15 траўня — «Кірмаш праектаў»: Музей — ад рэальнасці да віртуальнасці

15 мая, напярэдадні міжнароднай Ночы музеяў, у Мінску адбудзецца публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй «Кірмаш праектаў». Падзеі на Кірмашы, відавочна, будуць разгортвацца вакол музея і яго шляхоў да людзей: праз дзверы, экраны ці запрашэнні на баль.

Прыём крэатыўных прапановаў, як зрабіць музеі цікавейшымі і бліжэйшымі да шырокай публікі, завершаны, і каманда кампаніі «Будзьма беларусамі!» урачыста абвяшчае, што ўжо ведае 8 цікавых «хадоў». Дыяпазон задумаў вельмі шырокі: ад рэчаіснасці, што грукаецца ў дзверы, да вандраванняў у часе і, канечне, усёахопнага анлайну.

afisha_kirmash

 

Такім чынам, на «Кірмашы праектаў» 15 мая будуць прадстаўленыя наступныя ідэі:
— Віртуальныя музеі;
— Мабільныя выставы;
— Асветніцка-забаўляльныя праекты для дзетак;
— Інфармацыйныя тэхналогіі і Купалле;
— Машына часу для музея;
— Флэш-анімацыя на службе ў музея.
Прагучаць прапановы і для мінскіх музеяў, і для рэгіёнаў.

Прэзентацыі, традыцыйна для «Кірмашу праектаў» ад «Будзьма беларусамі!», будуць прадстаўленыя ў фармаце «маланкавай размовы», пасля чаго аўтару кожнага з праектаў можна будзе задаць свае пытанні, даць ацэнку і, галоўнае, парады, абмяняцца кантактамі для будучых партнёрстваў.

Задаваць жа найбольш складаныя пытанні, як і забяспечваць прэзентатараў прафесійнай кансультацыйнай падтрымкай, будзе экспертнае высокапрафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць: Алесь Зіменка, старшыня ICOM (The International Council of Museums) у Беларусі; Сцяпан Стурэйка, гісторык, культурны антраполаг, выкладчык, даследчык феномену культурнай спадчыны; Дзіяна Шантар, спецыялістка аддзела маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея.

«Кірмаш праектаў» — гэта час, прастора і нагода для культурніцкіх менеджараў і ўсіх іншых, хто ведае, як і каму культура паляпшае жыццё, сустрэцца разам і абмеркаваць новыя ідэі, падыходы, выклікі ў сваёй працы і магчымасці для развіцця і рэалізацыі задум. «Кірмаш» можа быць месцам знаёмстваў, натхнення, узаемападтрымкі і адукацыйнай пляцоўкай. Якім будзе гэты «Кірмаш» — можаце вырашыць таксама і вы! Запрашаюцца ўсе цікаўныя!

«Кірмаш праектаў» адбудзецца 15 траўня 2014 г. у крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» па адрасе: прасп. Незалежнасці, 58, к.6 (праход праз вул. П.Броўкі), дальні пад’езд, 2 паверх (схема праезду).
Пачатак: 19.00.

cech_kak-dobratsa-01


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology