ПАРАДОКС АДЗІНОТЫ

25 траўня Беларускі ПЭН-цэнтр назваў лепшыя кнігі года, якія выбіралі самі пісменнікі. Падчас сустрэчы адбылася таксама дыскусія, у межах якой кранулі і пытанне пісьменніцкай супольнасці. Вольга Гапеева, чыя кніга «Сумны суп» перамагла ў намінацыі  «Дзіцячая літаратура», успомніла пра гэтае эсэ, напісанае год таму і прысвечанае — адзіноце.  

sazykina

Вольга Сазыкіна. З серыі «A Diary of Breath» (1997)

Калі я першы раз перасякала аўстрыйскую мяжу, стаяў 2005 год. Гэта было па дарозе ў Славенію на літаратурны фестываль. Прызнацца шчыра, сустрэлі нас памежнікі не самым ветлівым чынам. Разам з мужчынамі мусульманскай знешнасці мяне і двух маіх калегаў знялі з цягніка для больш пільнай праверкі пашпартоў, засумняваліся ў візах ці яшчэ што. Адбыўся скандал, у выніку якога маёй калезе анулявалі візу і пасадзілі ў цягнік адваротнага кірунку. У рэшце рэшт усё скончылася добра, але, як кажуць, успаміны пра «аўстрыйскую гасціннасць» засталіся.

Якім жа было маё здзіўленне, калі, патрапіўшы ў Грац на літаратурную стыпендыю, я пабачыла зусім іншую краіну і зусім іншых людзей. Праз год я трапляю ў Вену — і зноў мне адкрываюцца новыя грані Аўстрыі. Ці, можа, гэта Аўстрыя дапамагае мне адкрываць новыя грані сябе?

Першы вечар у венскай кватэры — вывучаю геаграфію месца, звыкаюся з новымі рэчамі і рэльефам. У агульным пакойчыку стосы кніжак на паліцах — зараз падбяру штось для чытва, думаю я. Бяру першую кніжку — Роберт Музіль, — разгортваю і бачу, што не разумею напісанага: гэта не нямецкая, гэта эстонская. Бяру наступную — Вальтэр Беньямін, і тут незадача — ён на македонскай. Юрген Хабермас аказаўся на турэцкай, Франц Кафка і Петэр Слотэрдайк — на славенскай. Сутыкненне з венскай шматмоўнасцю пазней толькі пацвярджалася і замацоўвалася шпацырамі, паездкамі ў цягніках і трамваях, у крамах і парках. Што-што, а нямецкую я чула на вуліцы радзей за ўсе іншыя мовы. У такіх умовах робішся асабліва патрабавальнай да ўласнай мовы, маўлення, старанна вывяраеш кожнае слова, якія, аднак, асабліва няма каму прамаўляць — хіба што толькі сабе?

І вось аднойчы прыходзіць разуменне, што ты не адна ў пакоі, што разам з табой жывеш… ты сама. Такі парадокс адзіноты. Часта самота ўспрымаецца як нешта паэтычнае, за што і чапляюцца паэты, але сапраўдная адзінота стаіць далёка ад паэзіі. Гэта жорсткі, бязлітасны стан, як жабрацтва або калецтва, да якіх грамадства не вельмі прыстасавана і ўпарта заплюшчвае вочы, прыкідваецца, што іх: самотных, жабракоў і ўсіх іншых у фукіянскім разуменні, — няма.

Два месяцы ў кватэры на Зеегасэ далі мне магчымасць сустрэцца са сваёй аўтэнтычнай адзінотай, у якую я так доўга адмаўлялася верыць, надзяляючы яе нейкай паэтычнасцю і чароўнасцю. Я нарэшце жыла з сабой і толькі з сабой — тое, да чаго я так даўно імкнулася. Яшчэ ў першы тыдзень я склала спіс месцаў, музеяў, якія варта было б наведаць, і кожны раз, ідучы туды, я на нешта спадзявалася. Нават не ведаю, на што. Можа, што сустрэну цікавага чалавека, з якім ці якой потым можна будзе зайсці ў кавярню і проста пабалякаць ні пра што? Або камусьці спатрэбіцца мая дапамога? Але ва ўсіх залах, ва ўсіх музеях я сустракала толькі сябе.

Аднойчы на трамвайным прыпынку, вяртаючыся з прэм’еры «Арфея і Эўрыдыкі», я зразумела, што дайшла да пэўнай (ледзь не апошняй) кропкі ў адкрыцці сваёй адзіноты. Мне так бракавала размовы, абмену думкамі, што я пасунулася бліжэй да пары, якая стаяла на прыпынку і абмяркоўвала пастаноўку. Падышоў трамвай, я села так, каб магчы лавіць кожнае іх слова, каб адчуць, што я магу перасякацца з іншымі людзьмі, што я не паралельная рыска, якая прабягае сваю траекторыю ў поўнай ізаляцыі. Але трамвай грукатаў, і да мяне даляталі толькі асобныя зычныя і галосныя, якія ўпарта не хацелі складвацца ў словы.

Вена падаравала мне найкаштоўнейшы досвед сутыкнення з сабой, са сваёй магчымай адзінотай. Хачу спадзявацца, што мадальнасць магчымасці не заменіцца на мадальнасць неабходнасці, павіннасці, імператыву, хаця, як і кожны паэт, я цудоўна ведаю, як выглядае самота.

***

мне ў самоце

ёсць справа да іншых целаў

сур’ёзная важная справа

я хачу ў іх папытацца як змяшчаць сябе ў прасторы

нямога гораду

куды падзець рукі, як ставіць ногі

і што рабіць з галавою

заплечнік або кішэні ратуюць часткова

пэўна тая што іх прыдумала

таксама была самотнай або рахманай

 

я вельмі баюся на вуліцы

спынення ветру руху

калі ніякага дакранання апроч за дотык адзення

няма

і сцішна што не будзе ўжо ніколі

для самотнага чалавека вецер

гэта той сябра што абдымае, кудлаціць фрызуру

шапоча ў вуха нешта

пра аспарагус

і ты пачынаеш размову

сам-насам з ім, а мінакам падаецца што

ў цябе гарнітура

раней бы адразу падумалі з’ехала з глузду

ўсё ж такі ёсць нейкі сэнс у тэхнічным прагрэсе

 

пакінуты ўсімі ў тым ліку і галубамі прыпынак трамвайны

быццам партэр з якога я назіраю за эмігранцкімі дзецьмі

і адчуваю як хочацца кідаць мяч і гуляцца ў «сіфу»

столькі руху і дотыкаў столькі да целаў іншых

было

квінтэсенцыяй суму і гарадской самоты я назаву

кабінку ў краме, дзе мераюць рэчы

месца, якое тваё на хвіліну і на адкрытую вечнасць

дзе хаваюцца боль і крыўда

і нараджаецца вера ў тое, што

зараз выйду — і ўсё стане лепей, прыгажэй і прыязней.

 

вечар стрымана паабяцае застацца побач пакуль не засну

і сыходзячы забудзецца вымкнуць святло

быццам і не было тут

нікога

Вена, красавік — травень, 2014

Вольга Гапеева

На вокладцы фрагмент працы з серыі «A Diary of Breath» (1997) Вольгі Сазыкінай

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology