Зварот Юрыя Андруховіча

Дарагія сябры, і перш за ўсё замежныя журналісты і рэдактары.

Днямі я атрымліваю ад вас вельмі шмат пытанняў з просьбамі апісаць бягучую сітуацыю ў Кіеве і ва Украіне ў цэлым, выказаць сваю ацэнку таго, што адбываецца, і сфармуляваць бачанне хоць бы бліжэйшай будучыні. Паколькі я проста фізічна не змагу напісаць асобна для кожнага з вашых часопісаў шырокі аналітычны артыкул,

я вырашыў падрыхтаваць гэты кароткі зварот, якім кожны з вас можа карыстацца ў залежнасці ад сваіх патрэбаў.

12

Важныя рэчы, якія я хацеў бы вам сказаць, такія.

За няпоўныя чатыры гады свайго кіравання рэжым Януковіча давёў краіну і грамадства да мяжы напружанасці. Што горш — ён замкнуў сябе самога ў тупік, пры якім ён павінен утрымлівацца ва ўладзе назаўжды і любымі сродкамі. Інакш для яго наступіць суровая крымінальная адказнасць. Маштабы таго, што было раскрадзена і ўзурпіравана, перавышаюць усякія ўяўленні пра чалавечую сквапнасць.

Адзіным адказам рэжыму на мірныя пратэсты, якія доўжацца ўжо трэці месяц, ёсць «камбінаваны» гвалт: атакі міліцэйскіх спецпадраздзяленняў на Майдан спалучаюцца з індывідуальным пераследам апазіцыйных актывістаў і простых удзельнікаў пратэстных акцый (сачэнне, збіццё, спаленне аўтамабіляў, дамоў, ўварванне ў жыллё, арышты, канвееры судовых працэсаў). Ключавым словам з’яўляецца запалохванне.

Паколькі яно не спрацоўвае, і людзі пратэстуюць усё болей масава, улада робіць усё больш жорсткія рэпрэсіі.

«Заканадаўчая база» пад іх была створана 16 студзеня, калі цалкам залежныя ад прэзідэнта парламенцкія дэпутаты з усімі магчымымі парушэннямі рэгламенту, парадку дня, працэдуры галасавання і нарэшце Канстытуцыі рукамі (!) на працягу некалькіх хвілін (!) прагаласавалі за цэлы шэраг заканадаўчых зменаў, якія рэальна ўводзяць у краіне дыктатуру і надзвычайнае становішча нават без абвяшчэння апошняга. Напрыклад, я, складаючы і распаўсюджваючы гэтыя радкі, ужо падпадаю пад некалькі крымінальных артыкулаў за якія-небудзь «паклёп», «распальванне» і г.д. Коратка кажучы, калі прызнаць гэтыя «законы», то варта лічыць: ва Украіне забаронена ўсё, што не дазволена ўладамі. А ўладай дазволена толькі адно — падпарадкоўвацца ёй.

Не згаджаючыся з такімі «законамі», украінскае грамадства 19 студзеня ў чарговы раз масава выступіла за абарону сваёй будучыні.

Сёння ў кадрах тэлевізійных навін з Кіева вы можаце бачыць пратэстуючых у рознага тыпу шлемах і масках на тварах, часам з драўлянымі дубінкамі ў руках. Не верце, што гэта нейкія «экстрэмісты», «правакатары» або «правыя радыкалы». Я і мае сябры і самі зараз выходзім на нашыя маніфестацыі ў падобнай экіпіроўцы. У гэтым сэнсе «экстрэмістамі» цяпер з’яўляемся я, мая жонка, дачка, нашыя сябры. У нас няма выйсця: мы абараняем жыццё і здароўе сябе і сваіх блізкіх. Па нас страляюць байцы міліцэйскіх спецпадраздзяленняў, нашых сяброў забіваюць іх снайперы. Колькасць пратэстуючых, забітых толькі ва ўрадавым квартале на працягу апошніх двух сутак, па розных дадзеных дасягае 5-7 чалавек. Колькасць зніклых без вестак па ўсім Кіеве дасягае дзясяткаў чалавек.

Мы не можам спыніць пратэсты, паколькі гэта будзе азначаць, што мы згаджаемся на краіну ў форме пажыццёвай турмы. Маладое ўкраінскае пакаленне, якое вырасла і сфарміраваліся ў постсавецкія часы, арганічна не ўспрымае ніякай дыктатуры.

Калі дыктатура пераможа, Еўропа будзе вымушаная лічыцца з перспектываю Паўночнай Карэі на сваёй усходняй мяжы і гатовая прыняць па розных ацэнках ад 5 да 10 мільёнаў бежанцаў. Я не хачу вас палохаць.

У нас — рэвалюцыя маладых. Сваю неабвешчаную вайну ўлада вядзе перш за ўсё супраць іх. З надыходам цемры над Кіевам пачынаюць перасоўвацца невядомыя групоўкі «людзей у цывільным», якія вылоўліваюць галоўным чынам моладзь, асабліва з МАЙДАНАЎСКАЙ-еўразвязаўскай сімволікай. Яны выкрадаюць іх, вывозяць у лясы, дзе распранаюць і катуюць на лютым холадзе. Дзіўным чынам ахвярамі такіх затрыманняў часцей становяцца маладыя — акцёры, мастакі, паэты. Ствараецца ўражанне, што ў краіну дапушчаныя нейкія «эскадроны смерці», задачай якіх з’яўляецца знішчыць усё самае лепшае.

Яшчэ адна характэрная дэталь: у бальніцах міліцэйскія сілы ладзяць засады на параненых пратэстуючых, яны захопліваюць іх там і (паўтараю — параненых!) вывозяць на допыты ў невядомым кірунку. Звяртацца ў шпіталь нават выпадковым мінакам, якіх закрануў выпадковы асколак ад міліцэйскай пластыкавай гранаты, стала вельмі небяспечна. Лекары толькі разводзяць рукамі і аддаюць пацыентаў у рукі т. зв. «праваахоўнікаў». Падсумоўваючы: ва Украіне поўным ходам ажыццяўляюцца злачынствы супраць чалавечнасці, адказная за якія цяперашняя ўлада. Калі ў гэтай сітуацыі сапраўды прысутнічаюць нейкія экстрэмісты, то гэта вышэйшае кіраўніцтва краіны.

Цяпер у адносінах да двух вашых традыцыйна складаных для мяне пытанняў: я не ведаю, што будзе далей, як і не ведаю, што можаце зараз вы для нас зрабіць. Зрэшты, вы можаце па меры магчымасцяў і кантактаў распаўсюджваць гэты мой зварот. І яшчэ — тым, хто спачувае нам. Думайце пра нас. Мы ўсё роўна пераможам, хоць яны і будуць лютаваць.

Еўрапейскія каштоўнасці свабоднага і справядлівага грамадства ўкраінскі народ цяпер ужо без перабольшання адстойвае ўласнай крывёю. Я вельмі спадзяюся, што вы гэта ацэніце.

Юры Андруховіч, украінскі пісьменнік


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology