Загадкавы горад фантазматычных вобразаў

pARTisan #25’2013 / тарашкевіца

Расейскі выдавец АЛЯКСАНДАР ІВАНОЎ, дырэктар маскоўскага незалежнага выдавецтва «Ad Marginem», Менск наведвае часта. Тут у яго наладзіліся працоўныя кантакты: унікальныя кніжкі «Ad Marginem» добра ведаюць у незалежных культурніцкіх колах, а таксама менавіта ў ягоным выдавецтве пабычылі сьвет расейскамоўныя вэрсіі кніг Артура Клінава «Шалом» і «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца».

Размовы з Івановым заўсёды запамінаюцца: пра што й як будзе ісьці гаворка, прадказаць немагчыма. Ён філёзаф, культуроляг, антраполяг па натуры, падаецца, яго цікавіць усё, што адбываецца наўкола. Ён не дае ацэнкі, але назірае, фіксуе, прапануе незвычайныя ракурсы. Так здарылася й гэтым разам: хацелі пагаварыць пра сучасную літаратуру, але раптам размова павярнулася ў бок Менску й тых зьменаў, што адбываюцца тут і цяпер у горадзе й з горадам і не заўжды відавочныя самім жыхарам.

Вадзім Качан, сэрыя «Менск. Горад і людзі» / 2004-2011

Вадзім Качан, сэрыя «Менск. Горад і людзі» / 2004-2011

КАНЕЦ ЭПОХІ АСЬВЕТНІЦТВА

Менск зьмяняецца, і за апошнія паўтара года ў горадзе адбыліся відавочныя мутацыі. У Менску, на мой погляд, скончылася эпоха Асьветніцтва.

Цяпер усё, што зьвязана з галаўным мозгам і ягонай дзейнасьцю, не зьяўляецца больш асноўным фактарам арганізацыі прасторы гэтага гораду.

У эпоху Асьветніцтва існаваў міт пра тое, што чалавек і чалавецтва рухаюцца да прагрэсу праз усё большы рост інтэлектуальнага пранікненьня ў сьвет. Галава выконвала ня проста функцыю разуменьня, але й маральна-этычную функцыю. Савецкі Саюз, на мой погляд, — гэта асьветніцкая мадэль сьвету. Ня ведаю, як у Беларусі, але ў Расеі статыстыка паказвае, што ў 1991 годзе на душу насельніцтва было ў 17 разоў больш кнігарняў, чым цяпер. Ня важна, што там прадавалася, але факт застаецца фактам.

Калі я кажу пра канец эпохі Асьветніцтва ў Менску, адзначаю, што на месца вобразаў і канстэляцыяў, зьвязаных з галаўным мозгам, прыйшлі канстэляцыі, зьвязаныя зь целам без галавы. Я бачу ў Менску два галоўныя трэнды: спорт і рэлігія. Ні спорт, ні рэлігія не зьвязаныя з галавой у той іх вэрсіі, у якой яны зараз прадстаўлены ў Беларусі. Я думаю, што тут спорт і рэлігія дапаўняюць адно аднаго, як бы выцякаюць адно з аднаго.

Калі я кажу пра рэлігію, ня маю на ўвазе багаслоўскую рэлігійнасьць. Рэлігія тут ня мае дачыненьня да галавы. Яна датычыцца сацыялізацыі празь цела. Я б сказаў, гэта такія цялесна-харчовыя практыкаваньні. Чалавек практыкуецца ў пэўнага кшталту камунальным, сацыяльным жыцьці: ходзіць у царкву, прытрымліваецца посту, асьвячае ваду, яйкі, хрысьціць дзяцей. І велізарным дадаткам да гэтага ёсьць спорт. Замест крамаў, зьвязаных з галавой, зьявіліся крамы, зьвязаныя са спортам. Тое ж самае й з рэлігіяй: касьцёлы, цэрквы, манашкі ў белым са скрынкамі для ахвяраваньняў каля пераходаў.

Розьніца паміж галавой і целам тут дзейнічае па-іншаму. Твае думкі, напрыклад, ёсьць такімі ж цялеснымі адпраўленьнямі, як вылучэньне сьліны альбо сьлёз.
kacan (2)

Вадзім Качан, сэрыя «Менск. Горад і людзі» / 2004-2011

ПРА СКЛАДАНЫЯ СЭМІЯТЫЧНЫЯ КАМБІНАЦЫІ

Жыцьцё пасьля эпохі Асьветніцтва сталася больш саматычным, біялягічным. Утвараюцца такія дзіўныя камбінацыі біямасаў. Прычым сэміётыка гэтых біямасаў нашмат складанейшая за сэміётыку Асьветніцтва, якая была зьвязаная з раньнім капіталізмам, і таму было зразумела, што, напрыклад, чалавек пры грашах выглядае менавіта такім чынам. Усё было дакладна. А цяпер утварылася велізарная колькасьць розных сацыябіялягічных тыпаў, якія ніяк нельга апазнаць. Хто гэты чалавек? Чым займаецца?

Асьветніцтва зьвязана з прагрэсам. У Беларусі таксама быў і індустрыяльны, і навуковы прагрэс, але за ўсім гэтым заўсёды стаяў магутны пласт традыцыйнай культуры, і калі зьверху сказалі, што асьвета ўжо не актуальная, здарылася велізарнае вызваленьне энэргіі менавіта традыцыйнай культуры. Але, сустракаючыся з гарадзкой, традыцыйная культура муціруе, і гэта характэрна, як мне падаецца, для Менску.

Зьяўляюцца такія антрапалягічныя тыпы, якія немагчыма ідэнтыфікаваць адназначным чынам.

Напрыклад, я бачу чалавека, які выглядае як шафёр-дальнабойшчык — дужы, загарэлы, — але раптам аказваецца, што ён IT-мэнэджэр. У Эўропе, напрыклад, ты трапляеш у выдавецкі сьвет, і зразумела, што перад табой выдаўцы, бо яны ў чорным. А ў Менску гэтая сэміётыка неверагодна складаная й заблытаная. Можна сказаць, мы сёньня назіраем пераходную стадыю — ад сэміётыкі Асьветніцтва да сэміётыкі Постасьветніцтва. І гэта цікава, таму што тут настолькі шмат розных сэміятычных спосабаў выяўленьня, якія для антраполяга проста знаходка.

ПРА СПОРТ

Антрапалёгія спорту ў Менску вельмі цікавая, таму што падтрымліваецца яшчэ й на дзяржаўным узроўні. Спорт у Беларусі стаўся новай ідэалёгіяй. Клопат пра цела стаў дзяржаўнай рэлігіяй. Але пры гэтым адбываюцца вельмі дзіўныя рэчы. Вядома, што ў Беларусі вырабляецца велізарная колькасьць прадукцыі зь неверагодным утрыманьнем вельмі шкодных кансэрвантаў. Ці, напрыклад, беларусы вельмі любяць сою, дадаюць яе паўсюль, таму што гэта надзвычай танна. Але цікавы факт: самы распаўсюджаны генны мадыфікат соі — гэта даданьне ў яе гену скарпіёна.

Атрымліваецца, беларусы падселі на ген скарпіёна?
kacan (4)

Вадзім Качан, сэрыя «Менск. Горад і людзі» / 2004-2011

САВЕЦКІ САЮЗ ЯК АПОШНЯЯ АСЬВЕТНІЦКАЯ МАДЭЛЬ

Эпоха Асьветніцтва была даўно, але ў нас Савецкі Саюз яе моцна надтачыў. У Расеі яна, у прынцыпе, пачалася зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, гэта значыць са спазьненьнем амаль на 100 гадоў. Пасьля Першай сусьветнай вайны ўвесь сьвет абрынуўся на асьветніцкую мадэль з крытыкай. Амаль усе падставы Асьветніцтва — ідэя суб’екту, каштоўнасьць рацыянальнага ўладкаваньня сьвету — былі сур’ёзна перагледжаны. На пачатку мінулага стагодзьдзя руская рэлігійная філязофія, напрыклад, рабіла спробы пабудаваць не асьветніцкія мадэлі сьвету. Але бальшавікі й Сталін не далі гэтаму перагляду адбыцца й зацьвердзілі асьветніцкую мадэль амаль на цэлае стагодзьдзе.

Гэта азначала, што, калі чалавек кагосьці забіў, ён зрабіў гэта з прычыны неразуменьня, гэта ўсё ад галавы, а ня тое, што ў яго зьвярыная нянавісьць ці прага атрымаць грошы іншага чалавека.

Таму што чалавек па сваёй прыродзе добры, і з гэтай русаісцкай мадэлі й зыходзілі бальшавікі. Чалавека могуць сапсаваць толькі сацыяльныя абставіны — беднасьць, напрыклад. У пазьнейшыя, брэжнеўскія, часы была выпрацаваная канцэпцыя разумных патрэбаў. Калі людзі сталі скупляць барахла больш, чым трэба — крышталь, дываны, — Брэжнеў устаў і сказаў, што трэба разумна спажываць. І гэта быў апошні ўсплёск асьветніцкай мадэлі сьвету.

Але, калі Савецкі Саюз скончыўся, разам з ідэалёгіяй былыя камуністы вырашылі адмовіцца й ад асьветы, ад таго, што трэба чытаць кнігі, напрыклад. Ну прачытаў ты кніжку — і што, стаў жыць лепш ці стаў багацейшым? То бок на тэрыторыі штодзённасьці, здаровага сэнсу асьвета — гэта нейкае глупства.

ФАЛЬШЫВЫ ДЫЗАЙН

Я таксама не займаюся асьветай. Асьветніцтва ў свой час зыходзіла з таго, што існуе дуалізм думкі й працягласьці, сьвядомасьці й цела. Я адмаўляю гэты дуалізм разам са штодзённай сьвядомасьцю. Я лічу, што няма ніякага дуалізму, што калі й можна кагосьці чымсьці адукоўваць, то, напрыклад, фактурай, стылем, інтанацыяй, рытмам, тыпам фізычнага ўзьдзеяньня. Усё гэта ўплывае на чалавека ў значна большай ступені, чым наўпростае рацыянальнае выказваньне. Кніжкі таксама, апроч зьместу, могуць мець фактуру, стыль, дызайн. Тым больш сёньня, калі мы жывем у эпоху татальнага дызайну.

Часам гэта прыводзіць да жахлівых вынікаў. Вось, напрыклад, на месцы стылёвай савецкай крамы «Рыба» на Карла Маркса зрабілі піцэрыю, зьнішчыўшы ўвесь унікальны аўтэнтычны дызайн — інтэр’ер, ляпніну. Татальнае глупства!

Калі б былі разумныя, захавалі б гэты стыль, аднавілі б такое дзіўнае савецкае барока, а не рабілі фальшывыя сьцены з гіпсакардону, ня вешалі гэтыя танныя сьвяцільні.

Так, рыбная крама сёньня не прыносіць грошай, але я б пакінуў усе гэтыя пляфоны з рыбай, зрабіў бы такую прастору шчасьця: мяккія канапы, велізарная колькасьць мяккіх тканінаў усюды, сьвятло толькі зьнізу, нават бакавога няма, нейкая парча, цюль. То бок мы маглі б патрапіць у такі барочны арыентальны рай. Гэта было б крута. А так — безаблічная піцэрыя. Але мне здаецца, яны хутка згалеюць, я даю ім 2,5 года жыцьця, хаця — на зьмену прыйдуць такія самыя.

kacan (5)

Вадзім Качан, сэрыя «Менск. Горад і людзі» / 2004-2011

ТАТАЛЬНАЕ НАШЭСЬЦЕ ГІПЭРМАСАВАЙ КУЛЬТУРЫ

Тое, што зараз адбываецца ў сьвеце, я б пазначыў як навала гіпэрмасавай культуры. Мы ня можам ужо апэляваць да проста масавай культуры. Напрыклад, сьмерць Майкла Джэксана — гэта ня проста сьмерць сьпевака, гэта канец эпохі панаваньня масавай культуры ў яе клясычнай форме. Адбываецца дзіўная рэч: быццам бы інтэрнэт, сучасная камунікацыя злучаюць усіх у адным гарызонце, — але ня так, як гэта рабіла масавая культура, не па ейных шаблёнах, а па шаблёнах лімітавай індывідуальнай непадобнасьці.

Цяпер тое, што калісьці называлася масай, складаецца з такіх дзіўных індывідаў: выхапі любога чалавека — і ён намалюе мэню свайго жыцьця так, што ты проста ачмурэеш. У яго будзе столькі дзіўных непадобных рэчаў і звычак, якімі ён ганарыцца. Так, ён сядзіць вконтакте, спажывае трэш, падарожнічае ў Турцыю, але пры гэтым ганарыцца тым, што ў яго ёсьць нейкая дэвіянтнасьць, індывідуальнае адхіленьне ад нормы. Быць ні да каго не падобным стала галоўнай каштоўнасьцю.

Мільярды ні да каго не падобных людзей. Гэта канец масавай культуры!

Беларусь, Расея адстаюць, тут яшчэ масавая культура ўяўляецца нейкім знакам свабоды, якая ідзе з Захаду. Вось крута — піцэрыя, як на Захадзе. Якая піцэрыя на Захадзе? Там ужо даўно гэта знак трэшу! Калі ў эўрапейскім горадзе ты ідзеш у піцэрыю, — табе не пашанцавала: у цябе няма грошай, і ты ў піцэрыі спажываеш нейкае лайно. А тут гэта яшчэ як: «Ваў! Мы зь сяброўкай сядзім у піцэрыі». Дык вам не пашанцавала, дзяўчынкі!

ПРА ІМІТАЦЫЮ ВЫТВОРЧАСЬЦІ

Масавая культура падтрымлівалася тым, што была зьвязана з індустрыяльным побытам, гэта значыць з фардысцкім спосабам вытворчасьці, канвэерам, на якім рабіліся ўсе элемэнты, пачынаючы ад машынаў, адзеньня й заканчваючы музыкай. Вядома, у Кітаі, Паўднёва-Ўсходняй Азіі засталася велізарная індустрыяльная вытворчасьць, і таму там масавая культура яшчэ жыве. Але ў краінах Заходняй Эўропы такой вытворчасьці ўжо няма, і масавая культура там памірае.

Здаецца, у Беларусі працягваюць вырабляць. Але ў мяне адчуваньне, што Беларусь збольшага імітуе вытворчасьць. Напрыклад, трактарны завод — я ня думаю, што на трактарах трымаецца беларуская эканоміка. Мне здаецца, Беларусь — гэта тыповая транзытная эканоміка: адразаньне кавалачкаў па меры праходжаньня тавараў праз тэрыторыю. Працякла нафта — трохі сабе адлілі, праехала фура — адрэзалі ці адсыпалі для сябе.

«МАКДОНАЛЬДС» ЯК СЫМБАЛЬ СВАБОДЫ

У Беларусі масавая культура яшчэ актуальная, і адна з прычынаў гэтага — закрытасьць краіны. Масавая культура для многіх беларусаў ёсьць знакам іншага жыцьця. Напрыклад, «Макдоналдс» — у Менску гэта рэальна моднае месца. І мне не зразумелая гэтая сэміётыка.

Чаму модна тусавацца каля «Макдоналдсу»? Чаму гэта асацыюецца са свабодай?

«Макдоналдс» як свабода… Гэта значыць, на падставе таго, што раней было масавай вытворчасьцю, масавымі прадуктамі, утвараюцца канстэляцыі, злучэньні, каляжы, калі «Макдоналдс» можа быць сымбалем свабоды, калі нейкая танная шмотка з «Gap» можа быць знакам вальнадумства, стрыт-культуры, разьняволенасьці. Адна й тая ж рэч можа выконваць розныя функцыі: для адных зьяўляцца прыкметай буржуазнасьці, а для іншых — наадварот. На маю думку, гэта таксама сьведчыць пра крызысны стан масавай культуры.

ШТО ХОЧА СКАЗАЦЬ ГЭТАЕ ЦЕЛА?

Мне здаецца, менчукам трэба адыходзіць ад старамодных дыскурсаў зьвядзеньня, рэдукцыі сваёй прыналежнасьці да чагосьці аднаго: гэта ўсё паганства, ці гэта постсавецкае. Трэба праводзіць антрапалягічныя дасьледаваньні, дасьледаваць рэальнасьць, як яна выяўляецца ў сваёй множнасьці. Чаму, напрыклад, узьнікаюць нейкія формы адзеньня, існуе такая пабытовая сэміётыка, ёсьць такія віды цела? Што гэта за выказваньні? Пра што са мной або з табой гаворыць гэтае цела, якое ідзе па вуліцы? Што яно хоча сказаць?

Здавалася б, гэтае цела хоча сказаць: «Take me now!» Але ня ўсё так проста.

Я думаю, што гэтае цела сумяшчае нейкія ўнутраныя выказваньні, адрасаваныя самому сабе, з вонкавымі сэміятычнымі сыгналамі. Шмат у чым яно не экспануецца як аб’ект для зьнешняга назіраньня. Гэтае цела выконвае свае ўнутраныя задачы, яно так разумее свае цялесныя вартасьці, так яно апранаецца, так носіць гэтую вопратку, гэтую натрэніраваную ці, наадварот, адрузлую плоць на сабе й г.д. Гэта ўсё нейкія цікавыя антрапалягічныя фэномэны, якія тут абсалютна не дасьледаваныя.

У Беларусі, мне здаецца, гуманітарная навука знаходзіцца ў нейкай сьпячцы, жыве на могілках нейкіх старых сэнсаў — што ўсё памерла, напрыклад. А насамрэч вакол яе такі інкубатар, дзе нараджаюцца новыя целы, новыя сэміётыкі, — і гэта самае цікавае.

kacan (3)

Вадзім Качан, сэрыя «Менск. Горад і людзі» / 2004-2011

МОНАЭТНІЗМ

Менск больш сацыяльна аднародны, чым Кіеў ці Масква. Тут няма такіх сьлядоў галечы й нечалавечага багацьця: сотняў дарагіх машын, пэнтхаўзаў, рублёўскіх палацаў. Ёсьць, вядома, нешта падобнае, але ўсё значна больш камэрнае. Вялікія сталіцы поўняцца разнаколернасьцю, а ў Менску няма каляровага насельніцтва, і гэтая прыкмета па цяперашніх часах дзіўная. У Маскве, напрыклад, ролю афраамэрыканцаў адыгрываюць выхадцы з Цэнтральнай Азіі. У горадзе кожны дзясяты чалавек зь месяцападобным тварам. У Менску ж кідаецца ў вочы поўная этнічная аднастайнасьць. Праўда, адчуваецца яе ненатуральнасьць, як быццам яна нейкім штучным чынам арганізаваная. Таму што яшчэ ня так даўно ў Менску, напрыклад, была моцная габрэйская дыяспара, цэлыя раёны, напрыклад, Няміга — гэты цудоўны сьвет з маленькімі крамкамі й майстэрнямі. Зараз амаль нічога не засталося.

Монаэтнізм разьвіваўся й іншымі шляхамі — праз вайну, эміграцыю. Калі ты трапляеш у монаэтнічны горад, пачуваесься дзіўным чынам: як быццам усё асяродзьдзе кажа табе, што ты — расеец. Я, напрыклад, у Лёндане гэтага не адчуваю. А тут я рэальна расеец. Мовы блізкія, і многія гавораць па-расейску, але ты гаворыш па-расейску зь нейкім немясцовым акцэнтам.

ФАНТАЗМАТЫЧНЫЯ ВОБРАЗЫ ГОРАДУ

Менск робіць уражаньне правінцыі, але эўрапейскай. Не правінцыі Расеі, гэта дакладна. Тут ёсьць нейкая дзіўная стрыманасьць у паводзінах, целы больш індывідуалізаваныя. Ня тое што ўсе не падобныя адзін да аднаго, але ў кожнага цела ёсьць нейкая нябачная дыстанцыя, якая не дае ўступіць у блізкія ўзаемадачыненьні зь ім, адразу парушыць гэтую адлегласьць. Гэта якраз эўрапейская прыкмета. Але горад правінцыйны, таму што мала энэргетыкі, дынамізму, людзі нікуды не сьпяшаюцца. Гэтая павольнасьць выяўляецца нават у рэакцыях. Тут рэдка з кім можна пагуляць у вэрбальны пінг-понг.

Ты чалавеку пасылаеш падачу, напрыклад, а ён падумае — і павольна адправіць яе назад. Ты б ужо дзесяць разоў адбіў!

Таму ў мяне ўвесь час прысутнічае адчуваньне, што я не трапляю тут у рытм. Закрытасьць таксама выяўляецца ў скаванасьці целаў гараджан, запаволенасьці, плястычнай малавыразнасьці — такая калектыўная каталепсія. І архітэктура сучаснага Менску такая ж.

Напрыклад, нядаўна я прайшоўся па праспэкце Пераможцаў. Відаць, што гэты праспэкт прызначаны для велізарных радасных натоўпаў, якія кудысьці ідуць у стане шчасьця. Але тых натоўпаў няма, і ў выніку гэта нагадвае папяровую архітэктуру, калі архітэктар малюе плян, у яго там расстаўленыя дрэўцы й фігуркі людзей — і ўсё выглядае гарманічна. Але ж зразумела, што чалавеку, асабліва ў сьпякоту, цяжка знаходзіцца на такой адкрытай прасторы — там, дзе няма людзей і ўсё выпаленае сонцам, пад прамянямі якога брыняюць архітэктурныя «пухіры»: купал, стэла, Палац спорту, за ім іншы.

У мяне адчуваньне, што Менск дагэтуль хоча асэнсоўваць сябе як горад масавых радасьцяў, парадаў, дэманстрацыяў, велізарных навалаў шчасьлівых асоб.

А гэта месца, хутчэй, ужо больш камэрных тэрыторыяў, аднак архітэктурная думка нават ня можа сабе іх уявіць. Напрыклад, гэты велізарны дом каля Траецкага зь віетнамскай пагадай наверсе. Зразумела, хочацца чагосьці вялікага. Але, мне здаецца, у выніку гэтае імкненьне трансфармуецца ў бок такога эўратрэшу. Як быццам тое ж самае, што ў Эўропе, толькі зроблена так, каб гэта была, напрыклад, самая вялікая ў сьвеце піцэрыя. Такі фантазм, мроя пра жаданае шчасьце.

Так у прасторы гэтага гораду пэрыядычна ўзьнікаюць дзіўныя фантазматычныя вобразы жаданага сьвету, якія й робяць яго яшчэ больш загадкавым.

Аляксандар Іваноў, чэрвень 2013. Спецыяльна для pARTisan.

Фатаграфіі © Вадзім Качан, vadimkachan.by. На вокладцы // фотаздымак В.Качана з сэрыі «Сюррэалізм на вуліцах Менска» (2013-2014)

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology