«КРЫЛЫ ХАЛОПА»: ХУТЧЭЙ, ДЫСКАМФОРТНАЕ МАСТАЦТВА

pARTisan #26’2014

Чуткі пра тое, што недзе на ўскрайку Беларусі існуе яшчэ адзін Свабодны тэатр, часам даходзілі і да Менску. Але, ізаляваныя ў сваім асяроддзі, мы амаль нічога не ведалі пра тое, што яшчэ за некалькі гадоў да з’яўлення ў сталіцы тэатру, пра які неўзабаве будзе ведаць увесь свет, у Брэсце энтузіясты, не пагаджаючыся на ўмовы знешніх і ўнутраных несвабодаў, ужо распачалі свой праект — Свабодны тэатр. Гэта быў 2001 год, і пад такою назваю яны праіснавалі дзесяць гадоў, каб зноўку паўстаць як «Крылы халопа». За гады існавання тэатрам створана каля дзясятка спектакляў, зладжаныя перформансы і хэпенінгі. Гэты калектыў стала ўдзельнічае ў Міжнародных фестывалях і воркшопах, але на афіцыйнай тэатральнай мапе Беларусі яго няма.

Пра тое, як працаваць «ва ўмовах несвабоды», пра выклік «прафесіяналам», барацьбу з мастацкімі саветамі, а таксама пра новы віток сваёй дзейнасці расказвае заснавальніца тэатру, актрыса і рэжысёрка АКСАНА ГАЙКО.

«Малефіцыюм», рэж. А.Гайко 2007 / фота з архіву тэатра

«Малефіцыюм», рэж. А.Гайко 2007 / фота з архіву тэатра

 

Аксана Гайко: Галоўнаю ідэяй для нас тады было жаданне змяніць свет вакол — няхай не свет, але хаця б сітуацыю тут, у горадзе, у краіне. Тады мы былі зусім маладыя, і нам здавалася гэта магчымым. Мы бачылі рэчаіснасць, якая нас не задавальняла, і хацелася нейкім чынам паўплываць на гэта. Тэатр нам падаваўся якраз тым спосабам, якім можна было расказаць пра тое, што нас хвалюе, баліць. Ні ў кога з нас не было спецыяльнай тэатральнай падрыхтоўкі. Мы трызнілі Хармсам і вырашылі пачаць з яго. А праз паўгода мне пашанцавала: я патрапіла ў Teatr Ósmego Dnia на першы свой майстар-клас. Гэты тэатр паўплываў на мяне яшчэ і сваёй актыўнай палітычнай пазіцыяй: ён падтрымліваў страйкі рабочых у сацыялістычнай Польшчы, сквотэраў, быў у свой час вымушаны з’ехаць у эміграцыю.

Потым было навучанне ў тэатрах Nukleo, Akademia Ruchu, Biuro Podróży, Odin Teatret, у Рычарда Шэхнэра, Марыі Норы з Living Theatre, паездкі на лепшыя тэатральныя фестывалі ў Польшчы, дзе я ўбачыла, якім бывае тэатр. Так што, калі мы рабілі наш першы спектакль — «Лізавету Бам» паводле Хармса,— ужо ведалі, што такое акцёрскі трэнінг, самастойна займаліся целам, голасам. Але першапачатковы наш пасыл —змяніць сітуацыю вакол — заставаўся.

Ставілі мы Кафку, Хармса альбо «Бандароўну» Купалы — усё так ці інакш знаходзіла водгалас у нашым палітычным і сацыяльным «тут і цяпер». Таму мы не баімся называць сябе палітычным тэатрам.

— А чаму назваліся Свабодным тэатрам?

А. Г.: Нам падалося, што праз тэатр мы спрабуем адваяваць свабоду. У нас быў нават маніфест, у якім мы абвяшчалі шмат гучных рэчаў. Вось цытата, напрыклад: «Сэнс слова «свабода»аказаўся сёння настолькі зацёртым і размытым, што даводзіцца ўвесь час дакопвацца да сутнасці. Свабода — вось што цікавіць нас больш за ўсё — і магчымасць пошуку і набыцця яе для сябе ва ўмовах несвабоды».

— Вы займаецеся рознымі тэатральнымі напрамкамі: гэта драматычныя спектаклі, вулічны тэатр, сацыяльны тэатр — маю на ўвазе вашу працу з дзецьмі. Як удаецца ўсё гэта спалучаць?

А. Г.: Так, нам цікавыя розныя рэчы. Эстэтыка вулічнага тэатру нас заўсёды прыцягвала. У нас быў досвед працы з варшаўскім тэатрам «Рэмус», у іх мы навучыліся хадзіць на хадулях, рабіць маскі. Першы вулічны спектакль быў паводле «Бандароўны» Купалы. Потым быў вулічны парад «Малефіцыюм» і «Званіцьляцець» паводле Хармса. «Малефіцыюм» атрымаўся ўніверсальным і, напэўна, таму запатрабаваным. Мы паказвалі яго на адкрыцці міжнародных фестываляў і ў дзіцячых дамах, у падваротнях варшаўскай Прагі і на Дзень гораду. Фота з гэтага спектаклю сталася рэкламай Любліну ў гонцы за званне культурнай сталіцы. Мы зрабілі гэты спектакль адкрытым для ўдзелу ўсіх ахвотных.

«Малефіцыюм», рэж. А.Гайко 2007 / фота з архіву тэатра

«Малефіцыюм», рэж. А.Гайко 2007 / фота з архіву тэатра

— А як вашыя вулічныя выступы ўспрымаюцца ў Брэсце?

А. Г.: Была цікавая гісторыя з нашым Клоўнскім велапрабегам на Першае траўня. Мы ў касцюмах і грыме блазнаў проста селі на ровары і паехалі ў цэнтр гораду, дзе праходзілі святочныя мерапрыемствы. Але аказалася, што клоўны ў нас — забароненае дзейства. Нас спыніла міліцыя, перапісалі ўва ўсіх пашпарты і пад канвоем адправілі назад у спальны раён, адкуль мы і прыехалі. На мне былі вялізныя сінія чаравікі — дык мне сказалі, што ў такіх чаравіках наогул па горадзе хадзіць нельга.

«Малефіцыюм» меў грандыёзны поспех на Дзень гораду. Дзейства ў эстэтыцы еўрапейскіх карнавалаў, барабаны, маскі — натоўп народуў Брэсце суправаджаў гэтае дзіва. Гэта была казка пра ўладу і грошы, але знешняя эстэтыка дазваляла счытваць тэмы не наўпрост, таму ў Брэсце ўсё прайшло гладка. Апошні наш Хармс — пра турму, уладу, падслухоўванне, шпіёнаў. Як быццам усё смешна і абсурдна, але счытваецца і іншае: тое, што гэта пра нас.

Чыноўнікі, вядома, таксама ўсё разумеюць. Увесь час спрабуюць загнаць на перыферыю, каб нас было не чуваць і не відаць. І ім гэта ўдаецца, калі шчыра. Калі не было інтэрнэту, мы спрабавалі ўсюды расклейваць афішы: хацелі, каб горад даведаўся пра тое, што мы існуем. І заўсёды нашыя спробы з афішамі суправаджаліся крыкамі: маўляў, навошта вам гэта трэба, хто да вас прыйдзе?Гэтыя афішы бясконца забаранялі: сядзіце ў кутку свайго клубу, нешта паказвайце, але каб ніхто не ведаў. Дагэтульу Брэсце не так шмат людзей ведаюць пра нас.

Цешыць, што з развіццём інтэрнэту ў нас больш магчымасцяў. Так, напрыклад, забароненую ў Брэсце чытку п’есы Пражко «Майткі» мы ад безвыходнасці паказалі анлайн. І сталіся першым у Беларусі інтэрнэт-тэатрам.
«Майткі», рэж. А.Гайко 2012 / фота з архіву тэатра

«Майткі», рэж. А.Гайко 2012 / фота з архіву тэатра

— З чыноўнікамі зразумела. А як простая публіка рэагуе на вашыя вулічныя выступы?

А. Г.: Дзесяць гадоў таму, захапіўшыся подзвігамі польскай «Аранжавай альтэрнатывы», мы, разубраныя ў дурныя касцюмы, прыйшлі на плошчу з барабанамі і газетай «Навінкі» (яна тады яшчэ выходзіла). Людзі радасна адвярнуліся ад трыбуны з чыноўнікамі і слухалі такіх вось «клоўнаў». Але пасля гэтага мяне выклікалі на «размову», дзе абвесцілі, што мы небяспечныя для грамадства і што цяпер на нашыя спектаклі будуць прыходзіць так званыя «мастацкія» камісіі.

Калі адкрывалі тэатральны фестываль «Белая Вежа» парадам «Малефіцыюм», дырэктар фэсту сказаў, што такую назву — Свабодны тэатр — ён не напіша ў афішу. Гэта быў 2009 год, Беларускі свабодны тэатр ужо добра ведалі, і ён быў у неафіцыйных чорных спісах. Дырэктар фестывалю ўвогуле не дапусціў бы нас да ўдзелу, але ўжо вельмі панадліва было адкрыць «Белую Вежу» такім яскравым феерычным дзействам. Праўда, ніхто з гледачоў так і не даведаўся, хто мы такія і што гэта ўвогуле тэатр з Брэсту.

— Беларускі свабодны тэатр стартануў у 2005 годзе. Як хутка вы пра іх даведаліся?

А. Г.: Яны досыць хутка сталі вядомымі.

І спачатку нас гэта весяліла: відаць, аднаго Свабоднага тэатру гэтай краіне было недастаткова, павінен быў з’явіцца яшчэ адзін.

Але, вядома, нас гэта ўсё непасрэдна тычылася. Да сваёй уласнай «славы» дадаліся яшчэ і асацыяцыі з імі. Напрыклад, вешаем афішы — і адразу выклікі. Нават забаранялі спектаклі. Тэлефануюць за дзень і кажуць, што спектаклю не будзе. У рэшце рэшт тлумачыць надакучыла, і мы вырашылі змяніць назву.

— А чаму «Крылы халопа»?

А. Г.: «Крылы халопа» — так называўся адзін з першых беларускіх фільмаў. Мы так доўга крычалі пра свабоду, а потым пасталелі і зразумелі, што нічога асабліва не змяняецца і самі мы не свабодныя. Хутчэй, халопы, якія спрабуюць адпусціць сабе крылы. Так склалася канчатковае абгрунтаванне: халоп, які спрабуе адпусціць сабе крылы. Мы арганізавалі пышнае пахаванне Свабоднага тэатру: на працягу месяцу паказвалі спектаклі і ладзілі дыскусіі, канцэрты — і абвесцілі пра сваю смерць і нараджэнне.

«Працэс» па Ф.Кафке, рэж. А.Гайко 2007 / фота з архіву тэатра

«Працэс» па Ф.Кафке, рэж. А.Гайко 2009 / фота з архіву тэатра

— Асобным напрамкам вашай дзейнасці ёсць сацыяльныя праекты, у прыватнасці, праца з дзецьмі. Як з’явілася такое жаданне?

А. Г.: Такую форму мы запазычылі ў тэатру «Рэмус» з Варшавы. Эўжэніё Барба называе гэта «бартэр», калі ты прыязджаеш кудысьці са сваёй ідэяй, потым працуеш з людзьмі, вучыш, бярэш нешта ад іх — і атрымліваецца сумесны прадукт. З тэатрам «Рэмус» мы працавалі на вуліцах варшаўскай Прагі з дзецьмі і падлеткамі, у дамах састарэлых, наркалогіі, нават у лагеры для чачэнскіх уцекачоў пад Варшавай.

Потым паспрабавалі займацца падобным у Беларусі. Але, на жаль, мы робім не так шмат, як хацелі б. Трэба зарэгістравацца, каб атрымліваць хоць якое фінансаванне на падобныя праекты. А нам ужо два разы адмовілі ў рэгістрацыі. Тое, што мы можам і робім пакуль, — гэта паказы спектакляў у дзіцячых дамах. Дзеці з дамоў таксама ўдзельнічалі ў парадзе, рабілі маскі. Летась узімку мы паехалі ў вёску пад Камянцом,у дзіцячы дом для дзяцей з дыягназамі. Паказалі ім «Як Каза за сонцам хадзіла», дзеці таксама ўдзельнічалі і былі ў захапленні. Гэты дзіцячы дом стаіць проста пасярод поля, гэтыя дзеці абсалютна адрэзаныя ад соцыуму. У Польшчы, напрыклад, такія людзі абсалютна нармальна могуць функцыянаваць у грамадстве, а нашых ізалююць, як быццам яны пракажоныя. Мала таго, гэта вельмі ўспрымальныя, спагадлівыя, эмацыйныя дзеці. Бывае, даводзіцца чуць: «Мама, забяры мяне адсюль!» — і раздаваць па кавалачках рэквізіт на падарункі.

Акрамя таго, мы стараемся ўсяляк удзельнічаць у праектах з недзеяздольнымі людзьмі. Наша добрая сяброўка даўно займаецца арт-праектамі ў інтэрнаце Навінкі. Мы прыязджаем да гэтых людзей з трэнінгамі, спектаклямі. І магу сказаць, што яны (як і тыя дзеці) — самая нашая ўдзячная аўдыторыя.

— Ці можна сказаць, што ваш тэатр максімальна блізка спрабуе падысці да рэчаіснасці, пазбавіцца ад такой высокай тэатральнасці?

А. Г.: Так, мне заўсёды падабалася тое, што можна назваць «нізавой» культурай: калі хлопцы стукаюць у барабаны на вуліцы, робяць фаер-шоў, чытаюць рэп альбо танчаць капаэйру. І мне заўсёды падабалася працаваць з людзьмі, якія не маюць дачынення да тэатру. Напрыклад, як паўстаў «Малефіцыюм». Для мяне гэтая гісторыя вельмі важная, я люблю прыводзіць яе ў прыклад. Справа ў тым, што толькі ў Беларусі ў нас заўсёды пыталіся, ці маем мы прафесійную адукацыю. Хаця пры адборы на польскія фестывалі гэта нікога не хвалявала: глядзелі відэа работ, і гэтага было дастаткова. Але тут па-іншаму. Нас ніколі не дапускалі да ўдзелуў праграме фэсту «Белая вежа», таму што мы аматары.

Нам увесь час паказвалі, што на культурнай мапе гэтага гораду, гэтай краіны мы ніхто. У нейкі момант мы вырашылі, што можам паказаць гэтаму гораду і гэтым «прафесіяналам», што людзі, якія ходзяць па вуліцах, таксама ў стане зрабіць твор мастацтва.

У парадзе бралі ўдзел 25 чалавек, з іх толькі 7 акцёраў. Астатнія — фаершчыкі, барабаншчыкі, хлопцы з турыстычнага клубу, якія маглі круціць сцягі. Атрымалася раскошнае карнавальнае шэсце, якое, як мне здаецца, стала ў Брэсце маніфестам супраць фанабэрыстасці «прафесіяналаў». Але сёння ўсё ўжо выглядае па-іншаму. Нядаўна адна журналістка сказала мне, што мы рухаем наш Брэсцкі тэатр драмы наперад: пасля нашага Пражко — яны паставілі Пражко, пасля нас і ў іх з’явіўся вулічны спектакль. Здаецца, яны расцэньваюць нас як канкурэнтаў. Гэта нават смешна, таму што мы робім розны тэатр. Але стаўленне ў мясцовых «прафесіяналаў» да нас вельмі нервовае. І мала таго, брэсцкія «мастадонты» рэжысуры прымаюць актыўны ўдзел у «закрыцці» нашых спектакляў на камісіях.

kryly_chalopa

«Малефіцыюм», рэж. А.Гайко 2007 / фота з архіву тэатра

— Ты сказала «твор мастацтва». А што гэта асабіста для цябе значыць?

А. Г.: Мяне не цікавіць мастацтва, якое ствараецца з мэтаю забаўляць, ствараць умовы для адпачынку. Амаль увесь беларускі тэатр у Брэсце дакладна такі. Чамусьці лічыцца, што чалавек, які прыходзіць у нашыя тэатры, павінен паглыбіцца ў дрымоту і атрымліваць асалоду ад цудоўнай музыкі, касцюмаў, прыгожых акцёраў, якія прыгожа гавораць.

Мне ж цікавыя якраз тое мастацтва, такі тэатр, якія, наадварот, не даюць спаць. Ставіць важныя пытанні, вярэдзіць раны, дакопвацца да сутнасці, будзіць — вось што прымушае галаву і сэрца працаваць. Гэта, хутчэй, дыскамфортнае мастацтва.

— Вашая апошняя праца звязаная з Чарнобыльскай тэмай. Гэта, наколькі я разумею, спроба пачаць працаваць у напрамку дакументальнага тэатру?

А. Г.: Так, гэта нашая першая спроба працы ў такім кірунку Я даўно сачу за тым, што робіцца ў дакументальным тэатры. Ды і сама адчуваю, што стамілася ад тэатральшчыны. Мы пачалі праект пад назвай «Гісторыя Беларусі» і плануем цэлы шэраг спектакляў, якія будуць распавядаць менавіта пра сучасную гісторыю нашай краіны.

Я ўсвядоміла раптам, што дрэнна разумею, дзе жыву. Чаму людзі думаюць так, чаму баяцца пераменаў, у чым прычыны таго, што бачу вакол? Ёсць шмат пытанняў, і гэты праект — найперш спроба нам самім усвядоміць усё гэта. Наўрад ці нашыя спектаклі дадуць адказы, але яны зададуць пытанні, і гэта важна.

Было шмат тэмаў, але тэма Чарнобылю ўзнікла нечакана. Мы працяглы час ездзім улеткуна фестываль у польскі тэатр Венгайты. Гэта нашыядобрыя сябры — такі вельмі спецыфічны вясковы тэатр. Іх фестываль сумяшчае ў сабе тэатральныя паказы, дыскусіі на экалагічныя тэмы і сацыяльную анімацыю. У нас з экалагічнай адукацыяй наогул бяда, а Венгайты якраз прымусілі мяне задумацца пра гэта. Не тое што мы пра гэта не думалі, але гэта як быццам было на перыферыі нашага зроку. Потым нас запрасілі са спектаклем «Званіцьляцець» у Любятава на Балтыку ў антыатамны лагер. Антыатамшчыкі раптам прыйшлі ў захапленне ад нашага Хармса: у прасторы сур’ёзнасці і пратэсту паўсталі дурныя хармсаўскія персанажы. Нашыя сябры пераканалі нас удзельнічаць у антыатамнай дэманстрацыі ў Гданьску. Хармсаўскія героі ўзялі плакацікі накшталт: «Антаніна Паўлаўна супраць атаму», — і пайшлі. Гэта вельмі ўпрыгожыла шэсце.

А потым я пачытала пра будаўніцтва АЭС у Астраўцы і падумала, што зусім нічога не ведаю пра Чарнобыль. Таму вырашыла паехаць у чарнобыльскую зону іўбачыць, што там цяпер. Нашыя хлопцы спачатку сказалі, што гэта поўнаябязглуздзіца. Але ўсё ж спадарожнікаў я знайшла. Выявілася, што гэтая трыццацігадовая гісторыя непасрэдным чынам датычыцца нас сённяшніх. І статыстыка па анкалогіі, і прадукты харчавання, і адмены льготаў чарнобыльцам, і радыяфобія — Чарнобыль уплывае на нашую сучаснасць.

І вось што дзіўна: у краіне, найбольш пацярпелай ад мірнага атаму, будуюць АЭС, а людзі маўчаць і ніяк не выказваюцца.

Чаму? Гэта таксама вельмі цікава: чаму нашыя людзі ўвесь час маўчаць? Потым я ўлезла на форумы з нагоды гэтай будоўлі і зразумела, што ўсё ж такі нешта кажуць, хоць і ананімна. Вось гэтыя форумы і сталіся драматургіяй спектаклю. Акрамя іх часткаю спектаклю сталі інтэрв’ю людзей, якія былі вымушаныя з’ехаць з пацярпелых раёнаў, і відэаматэрыялы з экспедыцыяў.

Падчас экспедыцыі ў Чарнобыльскую зону  / фота з архіву тэатра

Падчас экспедыцыі ў Чарнобыльскую зону / фота з архіву тэатра

— Гэтую працу вы ўжо паказвалі дзе-небудзь?

А. Г.: Як work-in-progress мы паказвалі яе ў Даніі на жаночым тэатральным фэстывалі, куды з усяго свету з’язджаюцца жанчыны — рэжысёркі і актрысы. Потым паказалі ўжо ў Венгайтах. Зараз рыхтуем прэм’еру на тэатральным фэсце ў Познані. У працэсе працы пачалі выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, накшталт анлайн-камеры. Упершыню гэта робім, але вельмі цікава асвоіць.

— Гэта значыць, нягледзячы ні на штоваш погляд упэўнена скіраваны ў будучыню?

А. Г.: Так, несумненна, пры гэтым я адчуваю, што мы ўжо даўно перараслі рамкі тэатру. Тое, што мы зараз робім у Брэсце, у рэгіёне, — гэта ўжо больш за тэатр. Мы распачалі працу адукацыйнай платформы ў Брэсце: ладзім лекцыі, сустрэчы, звязаныя з мастацтвам. І ўжо сталіся пераможцамі конкурсу «На шляху да сучаснага музею» у рэгіёнах.

Мяне вельмі цікавяць культурныя праекты, што адбываюцца ў Брэсце, магчыма, звязаныя з сучасным мастацтвам, музейнай справай, гістарычнай памяццю нашага гораду. Напрыклад, для мяне дзіўна, што ў XVIII стагоддзі Брэст быў цалкам разбураны, перанесены на тры кіламетры, дзе і была пабудаваная крэпасць. Для гэтага былі знішчаныя ўсе касцёлы. А потым, на пачатку Першай сусветнай вайны, гэты няшчасны горад зноў увесь спалілі, каб не аддаць непрыяцелю. Цяпер у нас вельмі расейскі горад, вельмі шмат перасяленцаў з Расеі. У мяне аднойчы дырэктар Цэнтру культуры пытаецца, навошта мы робім афішы на беларускай мове, маўляў, вось зайшла жанчына і сказала, што не разумее, што напісана на афішы. Ці габрэйская гісторыя нашага гораду, пра якую ніхто не ведае, — пра гета, пра тысячы забітых габрэяў на пачатку вайны.

Усе гэтыя гісторыі дзіўныя. Шмат тэмаў для асэнсавання і творчых дзеянняў, як мне здаецца.

Гутарыла Таня Арцімовіч, кастрычнік 2013

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2017. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус