ХАТКА: ЗНАЙСЦІ СВОЙ ІНСАЙД

pARTisan #26’2014

У верасні 2013 года ў блогу Уладзіміра Шчэрбаня, рэжысёра Беларускага свабоднага тэатра, вельмі коратка і сціпла напрыканцы доўгіх разважанняў было напісана пра тое, што памяшканне, у якім яны жылі і ігралі на працягу амаль шасці гадоў, альбо — хатка, назва, пад якой ведалі гэтае месца, — болей ім не належыць. Улады запрасілі на гутарку гаспадара дома і параілі, калі ён хоча і далей без праблемаў займацца бізнесам, адмовіць Свабоднаму тэатру ў прытулку.

Так скончыўся вельмі важны перыяд тэатральнага (ды і не толькі) жыцця сталіцы — скончыўся як для тэатра, так і да гледачоў.

Амаль што адзіная выспа свабоднага тэатральнага выказвання ў Менску, месца, дзе было магчыма пачуць тое, што абмяркоўваюць толькі на форумах і паміж сабою, сустрэць людзей, смеласцю якіх кожным разам натхняешся — шматлікія прыхільнікі Беларускага свабоднага тэатра зрабілі глыбокі ўздых і пачалі трымаць паўзу: нягледзячы ні на што Свабодны тэатр павінен іграць на радзіме.

«Шчаслівага Раства, Місс Мідоўз», рэж. У.Шчэрбань / 2013

«Шчаслівага Раства, Місс Мідоўз», рэж. У.Шчэрбань, 2013 / фота з архіву тэатра

Мой асабісты досвед «хаткі» пачаўся зашмат пазней таго часу, як яна з’явілася на менскай мапе. Раней я бачыла некалькіх спектакляў Свабоднага тэатра на іншых пляцоўках. Але пастаянна чула пра гэтае месца, ужо авеянае міфамі і легендамі. І вось аднойчы — прыйшла сама.

Досвед першага шляху да хаткі, сапраўды, як і гаворыць Уладзімір Шчэрбань, для многіх станавіўся «шляхам адкрыццяў. Лічу, што гэта была добрая ідэя. Для нас, хутчэй, вымушанасць, але ў выніку атрымалася. Гледачу трэба было знайсці хатку. Рэдкі таксіст ведаў, як сюды дабірацца, хоць гэта амаль што цэнтр Менску. Але гэтыя перашкоды выяўлялі жаданне: хочаш знайсці, знойдзеш». За дзесяць хвілінаў да пачатку гледачы збіраліся каля рэстарацыі «Яблык», і шмат хто думаў, што менавіта там і будзе спектакль. Але прыходзіў «сталкер» і вёў навічкоў далей па вясковай дарозе, у прыватны сектар. Напружанне, канечне, расло.

«Да апошняга моманту, — расказвае Шчэрбань, — шмат хто думаў, што, напэўна, вядуць у гэты вялікі блакітны дом, які, дарэчы, будаваўся яшчэ на нашых вачах. Часта тыя, хто спазняліся, ламіліся туды: нікому ў галаву не магло прыйсці, што менавіта ў драўляным аднапавярховым будынку, што месціцца побач, і жыве тэатр, вядомы ва ўсім свеце».

Дарэчы, так здарылася і са мной. Сапраўды, была думка, што тым самым тэатрам ёсць менавіта блакітны велізарны дом. Таму што, так, побач нейкая хатка, але немагчыма ўявіць, што яна можа змясціць такі натоўп людзей.

«Кветка для Піны Баўш», рэж. У.Шчэрбань, 2009 / фота з архіву тэатра

«Кветка для Піны Баўш», рэж. У.Шчэрбань, 2009 / фота з архіву тэатра

Праўда, у першы раз я ішла не з правадыром. Падышоўшы да «Яблыка», убачыла групу людзей, па тварах якіх можна было зразумець, што нам у адно месца. Але некалькі юнакоў, якіх я заўважыла яшчэ ў тралейбусе і інтуітыўна зразумела — мы разам — не спыніліся і пайшлі далей. Я за імі. Дарэчы, цікава, што працэс чакання каля рэстарацыі ці паездка ў адным транспарце, нават калі вы ўжо здагадваліся, што «адной крыві», заўсёды праходзілі моўчкі.

Гледачы Свабоднага тэатра пазнавалі адзін аднаго, так, па вопратцы ці па асаблівым рухам цела, але галоўнае — па прысутнасці чагосьці інакавага ў вачах. Гэтае маўклівае — «свой» — таксама адно з важных адкрыццяў на працягу шляху да хаткі.

Далей — супольнае чакання пачатку, калі дзясяткі людзей таўкліся на парозе, потым праход і пошук месца, спектакль і нарэшце — суіснаванне пасля ягонага фіналу. Калі ты прыходзіў адзін, а такіх было шмат, вы зноў моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы, быццам спрабуючы параўнаць інтэнсіўнасць асабістых перажыванняў. Але дзіўна, што не хацелася ўнікальнага досведу, наадварот, шукалася агульнае, тое, што дапамагае перажыць вір унутры. І было зразумела: гэтае агульнае ёсць. Але апускаеш вочы долу і ў прыцемках ідзеш назад па дарозе, поўнай такіх жа самотных ценяў.

***

Гісторыя хаткі пачалася ў 2007 годзе, калі Свабодны тэатр перасталі пускаць на іншыя альтэрнатыўныя пляцоўкі горада. Уладзімір Шчэрбань у той момант рабіў адзін спектакль за адным, трупа ўжо змянілі шмат месцаў. Спачатку быў клуб «Графіці», там некалькі разоў сыгралі «Псіхоз 4.48» Сары Кейн. Пасля доўгага часу пошукаў — ужо абышлі шмат клубаў і паўсюль чулі: «Не» — гэта быў падарунак. Пасля «Графіці» быў яшчэ клуб «68», дзе таксама сыгралі некалькі прэм’ераў. У сяброўскім катэджу за горадам прайшла прэм’ера «Быць Гаральдам Пінтарам» (сыгралі там два разы). Але, зразумела, было патрэбнае месца ў горадзе, менавіта сваё месца. І раптам сябра тэатра, музыка Лаўр Бержанін знайшоў — хатку.

На многія гады гэтае месца сталася для трупы сапраўдным домам — гэта першае, што зрываецца з вуснаў кожнага з актораў, калі пытаешся пра хатку.
Грымёрка / фота М.Халезіна

Грымёрка / фота з архіву тэатра

Гэты быў звычайны драўляны дом з двума асноўнымі пакоямі. Але сцяна адразу была знесеная (па баках на памяць засталіся толькі цагляныя фрагменты перагародкі, утвараючы такім чынам умоўную рампу сцэны). Былі вокны, якія хутка навучыліся закрываць глухімі белымі лістамі пенапласту. Было холадна. Як успамінае Шчэрбань, калі рабіў тут свой першы спектакль «Легенды дзяцінства» (першая частка трылогіі «Зона маўчання»), нават здолеў падхапіць нейкі сып — «дзіцячую хваробу», як сказаў доктар, бо звычайна яна сустракаецца толькі ў дзяцей. Але месца абжывалася, прастора ўсё больш станавілася сваёй, адкрываліся ейныя неверагодныя магчымасці: яна аказалася вельмі гнуткай. Гледача можна было садзіць у любым месцы, як таго патрабавала задума рэжысёра. Публіка аказвалася такой жа безабароннай, як і акторы, якія існавалі на адлегласці выцягнутай рукі да першага глядзельнага рада. Кагосьці, зразумела, бянтэжыла такая блізкасць: не было звыклай тэатральнай цемры, куды можна было схавацца падчас дзеяння. Спектаклі іграліся з агульным святлом, часам пад ліхтарыкі ці звычайную лямпачку.

Такая адкрытасць для гледачоў таксама станавілася важным досведам: у такіх умовах немагчыма заставацца толькі вуайерыстам. Трэба было быць яшчэ паўнавартасным суўдзельнікам таго, што адбываецца на вачах.

Уладзімір Шчэрбань: «Гэта было шчырае месца. Я глыбока ўпэўнены, што менавіта тая прастора, дзе робіцца спектакль, і дыктуе танальнасць працы. Я не люблю гэтыя ўсярэдненыя тэатральныя прасторы, калі, так, быццам усё прыстасаванае для камфортнай працы, усё функцыянуе. Але ты не разумееш, дзе, у якой краіне знаходзішся. У хатцы была атмасфера, была інтымнасць, характэрная для жылога дому. Там мы зрабілі „Зону маўчання“, „Кветку для Піны Баўш“, „Нью-Ёрк’79“ па Кэці Акер, „Родныя і блізкія“ Косці Сцешыка — усе гэтыя спектаклі і атрымаліся вельмі шчырымі і асабістымі. Хаця, не, амерыканка, маю на ўвазе Акер, дзёрзка ўварвалася ў гэтую прастору, гэты быў іншы голас. Але ўсе астатнія працы былі пра тых, хто жыў і працаваў у гэтай хатцы».

«Зона маўчання», рэж. У.Шчэрбань / 2008 фота з архіву тэатра

«Легенды дзяцінства», рэж. У.Шчэрбань, 2007 / фота з архіву тэатра

Кожным разам здзіўлялі прасторавыя магчымасці хаткі: быццам месц толькі пяцьдзясят, але жадаючых часта было столькі, што імправізавана ўзнікалі дадатковыя рады. Раптам гэтая невялікая, падавалася б, прастора змяшчала семдзесят, восемдзесят, а то і болей людзей (гледачы яшчэ шчыльней прыціскаліся адзін да аднаго, ногі — амаль што пад сябе). Тут перабывалі знакамітасці з усяго свету — Том Стопард, Марк Равенхіл, адборшчыкі найвядомейшых сусветных тэатральных фестываляў. Былі не толькі тэатралы, але і шмат журналістаў, для якіх гэта ў прынцыпе станавіўся першы тэатральны досвед.

Многія замежныя госці думалі, што трупа свядома абрала такую напаўпадпольную эстэтыку (статусу «забароненага тэатра» пасавала ўсё — ад моманту запісу на спектакль і сустрэчы каля «Яблыка» да цеснага пакойчыку хаткі). Толькі гэта быў, на жаль, не выбар, а змушанасць, адзіная магчымасць для трупы іграць свае спектаклі тут.

Уладзімір Шчэрбань: «Я ведаю, што многіх торкала тое, што трэба было апранаць гэтыя цэлафанавыя пакеты на ногі, бы ў музеі ці ў храме. Але гэта была проста тэхнічная неабходнасць. Многія былі шакаваныя. Я заўсёды перад пачаткам спектакля пытаўся ў гледачоў, хто ў нас упершыню. Але яшчэ да адказаў заўсёды бачыў сам: па вопратцы можна было лёгка здагадацца. Калі сядзіць на падлозе дзяўчына на шпільках у спадніцы — ішла ж у тэатр — з трохі знямелым тварам, бо трэбы неяк падціснуць пад сябе ногі, усё зразумела. А наступным разам бачыш зноў гэтую дзяўчыну ўжо ў джынсах і красоўках — гэтым разам прыйшла свядома. Інтымнасць хаткі дазваляла разгледзець кожнага, гэта была такая сямейная сустрэча. Цікава было назіраць, як спачатку прыходзяць такія гламурныя, а потым ужо па-прастому, каб зручней было падціскаць ногі».

Калі пытаешся ў трупы пра найярчэйшы ўспамін, звязаны з хаткай, амаль у адзін голас усе ўспамінаюць пра пацукоў, барацьба з якімі была вечнаю праблемаю для тэатра. Зразумела, стары дом, і асабліва зімой пацукі напаміналі пра сябе больш інтэнсіўна. Мала хто з гледачоў ведаў, як акторы час ад часу хваляваліся, каб пацук раптам не выскачыў на сцэну падчас спектаклю.

Уладзімір Шчэрбань: «Яны пастаянна з’ядалі ўвесь рэквізіт, мыла. Але травіць іх было нельга, бо пачынаўся смурод. Памятаю, як аднойчы адзін пацук патануў ва ўнітазе. Хтосьці з дзяўчын знайшоў яго — падняўся крык. Зачаравальная карціна — мёртвы пацук плавае ў вадзе… Потым прыйшоў Алёша Шырневіч і дастаў яго. Можа таму вобраз пацукоў часам з’яўляўся ў нашых спектаклях?»
«Родныя і блізкія», рэж. У.Шчэрбань / 2012 фота pARTisan

«Родныя і блізкія», рэж. У.Шчэрбань, 2012 / фота pARTisan

***

Гасцей прыходзіла і сапраўды шмат, у тым ліку і тыя, каго ў прынцыпе чакаў, але бачыць не хацелася. Кожным разам прыходзілася напружвацца: ці гладка пройдзе спектакль? ці не спыняць пасярэдзіне, патрабаючы ў гледачоў пашпарты? Такая псіхічная шызафрэнія. Здаралася і такое. А для рэжысёра сарваны спектакль — боль, не прагаваронае, бы па-жывому. Часам наступала зацішша, часам былі ў адносінах з непажаданымі гасцямі абвастрэнні. Але з самага пачатку было зразумела — кантралююць усё.

Чаму менавіта гэтай восенню, праз амаль шэсць гадоў, раптам вырашыліся скасаваць хатку, не зразумела. Не было ніводнай афіцыйнай заявы ад суседзяў, увогуле, суседзяў быццам і не было: блакітны дом, што месціўся побач, абыякава глядзеў на хатку маўклівымі вокнамі. Дзіўна яшчэ, што гэтая навіна — пра страту Свабодным тэатрам хаткі — прайшла таксама маўкліва. Можа, каб не нашкодзіць? А можа таму, што ўсе верылі — выйсце будзе знойдзенае. Таму што тэатр жывы толькі тады, калі іграе спектаклі. Інакш яго няма. А Свабодны тэатр павінен тут быць. Так і здарылася: ужо праз некалькі месяцаў трупа сыграла некалькі спектакляў, а таксама прэм’еру «Елка ў Івановых» Увядзенскага на іншых пляцоўках горада — фактычна, упершыню за доўгія гады Свабодны тэатр прагучаў па-за межамі хаткі, ад якой застаўся толькі ўспамін. Але гэтае месца, падаецца, звязанае не толькі з гісторыяй аднаго тэатра.

Хатка была тым вобразам, знакам краіны — з холадам і сцюжай, псіхічнай шызафрэніяй, пацукамі — шлях выпрабаванняў, які, калі вытрымаеш, знойдзеш свой інсайд.

***

Уладзімір Шчэрбань: «Чаму хатка? Ніхто спецыяльна не выдумваў, гэта было абсалютна рацыянальна. Мянушка. Гэта ж не домік! Мяне кожным разам каробіла, калі я чытаў — „у прыватным доміку“. Які дом? Гэта ж хатка! У яе быў цудоўны жыхар — бацька гаспадара. Ён даглядаў гэты дом, прыносіў розны хлам, які мы потым выкарыстоўвалі як рэквізіт. Ён не бачыў ніводнага нашага спектакля, нават калі пачаліся рэальныя праблемы — АМАП нас арыштоўваў. Ці то яму было так зручней? Ён думаў, што тут адбываюцца вечарынкі. Праўда, аднойчы мы запрасілі яго на „Кветку для Піны Баўш“. Я не ведаў, як ён адрэагуе. Але яму спадабалася, ён нават сказаў, што абавязкова хацеў бы сыграць у нас…

10477358_713010175428594_665029233_o

Каля ўваходу ў хатку / фота з архіву тэатра

Хатка — назва вельмі дакладная. Мы пражылі тут шмат гадоў, сталелі, мудрэлі, з кожным шмат чаго здарылася. І ўсе гэтыя перыяды мы пражывалі разам. Калі нічога няма, мы прывязваемся да прасторы. І мы — прывязаліся. Зараз новая старонка, зноўку — вандроўнікі. Але магчыма так і павінна быць, каб заставацца жывымі».

Таня Арцімовіч, 2013

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology