Выйшаў «Мёртвый сезон» – зборнік новай драмы з Беларусі

На мультылэйбле «Пяршак» інтэрнэт-часопіса 34mag.net адбылася прэзентацыя зборніка новай драмы з Беларусі.

«Мёртвый сезон» – гэта дзевяць драматургічных тэкстаў ад васьмі сучасных аўтараў. У зборнік увайшлі творы Паўла Пражко, Канстанціна Сцешыка, Дзмітрыя Багаслаўскага, Паўла Расолькі, Яро, Юліі Шаўчук, Тані Арцімовіч і Рымы Ушкевіч.

Паводле выдаўцоў, «Мёртвый сезон» – магчыма, адна з самых важных кніг, якія выходзілі ў Беларусі за апошні час. «Дзякуючы змешчаным у зборніку тэкстам можна атрымаць даволі дакладнае ўяўленне не толькі пра стан нашай “новай драмы”, але і пра тое, як і з кім побач мы жылі апошнім часам і да чаго гэта прывяло», – упэўненыя прадстаўнікі 34mag.net.

«Афіцыйная беларуская культура імкнецца выключыць новае ды іншае з інфармацыйнага поля. У тым ліку гэта тычыцца прадстаўленых у гэтым зборніку п’ес, – кажа адна з куратараў праекта Інга Ліндарэнка. – Мы лічым, што ў такіх абставінах розныя культурныя агенты павінны выступаць адным фронтам. У нас ёсць доступ да шырокай аўдыторыі і тэхналогій.

І калі глядач не можа ўшчыльную падысці да беларускай новай драмы ў тэатры, мы выкарыстоўваем нашы магчымасці і даем яму зрабіць гэта з дапамогай электроннай кнігі». 

На сённяшні момант «Мёртвый сезон» – сёмая кніга, выдадзеная мультылэйблам «Пяршак». Сярод папярэдніх выданняў – раман Віктара Марціновіча «Сфагнум», беларускі пераклад «Дэпэш Мод» Сяргея Жадана і раман Антона Кашлікава «Бывшие». Усе электронныя кнігі, выдадзеныя ў «Першаку», можна спампаваць цалкам бясплатна.

Спампаваць зборнік «Мёртвый сезон», а таксама падрабязней пазнаёміцца з аўтарамі п’ес можна тут http://34mag.net/piarshak/post/mjortvy-sezon/

Старонка мультылэйбла: http://34mag.net/piarshak/


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology