднаго боку, атрымлiваецца, што гэта вядомыя гiсторыi, быццам бы спасылка на тое, што там будуць апiсаны нейкiя рэчы, з якiмi кожны з нас сутыкаецца ў паўсядзённым жыццi. Падругое, гэта ядомыя гiсторыi. Штосьцi будзе звязанае менавiта з прадуктамi харчавання, цi з тым, што можна неяк з’есцi альбо выпiць».

Вольга лічыць, што частае зручнае звядзенне асноўнай ідэі праекта да формулы «ежа+філасофія» на самой справе не зусім дакладнае. Падман хаваецца ў тым, што гісторыі зусім не пра ежу ў ейным побытавым значэнні.

«У маiх гiсторыях ежа — гэта героi, якiя ўдзельнiчаюць у «праекце», — тлумачыць пісьменніца. — Насамрэч яны ўсё ж такi не ежа, а такiя iснасцi, якiя мы ўспрымаем як ежу». 

«Сама кнiжка гэта не спроба распавесцi пра сябе праз ежу, а спроба перш за ўсё зразумець, што ёсць побач са мной. Тое, што прысутнiчае ў маiм жыццi, на маёй кухнi, што гэта? Цi, можа, хто гэта? Як яны ўздзейнiчаюць на маё iснаванне, як мы разам суiснуем, як гэта адбiваецца на маiм i на iх iснаваннi. Вось, напрыклад, я спачуваю, калi памiдор памiрае ў лядоўнi…»

ГЕРОІ, ЯКІЯ ПАМІРАЮЦЬ НА ТВАЁЙ КУХНІ

Нягледзячы на тое, што ў філасофскім сэнсе пачаткам усяго было яйка, у хроніках ядомых герояў тэкстаў Вольгі Гапеевай пратаганістам нумар адзін быў менавіта памідор. Сумная гісторыя яго непрацяглага жыцця і стала для пісьменніцы стымулам для таго, каб больш уважліва прыгледзецца да іншых жыхароў хостэла-лядоўні. 

«Аднойчы, пазамiнулым летам, на маёй кухні сапраўды ляжаў памiдор, ад якога я адрэзала кавалак. На наступны дзень ён, што натуральна для памiдораў, крыху скурчыўся, а мяне, у сваю чаргу, чамусьцi гэта вельмi ўразiла. Эстэтычна памiдор пабачыўся мне нейкiм вельмi прыгожым. Ён быў чырвоны, а стаў такi глянцава-белы прыемнае такое спалучэнне У гэтым працэсе загнiвання памiдор прымусіў мяне задумацца над працэсам пражывання ўласнага жыцця. Ты быццам бы глядзiш i назiраеш, як гэтыя прадукты памiраюць хутчэй за цябе, а ты сама, бачучы стан гэтага памiдора, пачынаеш думаць, экстрапаляваць на яго свае думкi…»

«Болей за тое, у мяне самой яшчэ было нейкае пачуццё спачування яму, гэтаму беднаму памiдору. I ў той жа час ты здзіўляешся, таму што разумееш, што, у прынцыпе, гэта ж ты вiнавата ў такiм лёсе памiдора, i не хто-небудзь iншы! Але ты чамусьцi не адчуваеш сваю вiну за гэта». 

«Так было напiсана апавяданне… А я сама зразумела, што ў гэтым ёсць сапраўды нейкая задумка. Бо амаль кожны прадукт можа быць звязаны з нейкiмi роздумамi альбо нават з такiм няхiлым кавалкам жыцця. Паступова атрымалася 9 гiсторый, якiя i ўвайшлi ў кнiжку «(В)ядомыя гiсторыi».

У шырокім сэнсе поле баявых дзеянняў, а менавіта звычайная кухня, на думку Вольгі Гапеевай, з’яўляецца скарбніцай магчымых даследаванняў самага рознага плану: ад урбаністычных да лінгвістычных. Калі ў савецкія часы кухня з’яўлялася бяспечнай прасторай для абмену інфармацыяй і адважнымі ідэямі, то ў сённяшнім свеце яна пакідае за сабой пазіцыі вельмі асабістых, прыватных каардынат, дзе мы ўваходзім у кантакт з тымі самімі «героямі» — істотамі-носьбітамі ўласных характараў, настрояў і гісторый.

ГЕРОІ, З ЯКІХ МОЖНА ПАСМЯЯЦЦА 

Як ні дзіўна, харчовая драма ўсіх дзевяці герояў не ўспрымаецца іхняй аўтаркай у мінорнай танальнасці. На пытанне пра настрой, які, на думку Вольгі, будуць выклікаць «(В)ядомыя гiсторыi», пісьменніца адназначна адказвае аптымізмам:

«Эмацыянальная рэакцыя, якую я магу чакаць ад чытача, — гэта, канешне ж, смех, радасць. Я спадзяюся, што знойдуцца людзi, якiя змогуць адчуць пэўнае пачуццё гумару, якое ў мяне там ёсць. Спадзяюся, што месцамi яны, як i я, будуць перажываць i спачуваць камусьцi».

«Мне здаецца, што «(В)ядомыя гiсторыi» — такое прыемнае чытво, у тым сэнсе, што яно напэўна мае прэтэнзiю на iнтэлектуальнасць, але ў той жа час — на паўсядзённасць.

Гэта тое, што кожны з нас можа знайсцi ў сваiм жыццi, яно робiць яго блiжэй да чытача цi чытачкi. Таму мне здаецца, што мой тэкст можа пачытаць любы чалавек, пачынаючы ад фiлосафа i заканчваючы… школьнiкам». 

ГЕРОІ, ЯКІХ НЕ ТОЛЬКІ ЧУТНА, АЛЕ І БАЧНА

Філосафы і школьнікі, на віртуальных паліцах якіх апынуцца «(В)ядомыя гiсторыi», могуць не толькі іранічна спачуваць пельменям і памідорам, але і ўбачыць усіх герояў «у твар»: кожную з гісторый суправаджаюць сюррэалістычныя фатаграфіі, выкананыя ў супрацы з Вольгай Бубіч, аўтаркай шэрагу фотапраектаў пра беларускую моладзь, у тым ліку серыі «ALTER LOCUS», прысвечанай беларускім паэтам / паэткам і іх крэслам.

«Я ўжо працавала з Вольгай Бубiч у ейным праекце пра крэсла літаратара «Alter Locus», — распавядае Вольга Гапеева. — I таму, што Вольга сама пiша, яна добра адчувае не толькi вiзуальную карцiнку, але i тэкст, i ведае, як можна спалучыць вiзуальны i тэкставы шэрагi. Таксама для мяне было важна, каб фатограф не толькi разумеў тэксты, а каб быў пэўны iмпэт, жаданне сваёй уласнай iдэi. Кнiжка ж трошку эксперыментальная, не класiчны раман, не класiчныя апавяданнi. I, канешне, не хацелася рабiць наўпростую iлюстрацыю ў стылі «памiдор гэта памiдор».

«Нечаканым вобразам зяўляецца для мяне менавiта сама вокладка. Фотаздымак алюзіі на макарону мы выбралi за яго канцэнтраванасць i сапраўды нечаканасць. Ну і нам ён здаўся проста прыгожым».

«Канешне, магу сказаць, што для ўсiх здымкаў нам спатрэбiлася пэўная доля часу, цярпення, каб усё зрабiць, падрыхтаваць, але ж, напэўна, гэты здымак патрабаваў ад мяне максiмальных высілкаў! Вользiна сяброўка, мастачка Мар’яна Карповiч-Сакалова, не толькi пырскала на мае валасы з пульверызатара, каб яны змаглi пралезцi ў гэтыя дзюркi друшляка, але ж потым кручочкам iх выцягвала. Усё гэта была проста фiлiгранная праца!» 

ГЕРОІ, ЯКІЯ ЯШЧЭ ВЕРНУЦЦА

«Пасля таго як кнiжка была скончана, я адчула сапраўды, што не ўсё было сказана, — прызнаецца Вольга, — ёсць яшчэ шмат герояў, пра якiх варта напiсаць, якiх варта ўзгадаць. Так што нашым наступным праектам будзе новае выданне альбо першае папяровае.

Працяг будзе ўтрымлiваць не толькі памiдоры i макарону, але i розныя вiдэльцы, сурвэткi. Новая кніга таксама будзе ўтрымлiваць фотаздымкi, i, канешне, там будзе не 9 гiсторый, а значна больш».

Афіцыянт у хіпстарскай футболцы прыносіць нам тройку маленечкіх канапак, што безабаронна спачываюць на бялюткай талерцы. Хто ведае, можа быць, менавіта ім наканавана паспець падзяліцца з Вольгай гісторыяй свайго мініяцюрнага жыцця, можа быць, менавіта іх акуратнае братэрства — сюжэт для новага алегарычнага тэксту, так падобнага да чыёйсьці, зусім не кухоннай, рэальнасці.

Вольга Бубіч

Спампаваць кнігу «(В)ядомыя гісторыі» можна ТУТ.

Фатаграфіі © Вольга Бубіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам. 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology