ВІЦЕБСКІЯ ПАЛЯРОІДЫ 1990-Х: ПОШУК І ЗДАБЫЦЦЁ СТРАЧАНАГА ЧАСУ

У той час як модныя сталічныя куратары займаюцца прыдумваннем новых візуальных моваў і гульнямі ў беларускую інтэрпрэтацыю «сучаснага», шэраг маладых даследчыкаў звяртаюць свой позірк на ўласна персанальныя тэмы, адной з якіх з’яўляецца праблема калектыўнай памяці беларусаў.

Апошнія месяцы гэтае паняцце не раз актуалізоўвалася ў мастацкіх і культуралагічных дыскурсах, дастаткова ўзгадаць, напрыклад, праект «Архіў сведкі вайны», які прадстаўляе Беларусь на 56-м Венецыянскім біенале, альбо нядаўнюю выставу «Мінск. Нонканфармізм 1980-х», паказаную ў галерэі «Ў». Выключна станоўчым з’яўляецца і той факт, што вывучэннем калектыўнай памяці пачынаюць займацца і сціплыя прыватныя ініцыятывы з абласных гарадоў краіны, сярод якіх — віцяблянін Аляксандр Веледзімовіч.

Аляксандр Веледзімовіч падчас прэзентацыі праекта

Аляксандр Веледзімовіч падчас прэзентацыі праекта

Сіламі заснавальніка «Віцебскіх Фотамайстэрняў» на пляцоўцы «Арт-прастора на Талстога, 7» у пачатку чэрвеня быў праведзены практыкум пад настальгічнай назвай «Пошук страчанага часу». У межах гэтага мерапрыемства любы зацікаўлены тэмай чалавек мог прынесці тры паляроіды са свайго сямейнага альбома і прыняць удзел не толькі ў абмеркаванні і групавым канструяванні «калектыўнай памяці», але і, уласна, у фармаванні экспазіцыі, якая стала даступнай шырокай публіцы з 12 чэрвеня.

Што ж уяўляюць з сябе значныя, «вырашальныя» і не вельмі, моманты, схопленыя на глянцавай паверхні імгненных здымкаў беларускіх 1990-х? І якую ролю ў рэканструкцыі падобнага стыхійнага архіва сям’і памерам у краіну сыграла фатаграфія?

Як паказала выпадковая выбарка паляроідаў, прадстаўленых у «Пошуку страчанага часу», рэальнасць постперабудовачных 1990-х была бязмежным полем для фатаграфічных практыкаванняў. Нягледзячы на пэўную папулярнасць і моду, паляроідны фотаапарат усё яшчэ заставаўся дарагойзабавай, даступнай не шмат каму, а значыць да выбару аб’ектаў для здымкі падыходзілі вельмі сур’ёзна. Аналізуючы лакацыі і захаваных у іх людзей, можна паспрабаваць аднавіць карціну каштоўнасцяў аднаго з апошніх савецкіх пакаленняў.

У іерархіі каштоўнасцяў прадказальна для беларускага грамадства лідзіруюць сям’я і дзеці. Прычым дзяцей часта здымалі асобна, буйным планам, на фоне яшчэ аднаго найважнейшага сімвалічнага капіталу тых часоў — знакамітага савецкага дывана. Сам куратар выставы характарызуе гэты блок здымкаў як «бясконцыя» сумныя «фотакарткі з аднастайна прыгорнутымі адзін да аднаго людзьмі», але важнасць такіх фатаграфій пры стварэнні асабістага архіва кожнай канкрэтнай сям’і складана пераацаніць. Дзеці — як рэалізацыя асноўнага сэнсу жыцця чалавека. Дыван — як своеасаблівы сімвал хатняй выгоды. Дзяцей яшчэ ў часы СССР здымалі ў розным узросце, часта падпісваючы пад здымкам дакладную дату і нагоду (напрыклад, Новы год, шпацыр у парку) альбо паказваючы, амаль у традыцыях засечак на дзвярным вушаку, узрост сфатаграфаванага дзіцяці.

DSCF0640

Вядомы французскі крытык Андрэ Руе пры апісанні жанру сямейнай фатаграфіі прыводзіць у якасці адной з яе вядучых асаблівасцяў дыялагічнасць. Ён адзначае, што высокая інтэнсіўнасць дыялогу прадугледжвае шчыльнае далучэнне жыцця таго, хто фатаграфуе, з адбіткам — аб’ектам — Іншага: часцей за ўсё бацькам, маці, дзіцём, сваякамі альбо сябрамі. Дадзеную рысу можна з лёгкасцю прасачыць і на ўсіх паляроідах віцебскай выставы: як дзеці, так і дарослыя знятыя ў штодзённым выглядзе, часта ў асяроддзі не толькі значных для іх чальцоў сям’і, але і сімвалічных аб’ектаў. Дзеці, напрыклад, пазіруюць у святочнай вопратцы з цацкай, хатняй жывёлай ці кветкамі ў руках. Дарослыя — ля накрытага з розных нагодаў стала (як дома, так і на прыродзе), закліканага дэманстраваць багацце і дабрабыт сям’і, побач з аўтамабілем альбо падчас экскурсій. Цікава адзначыць, што дзеці пазіруюць без сарамлівасці і заціснутасці, якія часта можна ўбачыць на «дзяжурных» фотаздымках, выкананых прафесійнымі фатографамі ў студыі.

Так, сітуацыя паляроіднага здымка выдае таго, каго мы не бачым па той бок аб’ектыва — блізкага чальца сям’і, і ў чарговы раз падкрэслівае важнасць гэтага тыпу дакументу для аднаўлення сацыяльнага і культурнага кантэксту краіны.

Важна таксама памятаць: «афіцыйны» візуальны дыскурс першых гадоў перабудовы меркаваў стварэнне цалкам іншай карціны свету, якая фармавалася пры дапамозе трансляцыі «ідэальных узораў» прадстаўнікоў постсавецкага грамадства, паўсюдна прысутных на старонках газет, часопісаў і таго візуальнага стылю, што застаецца актуальным для дзяржаўнай сацыяльнай рэкламы.

DSCF0677

Яшчэ адной цікавай асаблівасцю сабранага візуальнага матэрыялу з’яўляецца выдзелены Аляксандрам Веледзімовічам блок «выпадковых шэдэўраў», які можна лагічна аб’яднаць са здымкамі, выкананыміў «па-сапраўднаму аматарскім стылі» невырашальных імгненняў. «У выпадковых шэдэўрах, — як адзначае Аляксандр, — форма дамінуе над зместам, прыгожа спалучаюцца колеры, а рэальнасць становіцца абстракцыяй», у той час як царства аматарскіх кадраў мае шмат прасветаў, закрытыя вочы, наслаенні аб’ектаў. З’яўленне такіх фатаграфій натуральнае для гэтага жанру. Вытворчасць сямейнай фатаграфіі першапачаткова не звязваецца з наяўнасцю высокіх навыкаў; майстэрства для тых, хто робіць здымак, не здаецца неабходным. Важнасць у сітуацыі здымка мае сам працэс фатаграфавання як акт узаемадзеяння са значным Іншым у сітуацыі, якую, з асабліва асабістых прычынаў, было вырашана ўвекавечыць. «…Майстэрства даволі мала дадае да сямейнага кадра, дзе адносіны і пачуцці дамінуюць над якасцю выявы, дзе выказванне ў рэшце рэшт аказваецца важней, чым дэнатацыя альбо мастацтва», — каментуе Андрэ Руе. То-бок «экспрэсіўнае схопліванне» вокамгненнай сцэны на шкоду фармальным і тэхнічным правілам і ёсць той звышмэтай фатографаў-аматараў.

 

Адбор фотаздымкаў для экспазіцыі

Адбор фотаздымкаў для экспазіцыі

Пераасэнсаванне жанру сямейнай фатаграфііўжо даўно знаходзіцца ў сферы пільнай увагі сучасных расійскіх і замежных фатографаў. Бліскучых праектаў, выкананых нашымі суседзямі, сёння сапраўды шмат: гэта і знакаміты «У пошуках бацькі» Наталлі Рэзнік, уражлівыя па маштабе экспазіцыі Эрыка Кеселса, фотакнігі «Адрас» Юліі Барысавай і «Recall» Анастасіі Багамолавай. У Беларусі, нягледзячы на шырокую даступнасць візуальнага матэрыялу, праца з сямейнымі здымкамі толькі пачынаецца.

Сціплая ініцыятыва «Віцебскіх Фотамайстэрняў» паказала, наколькі вялікая цікавасць звычайных людзей да калектыўнай памяці, роўна як і іх гатоўнасць зазірнуць, на імгненне задумаўшыся пры выбары трох картак, у фотаальбом сваёй сям’і — і ў сваю ўласную памяць.

Вольга Бубіч

Фатаграфіі // Віцебскія майстэрні

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology