СНЯЖЫНКА ПА ІМЕНІ МАРЫ КОНА

Мары Кона асцярожна, як рэдкую каштоўнасць, бярэ ў руку шклянку з бярозавым сокам і робіць маленькі глыток. «О! Гэта цудоўна!» — усміхаецца яна з іншапланетнай пяшчотай. Мы ветліва ўсміхаемся ў адказ і дружна ківаем.

Вобраз далікатнай Мары Кона, з брошкай у форме сняжынкі на нябеснага колеру пінжаку, складана сумясціць з яе высокім статусам у літаратурных колах Японіі. Яна сябра некалькіх прэстыжных японскіх паэтычных аб’яднанняў, уладальніца «Tanka Splendor Award » і аўтар васьмі зборнікаў паэзіі танка. Прычым не толькі на роднай, японскай, але і на англійскай і латышскай мовах. На беларускую мову яе вершы перакладае Вольга Гапеева, а ў кнігарні «Логвінаў», пад акампанемент музыкі Улада Бубена, нядаўна (14 верасня) можна было пачуць, як танка гучаць у арыгінале.

Мары Кона ў Беларусі ўпершыню, і бярозавы сок — далёка не адзінае, чым яна шчыра захапляецца.

РАЗМАЎЛЯЦЬ МОВАЙ ВЕРШАЎ ТАНКА

Я пачала складаць танка ў сталым узросце, гадоў у сорак. Ва ўніверсітэце я вывучала ангельскую літаратуру, у прыватнасці, паэзію. Але нават пасля многіх гадоў карпатлівай працы выразнага разумення ангельскай паэзіі ў мяне не было. «Гэта зусім не тое, чым я б хацела займацца», — вырашыла я.

Аднойчы я звярнулася да традыцыйнай японскай паэзіі — да танка. Танка ўяўляе сабой вельмі кароткі японскі верш, які складаецца з 5 радкоў. У кожным радку павінна быць па 5, 7, 5, 7 і 7 складоў адпаведна. Гэта вельмі старажытны стыль паэтычнага сачынення, яму больш за 1300 гадоў. Нягледзячы на архаічнасць танка, у Японіі сёння выходзіць вельмі шмат газет з штотыднёвай калонкай, прысвечанай гэтаму тыпу вершаскладання. І вось гадоў 20 таму я проста напісала танка і даслала яе ў адну з такіх сур’ёзных газет у паэтычную рубрыку. Цяпер мне будзе складана сказаць з упэўненасцю, чаму я звярнулася менавіта да гэтай формы вершаскладання і чаму адважылася выслаць свой твор, але…

якое ж было маё здзіўленне, калі я адкрыла свежы выпуск і ўбачыла там сваю танка!

Ну і калі ўжо мая танка была прызнана на такім высокім узроўні, я вырашыла працягваць іх складаць. Я стала шмат чытаць і пісаць, і вось праз год мяне прынялі ў прэстыжную японскую асацыяцыю пад назвай «Мірай Груп» («Будучыня»). Сёння, акрамя ўдзелу ў дзейнасці гэтай арганізацыі, я таксама з’яўляюся чальцом рэдактарскага аддзела, адбіраю дасланыя нам моладдзю танка для друку і конкурсаў, напрыклад, для конкурсу любоўнай лірыкі. Дарэчы, гэты конкурс вельмі папулярны ў Японіі. Штогод больш за 20 000 людзей дасылаюць свае творы для ўдзелу ў ім.

СПАЛУЧАЦЬ ПЛУТОНІЙ І СНЕГ

Два ключавыя матывы як маіх першых танка, так і іншых паэтычных зборнікаў — атамная энергія і снег. Мы жывем у вельмі небяспечным свеце, дзе атамная энергія — адна з пагроз чалавецтву, і я лічу сваім абавязкам пісаць пра гэта.

Асабістай прычынай для выбару такой тэмы стаў той факт, што мой бацька — адзін з тых, хто выжыў пасля бамбёжкі ў Хірасіме.

Вада для мяне — сімвал вечнасці. А снег, прыгажосцю якога я не перастаю захапляцца, — самая чароўная фаза вады. Разважанні пра крохкасць чалавечага жыцця перад такімі стыхіямі, як землятрус, цунамі, атамная энергія, матывуюць мяне складаць свае творы, а агульнафіласофскае пытанне, якое я ўвесь час задаю сама сабе, — чаму мы тут?

вечаровая
цішыня і цішыня
снегу хаваюць
глыбока тое што я
хачу адшукаць ў сабе

БАЧЫЦЬ ТАНКА Ў СНЕЗЕ

Я жыву ў горадзе каля ракі Кудзуру, што перакладаецца як «дзевяцігаловы цмок». Рака бярэ свой пачатак у горных крыніцах — заснежаныя вяршыні добра бачныя на гарызонце на ўсходзе. На захадзе ад майго горада — Японскае мора. Назіраючы за гарамі, за павольнай плынню ракі, што ўпадае ў вячэрняе мора, за якое апускаецца з неба туманам, я думаю пра кругаварот вады.

Сняжынка — самая прыгожая праява вады. Калі першыя сняжынкі апускаюцца мне на далонь, я звязваю іх з’яўленне са старажытнымі воднымі струменямі і адчуваю, што я сама — іх неад’емная частка.

Я адчуваю сябе шчаслівай, уяўляючы, што я — сняжынка на вейке ў нованароджанага маманцяняці. Сняжынка, што падарожнічае ў кругавароце вады ўжо столькі стагоддзяў

калісь у вадзе
усё пачыналася
сын мой паўторыць
той шлях у моры маім
ціха сыпле на нас снег

Для мяне танка — мой уласны сусвет! Сапраўдная танка — шчырая, незвычайная, напісаная не для забавы, але каб раскрыць душэўны стан чалавека. І мне ўсё адно, калі хто-небудзь кажа, што мая танка добрая ці не.

ЧЫТАЦЬ МУРАКАМІ, МІСІМА І ЁСІМОТА

Харукі Муракамі ў Японіі любіць у асноўным моладзь. Для нас яго стыль японскі і ў той жа час заходні. Калі чытаеш яго раманы, складаецца ўражанне, што гэта быццам бы пераклад. Гэта вельмі адрознівае яго ад традыцыйных японскіх пісьменнікаў, такіх пажылых і вельмі сур’ёзных. Кожны раз, калі ён друкуе новую кнігу, у кнігарні выбудоўваецца доўгая чарга ахвотнікаў яе набыць. І я сама — адна з яго чытачоў!

Іншым яркім японскім пісьменнікам з’яўляецца Місіма. Ён — аўтэнтычны прадстаўнік японскіх пісьменнікаў-мужчын. Яго стыль — такі… квяцісты, маляўнічы, нават для нас, японцаў. Але, як мне здаецца, у яго творах не хапае мяккасці, жаноцкасці, што якраз прысутнічае ў кнігах Муракамі. Я ненавіджу Місіма, але як жа я люблю яго стыль! Сёння можна сказаць, што людзі страцілі здольнасць быць шчодрымі адзін да аднаго.

Творы такой глыбіні, як раманы Місіма, нічога не азначаюць для людзей, асабліва для юнага пакалення, — і для грамадства ў цэлым.

Калі я была маладзейшая, набіралася смеласці чытаць не японскую літаратуру. Японскім жанчынам часта казалі: вы, жанчыны, павінны рабіць тое і гэта, чытаць японскую класіку і гэтак далей. Я пратэставала, мяне цягнула да замежных пісьменнікаў. Сёння беларускім чытачам я б з задавальненнем параіла кнігі папулярнай у Японіі жанчыны — Бананы Ёсімота.

БЫЦЬ ПРЫНЯТАЙ ГОРАДАМ

Калі мяне пытаюць пра ўражанні ад наведвання еўрапейскіх гарадоў, я разумею, што самым незвычайным у падарожжах на іншую частку зямлі з’яўляюцца адчуванні ў нагах — брук пад нагамі. Вядома, у Японіі таксама асфальт на дарогах, але, калі я шпацырую па брукаванках еўрапейскага горада, напрыклад Рыгі, адчуванні зусім іншыя.

Часам мне здаецца, што я вельмі цвёрда стаю на нагах. Але ў той жа час камень быццам бы адмаўляецца мяне прыняць.

У Менску на мяне самае вялікае ўражанне зрабіла «Выспа слёз». Я спынілася ў вялікім гатэлі ў цэнтры горада, і мне падабаецца назіраць за панарамай з вышыні. Я бачу лініі дахаў і назіраю за тым, як прачынаецца горад. Як вы кажаце гэта па-беларуску? «Мне добра».

Тэкст і фота: Вольга Бубіч. Пераклад танка — Вольга Гапеева

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology