Сукенка для Дзіны

У апошнія гады практычна ў кожным прэс-рэлізе, звязаным з беларускай фатаграфіяй, чытаеш заклікі да пошуку новай візуальнай мовы. Маладыя фатографы і сталыя куратары нязменна канстатуюць трансфармавальны стан айчыннай культуры, які адлюстроўваюць зменлівыя каштоўнасці новага пакалення. Аднак у пагоні за навізной мала хто адважваецца пагаварыць з гледачамі на мове, якая ім ужо добра знаёмая.

Жангляванне словамі, чыё значэнне яшчэ не паспела да канца акрэсліцца ў свядомасці ўдзельнікаў дыялогу, сталася звыклай справай, а візуальныя прадукты, якія падаюцца пад соусам правакацыі, на жаль, пры блізкім разглядзе часта аказваюцца не больш чым наноў вынайдзеным роварам.
anatomia (5)

Адкрыццё праекту. Працы Здэнэка Лготака (Zdeněk Lhoták)

Цікавым тут з’яўляецца прыклад выстаўнага праекта куратаркі, мастачкі і фатографа Дзіны Даніловіч «Анатомія 2», адкрыццё якога адбылося 2 красавіка ў Віцебскім арт-цэнтры. Праект гэтага года сабраў пад адным тэгам беларускіх і замежных аўтараў, якія працуюць, на думку Дзіны, з целам «як аб’ектам даследавання ў розных мастацкіх практыках», і абяцаў стаць пляцоўкай «для фармавання новай канцэптуальнай мовы гаварэння пра цела».

Але ці сапраўды тэма цялеснасці ў кантэксце праекта «Анатомія 2» ідзе ў цеснай звязцы з такімі паняццямі, як «цэнзура», «правакацыя» і «асветніцтва»?

У адным з інтэрв’ю з нагоды запуску мінулагодняй «Анатоміі» Дзіна Даніловіч казала пра складанасці, з якімі яна сутыкнулася на этапе пошуку аўтараў, што працуюць з цялеснасцю ў беларускім мастацтве. Па словах куратара, ёй давялося фактычна ўгаворваць удзельнікаў, пастаянна атрымліваючы адмовы, выкліканыя сумненнямі і страхамі звязвацца з такім «смелым» праектам.

«Я, шчыра кажучы, не думала, што будзе такой праблемай знайсці мастакоў, якія працуюць з целам. Не думала, што гэта будзе мая праблема. Але яна аказалася рэальна галоўнай. Таму што людзі працуюць, але ніхто асабліва не хоча публічнасці, — расказвала Дзіна пра свой досвед ужо на адкрыцці «Анатоміі 2». — Шукала па-рознаму, праз знаёмых, плюс былі нейкія людзі, якія ўдзельнічалі ў мяне ў праектах. Я таксама думала, што будуць праблемы з выстаўнай прасторай, могуць узнікнуць цэнзурныя пытанні… Летась адзінымі больш-менш экстрэмальнымі працамі, калі іх можна так назваць, былі мае, таму што ў мяне быў хлопчык цалкам аголены. У яго там усё было відаць. Але ён проста стаяў, нічога не рабіў», — тлумачыла куратарка.

anatomia (6)

Вольга Хахлова «Калекцыя муз» \ «Анатомія 2»

Тым не менш у працах сёлетняй экспазіцыі назваць нешта сапраўды «адважным» таксама ўяўляецца вельмі складаным. Большасць работ беларускіх аўтараў — прамежкавыя экзерсісы на тэму «стаяў, нічога не рабіў» альбо, як жартаўліва апісвае адзін з праектаў першай «Анатоміі» сама Дзіна, «усё такое цьмянае, голыя хлопцы, каханкі ў тумане, калі-нікалі аголеная частка цела прамільгне».

Ці гэта і ёсць заяўленая «новая канцэптуальная мова»? І якую ролю ў гэтым канструкце — фармулёўкі ўсвядомленага закончанага выказвання на тэму цялеснасці — адыграў выбар менавіта куратаркі?

Проблематызуючы заяўленае поле даследавання цялеснасці, Дзіна справядліва адзначае, што сёння людзі не ведаюць «ні таго, што адбываецца зараз у сучасным мастацтве, ні таго, што адбывалася ў гісторыі сусветнага мастацтва». У абедзвюх «Анатоміях» куратарка робіць спробы запоўніць гэтыя лакуны, не толькі знаёмячы гледачоў з працамі маладых аўтараў, але і прадстаўляючы больш раннія праекты Уладзіміра Парфянка, Ігара Саўчанкі, Сяргея Кажамякіна. І гэта ўяўляецца сапраўды надзвычай важным:

перш чым казаць пра смеласць, навізну і правакацыі ў 2010-х гадах, звярнуцца менавіта да напрацаванага беларускімі аўтарамі матэрыялу па тэме цялеснасці.

Менавіта зварот даследчага погляду на саміх сябе, на свае фізічна адчувальныя межы і з’явіўся напрыканцы 1980-х — у сярэдзіне 1990-х адным з самых эфектыўных спосабаў ўсведамлення сябе, сваёй новай самаідэнтыфікацыі ў перыяд бурных зменаў, вонкавага распаду СССР. Цела і цялесныя практыкі ў працах беларускіх фатографаў канца мінулага стагоддзя сапраўды выступалі пастаяннымі аб’ектамі візуальных даследаванняў. Згадайма, напрыклад, дзейнасць арт-асацыяцыі «Беларускі клімат» і іх рамантычна-эратычную серыю «Заваёва беларускіх пустыняў», ню-серыю «Ландшафт цела» Міхаіла Гаруса, сюррэалістычныя мантажныя здымкі, а таксама ню-серыю «Графіка цела» Вадзіма Качана, задакументаваныя ў відэа і фатаграфіі перформансы Людмілы Русавай.

Сёння ж, больш чым праз 20 гадоў, у кантэксце «Анатоміі 2» мы знаёмімся з праблематыкай цялеснасці чамусьці праз аўтапартрэты чэшскага фатографа Здэнека Лготака (Zdeněk Lhoták), якія займаюць большую частку экспазіцыі, у той час як беларускія аўтары часта паўстаюць імітатарамі ўжо сказанага.

Напрыклад, серыя фатаграфій Анны Аксёнавай «Аўтапартрэт. Межы пакуты» бачыцца не самай арыгінальнай рэплікай на амерыканскую фатографку Франчэску Вудман, якая прысвяціла жанру сюррэалістычнага аўтапартрэта ўсё сваё творчае жыццё. Загалоўная серыя з прэтэнцыёзным назовам «Прыняцце Божай натуры», выкананая самой Дзінай Даніловіч, адкрыта запазычвае кампазіцыйныя прыёмы моднага галандскага фатографа Карлы ван дэ Путэлаард, выкарыстаныя пры стварэнні знакамітай «Серыі Кранаха». А крыніцай натхнення пры стварэнні серыі «Калекцыя муз» Вольгі Хахловай сталі, верагодна, сумна вядомыя эратычныя календары, якія з перыядычнасцю выпускаюцца карпарацыямі і заводамі, нягледзячы на абвінавачванні ў сексісцкім падыходзе.

Ці не з’яўляюцца серыі Вольгі Хахловай і Анны Аксёнавай хутчэй старымі песнямі пра галоўнае, чым новымі смелымі спробамі канцэптуальнага пераасэнсавання заяўленай тэмы? У той час як аўтары і аўтаркі, якія стала працуюць з цялеснасцю, застаюцца з невядомай прычыны выключанымі з актуальнага дыскурсу. Напрыклад, Жанна Гладко (праект «Insiting Force»), Андрэй Дубінін (серыя «Кватэра № 6»), працы Аляксандра Веледзімовіча і шмат іншых.

Калі пастарацца, можна выявіць, што беларускае арт-поле ўжо мае напрацаваны кантэкст па гэтай тэме, якую мала ўжо вызначыць проста як цялеснасць.

Але варта дакладна акрэсліць, якая інтэрпрэтацыя трапляе ў фокус куратаркі(кі): эратызм, выкрыванне стэрэатыпаў, межы цела. Такой упэўненасці і дакладнага разумення мэты вельмі бракуе «Анатоміі 2».

anatomia-(8)

Здэнэк Лготак (Zdeněk Lhoták), серыя «Аўтапартрэт» \ «Анатомія 2»

Міхаіл Гарус, серыя «Ланшафт цела» (1986) / не ўключана ў экспазіцыю

Міхаіл Гарус, серыя «Ландшафт цела» (1986) / не ўключаная ў экспазіцыю

«Як цяжка жыць у гэтым свеце, насамрэч любіць сябе, сваё цела і дазволіць любіць яго іншаму чалавеку, адчуваць сябе гарманічна… Працуючы ў сферы фэшн, маючы зносіны з мадэлямі, я ўвесь час сутыкаюся з гэтай праблемай. І быццам вось яны, у аб’ектыве камеры, гэтыя ідэальныя дзеці! Але ўсё адно, як і звычайныя людзі, гэтак жа няшчасныя, гэтак жа схільныя д ваганняў, комплексаў, незадаволеныя сабой. Дзіўна, але ў нас панятак прыгажосці чамусьці раўняецца панятку шчасця…» — прызнаецца Дзіна Даніловіч ў інтэрв’ю на адкрыцці «Анатоміі 2».

Пытанні, якія вербальна ўздымае куратарка, з’яўляюцца для беларускага грамадства сапраўды надзвычай актуальнымі і балючымі. У культуры шпітальнага механізму «распранання да майткоў», грамадскіх лазняў і перапоўненых у гадзіну пік тралейбусаў з воклічамі «ну, яшчэ ледзь-ледзь!», якія прымушаюць цябе адчуць «анатомію» мужчыны, які стаіць побач, ва ўсёй паўнаце яго «цялеснасці», пра цела, ягоныя межы, пра паважлівы зварот да яго гаварыць сапраўды трэба.

Аднак наўрад ці мовай фатаграфій толькі голых жанчын у лесе. Але гэта, вядома, калі «Анатомія» ўсё яшчэ імкнецца адпавядаць вызначэнню «асветніцкага» праекта.

«Анатоміі 2», на мой погляд, якраз і нестае праектнасці, г. зн. усвядомленага адбору матэрыялу, які характарызаваў б заяўленую тэму з розных бакоў, спрабуючы прэзентаваць яе асаблівасці ў беларускім кантэксце. Серыі павінны задаваць пытанні, прымушаць задумацца, мець пад сабой прадуманы падмурак з ужо створанага і сказанага, калі не сусветнага ўзроўню, то хоць бы беларускімі аўтарамі (то бок мусіць прысутнічаць даследаваны, напрацаваны кантэкст). «Праект» павінен імкнуцца здабываць сваё месца ў мастацтве, упісваючыся ў агульную карціну як фрагмент з мазаікі.

Злева: фатаграфія з серыі Алёны Аксёнавай «Аўтапартрэт. Межы пакуты, прадстаўленай на выставе.  Справа: фотаздымак Франчэскі Вудман

Злева: фатаграфія з серыі Анны Аксёнавай «Аўтапартрэт. Межы пакуты», прадстаўленай на выставе.
Справа: фотаздымак Франчэскі Вудман

У нядаўнім інтэрв’ю для «BY BOOKS» беларуская паэтка Вольга Гапеева ўздымала пытанне адказнасці аўтара за тэкст, які ён спараджае, — і выказанае ёю меркаванне можна насамрэч лёгка перанесці на працу любога творчага чалавека, які спараджае новыя сэнсы. «Вельмі хочацца ўсё ж такі неяк пачаць заклікаць людзей да паважлівага і адказнага стаўлення да ўласнага тэксту, у першую чаргу, — кажа Вольга. — Вы павінны несці адказнасць за кожнае сваё слова і вы, адпаведна, павінны разумець усе словы, якія вамі напісаныя…

Тэкст можна параўнаць з добра ці дрэнна пашытай сукенкай альбо кашуляй. Бывае, калі вы глядзіце, сама сукенка вам падабаецца, але, калі вы яе прымяраеце, адчуваеце сябе неяк нязручна. Тое самае — і з тэкстам. Здавалася б, прыгожыя словы, але, калі вы чытаеце тэкст, не бачыце ў ім ніякага сэнсу».
Віктар Сянькоў, з серыі «Exotic Girls and Fruits», фрагмент

Віктар Сянькоў, з серыі «Exotic Girls and Fruits», фрагмент \ «Анатомія 2»

Мне не хацелася б, каб праект «Анатомія», які куратарка плануе працягваць у наступныя тры гады, выглядаў дрэнна пашытай сукенкай. У нашай культуры і так занадта шмат сэканд-хэнда, каб выдаваць на-гара яшчэ адну маляўніча прадстаўленую ў інтэрнэце «канцэпцыю», з якой у рэальнасці тырчаць ніткі і паўзуць радкі.

Вольга Бубіч

Фатаграфіі Вольгі Бубіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology