Андрэй Лянкевіч, «Менск. Нонканфармізм 1980-х», праект Аляксея Шынкарэнкі і інш.

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Сяргей Шабохін, мастак, куратар:

12432829_10206469635434482_1827308658_o

Галоўнай падзеяй у беларускай культуры ў цэлым, вядома, стала ўручэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры. У сучасным беларускім мастацтве чалавекам года я б з упэўненасцю назваў Андрэя Лянкевіча: ягоная дзейнасць натхняе. Ён не толькі стварае выдатныя праекты (напрыклад, апошні праект «Бывай, Радзіма!»), але і разам са сваёй камандай падняў планку «Месяца фатаграфіі», з’яднаўшы рэкордную колькасць інстытуцый у межах аднаго фестывалю. Плюс ён адзін з арганізатараў прэміі «Прафота», адзін з кіраўнікоў прасторы «ЦЭХ» і атрымаў галоўную прэмію «Арт-Беларусь» у межах «Восеньскага салона з «Белагазпрамбанкам». Да слова, гэтая падзея прайшла комам, кепска вытрымлівае крытыку, і наступным разам камандзе неабходна моцна змяніць фармат мерапрыемства, але захаваць прэмію і ўзняць яе на прыстойны ўзровень.

З істотных выстаў года магу ўзгадаць «Месяц фатаграфіі ў Менску», праект-дакумент «Менск. Нонканфармізм 1980-х», парадавала выстава «Людміла Русава. Татальны перформанс» (куратарка Таццяна Арцімовіч паказала Русаву менавіта як перформерку, што важна, паколькі ўсе выставы пра Русаву паказвалі яе габеленамі, графікай і жывапісам), выставу аб прагрэсіўным разуменні пустэчы ў маладых мастакоў «Вымярэнні пустэчы», фестываль «Мэйкаўта». Магу таксама ўзгадаць праект Аляксея Шынкарэнкі на Венецыянскім біенале, хоць праекту давялося перажыць багата палак у колах ад дзяржаўнай сістэмы культуры.

Кажучы пра ўласную дзейнасць, адзначу, што год выявіўся плённым: з камандай экспертаў запусцілі інтэрнэт-платформу KALEKTAR.org, якая яднае шматлікія раздробленыя праекты. Напрыклад, мы ўжо да канца года ўнеслі ў энцыклапедыю больш за 300 тэрмінаў і працягваем напаўняць рэсурс надалей, адновім гісторыю самых важных выстаў, распрацуем вялікі гласарый. Галоўным рэсурсам платформы з’яўляецца праект «ZBOR» – эксперты абралі для яго 40 розных паводле пакаленняў і стратэгій твораў беларускага мастацтва з 1970-х па наш час, і на базе іх выбару мы замовілі даследчыя эсэ, якія змяшчаюцца на сайце. Але галоўнае – мы адкрылі маштабную выставу, дзе былі апісанні, рэпрадукцыі і некаторыя арыгінальныя творы гэтых выбраных мастакоў і калектываў. Да выставы прыкутая вялікая ўвага замежных партнёраў і спецыялістаў – праект чакаюць шырокія гастролі ды іншыя метамарфозы. Мы, вядома, працягваем пашыраць калекцыю, паколькі 40 твораў не могуць цалкам акрэсліць ключавыя мастацкія стратэгіі ў мастацтве Беларусі.

Выстаў было шмат, але хацелася б згадаць крытычны праект «Дыплом», які мы арганізавалі разам са студэнтамі Акадэміі мастацтваў і нашым Факультатывам Агітацыйнай Крытыкі (ФАК). Таксама парадаваў удзел у выставе куратаркі Ілоны Дзяргач «Сацыяльная рашотка».


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology